Маладыя педагогі на сваім першым рабочым месцы праходзяць адаптацыю не лягчэй, чым школьнікі
ў новым калектыве. Пра тое, з чым гэта звязана і як дапамагчы настаўнікам стаць сваімі там, дзе ўсё здаецца чужым, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” растлумачыў педагог-псіхолаг Чэрвеньскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Філіп Малішэўскі.
— Філіп Аляксандравіч, з якімі праблемамі часцей за ўсё сутыкаюцца маладыя спецыялісты, калі прыходзяць на першае рабочае месца? Якія ўнутраныя, псіхалагічныя фактары ўплываюць на магчымасць іх хуткай адаптацыі?
— Найбольш часта маладыя спецыялісты сутыкаюцца з недахопам прафесійных навыкаў і вопыту. Абумоўлена гэта ўзроўнем падрыхтоўкі ва УВА, паколькі веды там даюцца па большай частцы тэарэтычныя. Калі пачынаючыя педагогі прыходзяць на першае рабочае месца, то не разумеюць, як прымяніць атрыманыя веды на практыцы.
Таксама важнай і актуальнай праблемай з’яўляецца непаразуменне з калегамі, што звязана з розніцай ва ўзросце. А пагаршацца адносіны могуць з-за неспрыяльнага мікраклімату ў калектыве. Калі ж мікраклімат спрыяльны, стаўленне да маладога спецыяліста добразычлівае, яму аказваюць дапамогу і падтрымку, значыць, працэс адаптацыі пройдзе хутчэй і больш паспяхова. Калі калектыў выказвае недавер, цісне на маладога работніка, то адаптацыя будзе мець зацяжны характар або прывядзе да дэзадаптацыі, няздольнасці падтрымліваць стабільныя сацыяльныя зносіны і спраўляцца з праблемамі.
Больш хуткай адаптацыі спрыяе развітая самарэгуляцыя — здольнасць кантраляваць эмоцыі, а таксама камунікабельнасць, уменне рэальна ацэньваць свае магчымасці.
— Якая роля ў адаптацыі новых супрацоўнікаў адводзіцца дырэктару ўстановы адукацыі? Як павінен сябе паводзіць дасведчаны кіраўнік, каб стварыць спрыяльную, эмацыянальна роўную атмасферу?
— Для таго каб дапамагчы маладым калегам прадэманстраваць іх прафесійныя і дзелавыя якасці, дырэктару варта прытрымлівацца некалькіх простых, але важных правіл: быць адкрытым і добразычлівым, гатовым да дыялогу і аказання падтрымкі. Гэтага ж варта патрабаваць і ад іншых работнікаў. Тым не менш на практыцы дасягнуць адпаведнага стаўлення бывае няпроста. У першы час некаторыя супрацоўнікі імкнуцца трымацца адасоблена, займаючы пазіцыю чакання ці нават крытычную пазіцыю ў адносінах да маладога калегі. Гэта можа перашкодзіць выбудоўванню канструктыўных працоўных адносін і стварыць напружанне ў калектыве. Такія паводзіны абумоўлены натуральнай рэакцыяй чалавека на змяненне звыклых умоў і з’яўленне незнаёмца сярод сваіх. Варта помніць, што адаптацыя — гэта ўзаемны працэс: пачатковец прывыкае да калектыву, а калектыў прывыкае да пачаткоўца. Ведаючы гэта, кіраўніку карысна правесці папярэднюю гутарку з калектывам, каб падрыхтаваць людзей да з’яўлення новага супрацоўніка, зняць у іх крытычны настрой, які можа перашкодзіць сумеснай працы.
Новае месца, новая работа, новыя правілы — усё гэта выклікае ў новага супрацоўніка многа пытанняў, і гэта нармальна. Чым больш іх будзе зададзена спачатку і чым больш зразумелых адказаў на іх прагучыць, тым прасцей і больш эфектыўна будзе складвацца сумесная работа ў будучыні. Але тут ёсць і адваротны бок. Часам вялікая колькасць пытанняў маладога спецыяліста выклікае незадаволенасць у некаторых калег. Дырэктару школы трэба папрасіць іх праявіць цярпенне і разуменне ў сітуацыі, якая склалася, і дапамагчы новаму супрацоўніку як мага хутчэй разабрацца ў незразумелых працоўных момантах, заахвочваць яго задаваць пытанні. Многія думаюць, што чым больш пытанняў яны задаюць, тым больш недарэчна выглядаюць у вачах навакольных. Гэта распаўсюджаная памылка, якая ўскладняе працэс адаптацыі. Пытанняў не задае той, каму абсалютна ўсё зразумела (гэта вялікая рэдкасць), або той, каму нічога не зразумела, але страшна спытаць.
Калі дырэктар ставіць перад новым падначаленым рабочыя задачы, трэба прытрымлівацца прынцыпу ад простага да складанага і не забываць, што нават кваліфікаванаму работніку патрэбен некаторы час для асваення новых службовых абавязкаў. Калі з самых першых дзён перад новым супрацоўнікам ставяцца складаныя, амбіцыйныя мэты і задачы, гэта можа толькі ўзмацніць стрэс, прывесці да перанапружання і аказаць адмоўны ўплыў на канчатковы вынік.
— Што рабіць пачынаючым педагогам, калі іх не прымае частка калектыву і не ўспрымае як калег? Як не страціць веру ў сябе і ў свае магчымасці, калі здараецца такая гісторыя?
— На жаль, з такім стаўленнем сутыкаюцца многія маладыя спецыялісты. Часта гэта абумоўлена стэрэатыпным мысленнем, у аснове якога думка аб тым, што чалавек без практыкі зусім не мае вопыту і горш справіцца са сваімі абавязкамі. Гэта памылковае меркаванне, бо ўзрост і вопыт не гарантуюць добрай працаздольнасці.
