За руку з сям’ёй

- 16:32Дашкольная адукацыя

Яслі-сад № 1 Мастоў — установа адукацыі, якая адкрыта для кожнай сям’і, калектыў якой імкнецца стварыць атмасферу агульнага дома і асаблівую ўвагу ўдзяляе ўдасканаленню форм і метадаў работы з бацькамі. Адным з кірункаў дзейнасці ўстановы з 2015 па 2017 год была рэалізацыя інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі фарміравання міжасобасных узаемаадносін бацькоў з дзецьмі дашкольнага ўзросту ва ўмовах узаемадзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і.

Бацькоў, дзяцей і педагогаў больш за ўсё збліжае сумесны ўдзел у правядзенні свят і забаў, конкурсах і акцыях, выступленне ў якасці вядомых дзецям казачных персанажаў падчас ранішнікаў, удзел у гарадскіх фестывалях дзіцячай творчасці, выраб неабходных да свят касцюмаў і атрыбутаў. Падчас удзелу ў спартыўных святах (“Вясёлыя старты”, “Мама, тата, я — наша дружная сям’я”, “Дзень здароўя”) бацькі маюць магчымасць ацаніць фізічную падрыхтоўку свайго дзіцяці. Калі ж бацькі на вачах у дзяцей дэманструюць сваё ўменне бегаць, скакаць, спаборнічаць — гэта таксама вельмі карысна для дзяцей, бо стварае добры эмацыянальны настрой.

У дашкольнай установе функцыянуюць клуб “Пад бацькоўскім крылом” (кіраўнік — сацыяльны педагог Ж.В.Кушмар), віртуальная лагапедычная школа “Навучай” (кіраўнік — настаўнік-дэфектолаг Е.Т.Каскевіч). Такая форма работы прадугледжвае выкарыстанне гутарак, кансультацый, трэнінгаў, круглых сталоў, майстар-класаў педагогаў, распаўсюджванне сямейнага вопыту, прэзентацыі дзіцячых дасягненняў, сумесных свят і вольнага часу.

Паспяхова працуе “Матчына школа” для дзяцей ад 1 да 3 гадоў, якія не наведваюць дашкольную ўстанову (кіраўнік — педагог-псіхолаг Г.І.Елісеева). Групавыя і індывідуальныя кансультацыі, якія арганізуюцца па просьбе бацькоў, садзейнічаюць педагагічнай адукацыі бацькоў, даюць магчымасць мамам вырашаць хвалюючыя іх праблемы ў выхаванні дзяцей. У школе працуюць вопытныя педагогі нашай дашкольнай установы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца наглядна-інфармацыйнай асвеце і выхаванню ўсвядомленага бацькоўства. Выдаецца і карыстаецца папулярнасцю ў бацькоў інфармацыйна-пазнавальная газета “Навіны з “Вясёлкі”, дзе асвятляюцца пытанні выхавання, навучання і развіцця дзяцей, жыццё і падзеі ўстановы. Асвета бацькоў ажыццяўляецца таксама праз сайт дашкольнай установы. Створана бацькоўская пошта даверу “Ты не адзінокі”, дзе бацькі выказваюц­ь у пісьмовай форме заўвагі, прапановы, звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў.

У рамках інавацыйнага праекта па ўкараненні ма­дэлі фарміравання міжасобасных узаемаадносін бацькоў з дзецьмі дашкольнага ўзросту ва ўмовах узаема­дзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і (навуковы кіраўнік — дэкан факультэта прафесійнага развіцця Гро­дзенскага абласнога ІРА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Л.М.Таранцей) была арганізавана работа “Школы даверу” для бацькоў. Для рэалізацыі псіхолага-педагагічнага суправаджэння бацькоў выкарыстоўвалі даверныя гутаркі, лекцыі, трэнінгі, гульні-аптымізатары, інтэрактыўныя гульні, рэфлексію, “Скрынку даверу”.  У сваёй рабоце з сям’ёй мы выкарыстоўваем традыцыйную і электронную пошту “Свет даверу”, папкі для бацькоў “Педагогіка даверу” (з кансультацыямі, рэкамендацыямі і памяткамі), кансультацыі, круглыя сталы, конкурсы. Педагогі нашай установы распрацавалі і пачалі праводзіць псіхолага-педагагіч­ныя гасцёў­ні “Пад бацькоўскім крылом”. Асноўная мэта правядзення такіх сустрэч — разві­ваць даверныя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі дашкольнага ўзросту. У сучасным грамадстве гэтае пытанне асабліва актуальнае. Рытм жыцця сучасных бацькоў прыводзіць да таго, што ва ўзаемадзеянні з дзіцем эмацыянальны кантакт зводзіцца да мінімуму. Былі распрацаваны тэматычныя псіхолага-педагагічныя гасцёўні “Давайце даведаемся лепш адно пра аднаго”, “Краіна дабра”, “Сустракаем свята весела”, “Мой настрой”, “Мы — за бяспечнасц­ь”, “Гуляюць дзеці — гуляем разам” і інш., якія накіраваны на развіццё даверных адносін паміж дзецьмі, бацькамі і педагогамі.

Для таго каб настроіць удзельнікаў гасцёўні на пазітыўны лад і прадукцыйную працу, мы выкарыстоўвалі рытуальныя гульні-прывітанні. Падчас сустрэчы праводзілі разнастайныя гульні, накіраваныя на міжасабовае ўзаемадзеянне паміж дзецьмі і бацькамі: “Давайце пазнаёмімся!”, “Возьмемся за рукі, сябры”, “Павуцінка”, “Яблык ад яблыні” і інш., у якія дзеці і бацькі гулялі на роўных. Такім чынам, у бацькоў з’яўляецца магчымасць для ўзаемадзеяння з дзіцем у працэсе гульні, разумення яго пачуццяў і перажыванняў. Пасля гульняў абавязкова плануецца прадукцыйная дзейнасц­ь дзяцей і бацькоў. Гэта лепка з пластыліну “Пластылінавая краіна”, канструяванне “Дом маёй мары”, выраб голуба — сімвала сям’і, выраб цацак-самаробкаў, гатаванне любімага святочнага салата і інш. У заключэнні мерапрыемства, каб замацаваць станоўчы эмацыянальны фон, падводзіцца вынік работы псіхолага-педагагічнай гасцёўні. Самым важным момантам з’яўляецца рэфлексія для бацькоў, падчас якой яны выказваюць сваё меркаванне і пачуцці ад сумеснай гульні з дзіцем. Пасля наведвання бацькамі заняткаў псіхолага-педагагічных гасцёўняў педагогі заўважылі, што паміж бацькамі і дзецьмі адбыліся станоўчыя змяненні ва ўзаемаадносінах.

Галіна ЕЛІСЕЕВА,
педагог-псіхолаг;
Жанна Кушмар,
сацыяльны педагог ясляў-сада № 1 Мастоў Гродзенскай вобласці.