За руку з тэхналогіямі

- 14:20Віцебшчына

Давайце праедзем ад дзіцячага сада ў Талачыне каля 4 гадзін на паўночны захад і пабываем яшчэ ў адной установе дашкольнай адукацыі. Нават калі Браслаў сустрэне вас імжой і шэрасцю, яслі­сад № 3 выправіць сітуацыю і зробіць візіт яркім.

Падарунак для сябе і горада

У гэтым годзе ўстанова перажыла рамонт, які рабілі да абласнога фестывалю працаўнікоў сяла “Дажынкі”. Абнаўленне чакала без перабольшання ўсё. Работы ішлі 5 месяцаў і скончыліся ў маі. На капітальны рамонт пайшло 1,225 млн рублёў і яшчэ 200 тысяч — на новую матэрыяльна­тэхнічную базу. 

— Тэрыторыя ясляў­сада вялікая — амаль 2 гектары. Такія памеры дазволілі стварыць на вуліцы 12 гульнявых участкаў. На кожным ёсць новае абсталяванне з улікам узросту дзяцей, ступені іх рухавасці, патрабаванняў праграмы. Выхаванцы могуць праводзіць час як актыўна, так і спакойна, — расказвае загадчык Вольга Селязнёва.

Асаблівую ўвагу падчас рамонту ­ўдзялілі абнаўленню матэрыяльна­тэхнічнай базы. Стандартна закупілі новыя сталы, крэслы, ложкі, шафы, аднак з’явілася і некалькі незвычайных рэчаў. Напрыклад, у групах для малодшых дзетак паставілі бізідамы, бізіборды і бізікары. Яны з’яўляюцца добрым памочнікам на развіццёвых занятках. Дзякуючы вялікай колькасці розных “штучак” на іх, дзеці з цікаўнасцю дакранаюцца, перакладаюць, цягнуць, круцяць, націскаюць і тым самым развіваюць логіку, дробную маторыку, мысленне, тактыльныя адчуванні.

Для выхаванцаў усіх узростаў па­ставілі інтэрактыўны стол. У яго запампавана 15 адукацыйных і развіццёвых праграм, якія можна выкарыстоўваць амаль ва ўсіх адукацыйных галінах (акрамя беларускага маўлення, бо сам стол — расійскі).

— Гэта вялікая дапамога выхавальнікам, бо ёсць магчымасць паказаць любую прэзентацыю, карцінку. Методыка любячая, яна не кажа “Ты зрабіў няправільна”. Дзіця выконвае заданне, пакуль у яго не атрымаецца, і ў канцы на экране абавязкова з’яўляецца “Малайчына!”, — расказвае выхавальніца дзіцячага садка Алена Дзіковіч.

Стол мае дзве праграмы: “Разумнае дзіця” і “Правілы дарожнага руху”. Першая разлічана на розныя ўзросты (3+, 3,5, 4, 4+ і г.д.) і вучыць дзяцей ліку, чытанню, пісьму, мовам, развівае логіку, увагу, памяць і дае магчымасць пагуляць. Адпаведна праграма ПДР навучае і дае магчымасць праверыць веданне правіл дарожнага руху.

Напэўна, самым вялікім набыццём можна лічыць “цуд”, як ка­жуць дзеці. Цуд — гэта інтэрактыўная пясочніца iSand Box. Яе работа пабудавана на тэхналогіях дапоўненай рэальнасці, дзякуючы чаму пясок становіцца трапічным лесам, актыўным вулканам, восеньскім асфальтам і шмат чым іншым. З дапамогай iSand Box можна вывучаць геаграфію, гісторыю, астраномію, прыродазнаўства, АБЖ, біялогію і нават замежныя мовы. Усяго яна мае 16 рэжымаў, з якімі заняткі становяцца не проста цікавымі, а захапляючымі. Напрыклад, можна паглядзець, якія расліны і жывёлы жывуць у саванне, як мяняюцца поры года ці што чакае чалавека ў космасе. Пясочніца спрыяе развіццю дробнай маторыкі, каардынацыі рухаў, уяўлення, памяці, хуткасці рэакцыі, маўлення, лагічнага мыслення і г.д. Таксама яна аказвае станоўчы ўплыў на псіхаэмацыянальны стан дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта даказваюць даследаванні Астраханскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Пясочніца зніжае агрэсію ці запаволенасць рэакцыі і адначасова развівае канцэнтрацыю, уважлівасць, энергічнасць, спрыт­насць і інш.

