За высечку Белавежскай пушчы прыйдзецца заплаціць

- 12:02Інфармацыйная гадзіна

Суд Еўрасаюза назначыў Польшчы штраф у памеры 100 тысяч еўра ў дзень на карысць Еўракамісіі за высечку Белавежскай пушчы, паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на пастанову суда.

У дакуменце гаворыцца, што “Польшча павінна неадкладна спыніць свае цяперашнія дзеянні па абыходжанні з ляснымі ўгоддзямі ў Белавежскай пушчы, акрамя выключных выпадкаў, калі гэта строга неабходна для забеспячэння грамадскай бяспекі”. Адзначаецца, што калі Варшава парушыць загад, то ёй давядзецца выплачваць Еўракамісіі штрафы ў памеры мінімум 100 тысяч еўра ў дзень.

Згодна з планамі ўрада Польшчы, высечцы падлягала каля 1,3 млн дрэў, заражаных жуком-караедам. Эколагі патрабавалі даць рэліктавым лясам магчымасць самім справіцца са шкоднікам і натуральна правесці абнаўленне ляснога масіву. Суд Еўрасаюза прыняў бок абаронцаў лесу і Еўракамісіі, якая падала іск у суд, абавязаўшы Польшчу спыніць высечку дрэў. Афіцыйная Варшава адказала на прэтэнзіі Суда Еўрасаюза, адзначыўшы, што высякаюцца толькі дрэвы, якія “пагражаюць грамадскай бяспецы”, а таксама “мёртвыя і аслабленыя”.

Белавежская пушча з’яўляецца найбуйнейшым астаткам першабытнага лесу ў Еўропе. На польскай тэрыторыі знаходзіцца Белавежскі нацыянальны парк, які ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.