З высокім узроўнем эмпатыі

- 9:41Дырэктарскі клуб, Суразмоўца, Суразмоўца

Сучасная, спартыўная, інавацыйная, змястоўная, духоўная. Менавіта такі асацыятыўны рад будуецца пасля наведвання гімназіі № 1 Астраўца, што на Гродзеншчыне. Сёння дырэктар установы Алена Севасцьян дзеліцца кіраўніцкімі сакрэтамі і планамі.

— Алена Чаславаўна, вы ўзначальваеце гімназію з 2014 года. Як сябе адчуваеце ў гэтай ролі?

— Прапанову стаць дырэкта­рам я атрымала пасля ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік года” (стала фіналістам у намінацыі “Замежная мова”). Скажу шчыра: было страшнавата, але вырашыла паспрабаваць. Падбадзёрвала сябе тым, што, калі не атрымаецца, заўсёды змагу працаваць настаўнікам. Вельмі ўдзячна калектыву за падтрымку. Трэба зазначыць, што першая гімназія была заснавана на базе сярэдняй школы № 2 Астраўца, куды ў свой час прыйшла працаваць маладым спецыялістам. У выніку ўзначаліла свой жа калектыў. Канечне, за час кіравання я змянілася. Сфарміравалася іншае бачанне працэсу кіравання. Цяпер гэта ў большай ступені пра мене­джмент. Калі ў пачатку сваёй дырэктарскай дзейнасці я адразу ставіла  мэту, а пасля падбірала інструменты для яе дасягнення, то цяпер ужо на этапе фарміравання мэты раблю аналіз наяўных рэсурсаў. Думаю пра затратнасць і энергаёмістасць новага праекта. Задаюся пытаннем: ці апраўдвае мэта сродкі? За час працы дырэктарам навучылася раздзяляць першаснае і другаснае, правільна расстаўляць акцэнты. Усвядоміла сваё месца ў кіраванні гімназіяй. На мой погляд, дырэктар — гэта чалавек, які найперш павінен ства­раць спрыяльныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу — вучняў, настаўнікаў, бацькоў. Спрыяльныя — значыць камфортныя, развіццёвыя, бяспечныя. 

— Перакваліфікавацца з настаўніка ў дырэктара — справа няпростая: іншы маштаб. Даводзіцца пашыраць свае гарызонты па ходу справы. Што вам дапамагло адчуць сябе больш упэўнена?

— Адукацыя. У свой час я скончыла Мінскі педагагічны каледж (атрымала спецыяльнасць “Выкладанне ў пачатковых класах, вык­ладчык англійскай мовы”), пасля — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (спецыяльнасць “Правазнаўства”), затым адвучылася ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перапад­рыхтоўкі  БДПУ імя Максіма Танка (спецыяльнасць “Педагагічная дзейнасць спецыяліста”). У адміністрацыйнай дзейнасці больш за ўсё, канечне, спатрэбілася тое, што вывучала ў Акадэміі кіравання: працоўнае права, асаблівасці дагаворных абавязацельстваў з падрадчыкамі і субпадрадчыкамі, правілы правядзення закупак і інш. На сёння педагагічная адукацыя для дырэктара — гэта толькі адзін са складнікаў яго паспяховай дзейнасці, бо патрэбны яшчэ юрыдычныя, псіхалагічныя веды і навыкі.

 

Чытайце матэрыял Вольгі Дубоўскай у нумары ад 16 снежня 2022 года.