Людзям уласціва ідэалізаваць сваё пакаленне і з пагардай ставіцца да больш маладых, выказваючы тым самым прадузятыя адносіны. Не трэба забываць і пра асабістую непрыязнасць, якая становіцца прычынай непрафесійных зносін да пачынаючага педагога. Ёсць некалькі парад, якія дапамогуць пазбегнуць падобных сітуацый і справіцца з імі: часцей ўсміхацца, не ствараць канфліктныя сітуацыі і не спяшацца заводзіць сяброўства ці высвятляць адносіны на рабоце. З часам усё стане на свае месцы. Пакуль гэтага не здарылася, трэба захоўваць нейтралітэт і быць вышэй сварак і плётак, выконваць работу якасна, заставацца самім сабой, не баяцца памыляцца. Бо не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.
— У любым калектыве рана ці позна здараюцца канфлікты. Ці варта іх пазбягаць або лепш перажыць гэты вопыт?
— У пытанні заключаны правільны адказ. Канфліктных сітуацый, на жаль, не пазбегнуць у жыцці, аднак станавіцца іх правакатарам таксама не трэба. Кожны канфлікт унікальны. Так, яны часта выклікаюць толькі негатыўныя эмоцыі, але трэба старацца захоўваць цвярозасць розуму і крытычнае мысленне. Уменне аналізаваць інфармацыю і рабіць абгрунтаваныя высновы дапаможа справіцца з перажываннем многіх канфліктных сітуацый.
— Сённяшняя моладзь эмацыянальная, мэтанакіраваная, і на гэтым у рабоце многае будуецца. Як не патушыць прафесійную амбіцыйнасць у маладых педагогаў, каб яны працягвалі гарэць сваёй справай?
— Каб не патушыць агонь у сваіх супрацоўніках, трэба іх паважаць, быць адкрытымі і ствараць даверную атмасферу, якая заахвоціць да прадукцыйнай працы. Непавага і пагардлівае стаўленне вельмі дэматывуюць. Згадзіцеся, цяжка працаваць, калі твайму кіраўніку не важны твой вопыт, меркаванне і дасягненні. Таму раю ўсім дырэктарам і іх намеснікам быць цярплівымі, улічваць узровень ведаў супрацоўніка, умець заўважаць у іх моцныя бакі і знаходзіць ім прымяненне.
— Якія якасці трэба развіваць у сабе, каб быць стрэсаўстойлівымі?
— Для таго каб вытрымаць стрэсавыя сітуацыі, якіх, на жаль, будзе многа, трэба ў першую чаргу задавальняць базавыя патрэбы арганізма: дастаткова спаць, прытрымлівацца рэжыму дня, сачыць за харчаваннем. Абавязкова ўдзяляйце больш часу сваім захапленням і таму, што прыносіць радасць. Гуляць на свежым паветры, любавацца прыродай, чытаць цікавую літаратуру — гэта таксама дапамагае пазбавіцца стрэсу і негатыўных эмоцый. Не менш важна падтрымліваць зносіны з тымі, з кім вам камфортна. У канфліктных сітуацыях важна не паддавацца на правакацыі, а старацца захоўваць спакой. Калі з’явіліся нейкія перажыванні, падзяліцеся імі з тым, каму давяраеце.
— Ці існуюць псіхалагічныя практыкі, якія дапамагаюць перамагчы страх зносін з тымі, хто значна старэйшы?
— Перш за ўсё неабходна высветліць, чым абумоўлены адпаведны страх. Справа сапраўды з-за розніцы ва ўзросце або яшчэ нешта, напрыклад, праекцыя на сваіх бацькоў і на тое, як бы яны аднесліся да вашых паводзін, работы і іншых аспектаў жыцця. Варта помніць, што колькі б калегу ні было гадоў, чалавекам ад гэтага ён быць не перастае, а ўсім людзям уласціва памыляцца, ва ўсіх нас ёсць як станоўчыя, так і адмоўныя якасці. Засяродзьцеся на тым, што вас аб’ядноўвае, а не на адрозненнях. Менавіта гэта самы дзейсны спосаб, які дапаможа пазбавіцца страху і сканцэнтравацца на самым галоўным.
— Філіп Аляксандравіч, ці павінен хтосьці вучыць маладых педагогаў наладжваць камунікацыю з вучнямі і іх бацькамі?
— Адпаведным навыкам варта ўдзяляць увагу падчас навучання будучага педагога, калі ён, яшчэ студэнт, праходзіць практыку ў школе. Важна, каб кіраўнікі практыкі як ва ўніверсітэце, так і ў той установе адукацыі, дзе яна будзе арганізавана, былі адказнымі: ад атрыманага студэнтамі вопыту, навыкаў і ўменняў залежыць многае.
Цудоўна, калі падчас практыкі студэнтаў прыцягваюць да ўдзелу ў педагагічных саветах, агульнашкольных сходах і мерапрыемствах, — тут можна бліжэй азнаёміцца з прафесіяй і яе спецыфікай. У ходзе гэтага яны, магчыма, змогуць наладзіць зносіны са сваімі будучымі калегамі, ад якіх атрымаюць бясцэнны вопыт.
Што тычыцца сітуацыі, калі малады педагог ужо атрымаў адукацыю і прыйшоў ва ўстанову на работу, то ў школах краіны існуе добрая практыка, калі за пачынаючым замацоўваюць дасведчанага педагога ў якасці настаўніка. Да яго малады калега можа звяртацца па ўсіх пытаннях, якія яго цікавяць. Такі настаўнік служыць правадніком у свет прафесіі, ён вучыць і тлумачыць спецыфіку работы, узаемадзеяння калектыву і дзейнасці ўстановы ў цэлым.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА