У Беларусі плануецца ўвесці адміністратыўную адказнасць за лішнія сумы ў жыроўках, паведаміла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Наталля Гуйвік.
Законапраект “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях” прыняты ў першым чытанні. У працэсе падрыхтоўкі да другога Адміністрацыя прэзідэнта прапанавала ўключыць у адзін з артыкулаў КоАП адказнасць за выстаўленне платы за асноўныя паслугі, якая перавышае іх рэальна аказаны аб’ём. Дэпутат нагадала аб яшчэ адной навацыі законапраекта — адказнасці за ўключэнне ў жыроўкі платы за дадатковыя жыллёва-камунальныя паслугі без заключэння са спажыўцамі дагавораў на іх аказанне.
Наталля Гуйвік растлумачыла, што і ў тым, і ў другім выпадку на першы раз работніку, які дапусціў парушэнне, будзе выносіцца прадстаўленне. Прыцягваць да адказнасці будуць за паўторнае парушэнне. “Норма ў выпадку яе прыняцця будзе мець перш за ўсё прафілактычны характар. Службовыя асобы будуць ведаць, што калі яны дзесьці штосьці “нахімічаць”, то прадугледжана адказнасць”, — адзначыла яна.
Законапраект, распрацаваны Пастаяннай камісіяй па заканадаўстве, плануецца разгледзець у другім чытанні на асенняй сесіі. Як паведамлялася, дакумент прадугледжвае таксама адміністратыўную адказнасць за наўмыснае незаконнае раскрыццё персанальных даных з рэгістра насельніцтва асобай, якая імі валодае па прычыне службовага становішча.