З якімі дасягненнямі падыходзяць школьнікі да заканчэння навучальнага года, расказала Наталля Каліноўская

- 10:09Образование

Сёлета на Брэстчыне атэстаты сталасці атрымаюць 9,8 тысячы адзінаццацікласнікаў (летась 9,2 тысячы), з якіх 780, як чакаецца, будуць адзначаны залатымі ці сярэбранымі медалямі, расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская.

— 30 выпускнікоў — пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды — змогуць пасту­піць ва ўстановы вышэйшай адукацыі без уступных выпрабаванняў, а 151 адзі­наццацікласнік — пераможца абласнога этапу рэс­публіканскай прадметнай алімпіяды — зможа паступіць у рэгіянальныя УВА на тых жа ўмовах. 422 вучні педагагічных класаў маюць ільготы пры паступленні на педспецыяльнасці, 206 вучняў аграрных класаў — пры паступленні на асобныя сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, 279 навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў — пры паступленні на асобныя спецыяльнасці сілавых УВА. Больш за 30% дзевяцікласнікаў працягнуць навучанне ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі,  — адзначыла суразмоўніца. — У школах, гімназіях і ліцэях вобласці створаны роўныя магчымасці для вывучэння на павышаным узроўні прадметаў з 8 класа за кошт факультатыўных заняткаў. Што да профільнага навучання, то ў 86 установах адукацыі Брэстчыны дзейнічаюць педагагічныя, у 36 — ваенна-патрыятычныя, у 5 — спартыўна-педагагічныя, у 69 — аграрныя, у 31 — інжынерныя класы.

Радуюць вынікі ўдзелу школьнікаў вобласці ў рэспубліканскіх конкурсах даследчых работ: 22 з іх былі адзначаны сёлета дыпломамі рознай вартасці. На рахунку вучняў Брэстчыны 67 дыпломаў, атрыманых па выніках заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, і 5 дыпломаў алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

Сярод неаднаразовых пераможцаў алімпіяднага руху — Аляксандр Юха з гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска, Аляксандра Багданава з сярэдняй школы № 18 Баранавіч і Міхаіл Суроўцаў з сярэдняй школы № 8 імя У.М.Карвата Брэста (па геаграфіі), Захар Цвірко з сярэдняй школы № 14 Баранавіч і Аліна Арэшка з сярэдняй школы № 2 Лунінца (па інфарматыцы), Ігар Супруновіч з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэс­та (па фізіцы), Вераніка Жыгар з гімназіі № 5 Брэста, Варвара Белаконь з гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска і Лізавета Палубок з сярэдняй школы № 24 Брэста (па рускай мове), Луіза Шуман з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэс­та (па французскай мове).

Поспехі вучняў дасягнуты дзякуючы высокаму прафесіяналізму іх педагогаў. Сярод іх — настаўніца геаграфіі Ірына Снігірэвіч з сярэдняй школы № 18 Баранавіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры Ілья Пархуціч і настаўнік фізікі Міхаіл Макаед з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, настаўнікі інфарматыкі Ірына Ганчар з сярэдняй школы № 12 Пінска і Іван Трагубаў з сярэдняй школы № 2 Лунінца, настаўніца французскай мовы Ірына Карнеева з сярэдняй школы № 15 Брэс­та, настаўніца біялогіі Ірына Богдан з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і многія іншыя. 

Дасягаць высокіх вучэбных вынікаў дапамагае добрая матэ­рыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. У бягучым навучальным годзе працягвалася аснашчэнне вучэбных кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі і працоўнага навучання школ вобласці сучасным абсталяваннем.

У сувязі з павышаным попытам на спецыялістаў інжынернага і прыродазнаўчанавуковага профіляў у 2023/2024 навучальным годзе пашырылася сетка адпаведных класаў. У 31 установе, дзе яны дзейнічаюць, створаны STEAM-класы з камплектамі робататэхнічнага абсталявання. Для ўдасканалення прафарыентацыйнай работы ў інжынерным рэчышчы заключаны трохбаковыя дагаворы аб супрацоўніцтве паміж школамі, заказчыкамі кадраў і УВА. Сярод іх — БрДТУ, БарДУ, БНТУ і ПалесДУ, ААТ “Белсолад”, ААТ “Мекасан”, РУВП “Граніт”, ВРУП “Брэс­таблгаз”, ЗАТ “Амкадор-Пінск”, ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”.

Летась па выніках ЦЭ выпускнікі школ вобласці атрымалі 282 стабальныя сертыфікаты, у 11 выпускнікоў іх па 2. Найбольшая колькасць стабальных сертыфікатаў у вучняў Баранавіч (51), Пінска (45), Маскоўскага раёна Брэста (40), Столінскага (20), Лунінецкага (15) і Іванаўскага (15) раёнаў. Сярод устаноў гэта ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, Псышчаўская сярэдняя школа Іванаўскага раёна, Вялікачучавіцкая і Дзятлавіцкая сярэднія школы Лунінецкага раёна. Па выніках мінулагодняга ЦТ у прадстаўнікоў Брэстчыны 49 стабальных вынікаў. Будзем спадзявацца, што і сёлетнія выпускнікі не падвядуць.

Патэнцыял для росту ў школьнікаў вобласці ёсць, асабліва ў Год якасці. Якасць, даступнасць і развіццё — менавіта да гэтага павінны імкнуцца ўсе работнікі сістэмы адукацыі. А лепшай матывацыяй для плённай працы з’яўляецца выніковасць намаганняў, прасякнутых любоўю да роднай зямлі, гісторыі малой радзімы, павагай адно да аднаго, падтрымкай і дапамогай у дасягненні агульных мэт.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА