За допінг — адміністрацыйная адказнасць

- 10:47Інфармацыйная гадзіна

Дзярждума Расіі зацвердзіла ў першым чытанні законапраект аб увядзенні штрафаў у памеры ад 30 тысяч да 50 тысяч расійскіх рублёў для спартсменаў, іх трэнераў і ўрачоў за прымяненне і распаўсюджванне допінгу, паведамляе ТАСС.

Ініцыятарамі новаўвядзенняў выступілі дэпутаты фракцыі ЛДПР, якія прапанавалі ўвесці штрафы за допінг вясной 2016 года.

На пасяджэнні Дзярждумы дэпутаты адобрылі папраўкі ў Кодэкс Расійскай Федэрацыі аб адміністрацыйных правапарушэннях і ў Закон “Аб фізічнай культуры і спорце ў Расійскай Федэрацыі”. З гэтага часу ў кодэксе будзе замацавана спагнанне штрафаў у памеры ад 30 тысяч да 50 тысяч расійскіх рублёў за парушэнне антыдопінгавых правіл. У законе аб фізічнай культуры будуць удакладнены паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай улады па ажыццяўленні антыдопінгавай прапаганды.

“Законапраектам устанаўліваецца адказнасць за выкарыстанне або спробу выкарыстання спартсменам забароненай субстанцыі або забароненага метаду, за фальсіфікацыю або спробу фальсіфікацыі спартсменам, трэнерам, спецыялістам па спартыўнай медыцыне або іншым спецыялістам у галіне фізічнай культуры і спорту элемента допінг-кантролю, а таксама за распаўсюджванне”, — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы.

Цяпер у Расіі актыўна вядзецца барацьба з допінгам, у сувязі з чым прынята рашэнне аб узмацненні адміністрацыйнай адказнасці за адпаведныя парушэнні.