Ва ўзаемадзеянні

У яслях­садзе выхоўваецца больш за 260 дзяцей, якія падзелены на 12 груп: 6 малодшых, 2 сярэднія, 2 старшыя, 1 спецыяльная моўная і 1 інтэграванага навучання і выхавання. Для 4 чалавек з прылеглых вёсак арганізавана дастаўка транспартам да ўстановы і назад. Яшчэ 6­х прывозяць бацькі. “Гномікі”, “Зорачкі”, “Пчолкі”, “Фантазёры” — гэта яшчэ не ўсе, хто пасяліўся ў садку.

Для работнікаў установы важна, каб дзеці падчас адукацыйнага працэсу ўзаемадзейнічалі не толькі з выхавальнікамі, але і з бацькамі, сёстрамі і братамі, бабулямі і дзядулямі. Разам яны працуюць над невялікімі газетамі, кнігамі, ствараюць вырабы з прыродных матэрыялаў, удзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах. Гордасць садка — сямейны тэатр. Яго стварылі ў 2010 годзе па ініцыятыве музычных кіраўнікоў Анжалікі Аніська і Таццяны Грышчанка. З тых часоў тэатр паказаў ужо больш за 15 пастановак. Сярод іх “Церамок”, “Кошчын дом”, “Маша і мядзведзь” і інш. Сямейны тэатр згуртоўвае бацькоў, выхаванцаў і выхавальнікаў, чым умацоўвае іх эмацыянальнае здароўе і развівае творчыя здольнасці.

Яшчэ адным традыцыйным мерапрыемствам стала спартыўна­музычнае свята “Усёй сям’ёй на старт!”.

— Сэнс у тым, што гэта не проста спартыўныя спаборніцтвы, — расказвае загадчык садка Вольга Францаўна, — а ўдзел у розных намінацыях. Напрыклад, “Лепшы кулінар”, “Мадэльер” і г.д. Хтосьці добра гатуе, хтосьці больш спартыўны, у кагосьці артыстычныя здольнасці — справа знойдзецца для ўсіх.

Вялікая ўвага ў садку ўдзяляецца далучэнню дзяцей да беларускага маўлення. Гэта робіцца з дапамогай фальклору.

—  Перш за ўсё мы праслухоўваем і абыгрываем з дзецьмі беларускія народныя калыханкі, песенькі, забавы, кароткія вершыкі, да якіх далучаюцца адпаведныя зместу дзеянні і рухі, паўтарэнні гукаперайманняў, асноўных слоў, выразаў, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Таццяна Аляюн. — Вялікае значэнне пры гэтым маюць тыя забавы, якія суправаджаюцца разнастайнымі рухамі пальцаў рук, напрыклад, “Сарока­варона кашу варыла”. Іх важнасць заключаецца ў амаль паралельным развіцці розных рухаў пальцаў рук і маўлення, што стымулюе і актывізуе маўленне маленькага дзіцяці. Вабяць малых такія дзеянні, як закалыхванне лялек, плясканне ў далоні, прытупванне, падскокі і г.д. Расказванне невялікіх па аб’ёме казак суправаджаем інсцэніроўкамі, што робіць больш лёгкім для дзяцей іх успрыманне і разуменне, заахвочвае да паўтарэння слоў, выразаў, пе­сенек.

Традыцыйна ва ўстанове раз на год праводзяць беларускія святы. Сёлета — вячоркі “Наша хата пацехамі багата”, летась гэта быў кірмаш.

Важным напрамкам дзейнасці з’яўляюцца мерапрыемствы на тэму бяспекі. Многія з іх праводзяцца з удзелам спецыялістаў МНС і ДАІ, што выклікае ў дзяцей вялікую цікавасць.

Яслі­-сад № 3 Браслава — гэта той садок, куды хочацца не толькі аддаць сваё дзіця, але і запісацца самому. Усё ж правесці добрую палову дня ў такіх умовах і з такімі лю­дзьмі — дарагога варта.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Ірыны ІВАШКА і ясляў-­сада № 3 Браслава.