Забароненых тэм у супрацоўніцтве паміж краінамі няма

- 10:35Інфармацыйная гадзіна

Беларусь пацвярджае гатоўнасць развіваць узаемадзеянне з Егіптам па ўсіх напрамках. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржаўным міністрам ваеннай прамысловасці Арабскай Рэспублікі Егіпет Мухамадам Саідам аль-Асарам.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на важнасці намераў егіпецкага боку рэалізоўваць дамоўленасці на вышэйшым узроўні, аб чым сведчыць і гэты візіт. Дзяржаўны міністр прыбыў у Мінск з дэлегацыяй, у складзе якой — прадстаўнікі розных сфер.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў час яго візіту ў Егіпет дасягнуты важныя дамоўленасці з прэзідэнтам гэтай краіны ў розных аспектах супрацоўніцтва.

“Мы ў прынцыпе гатовы прадаставіць не толькі адпаведную дапамогу ў падрыхтоўцы кадраў, але і перадачы тэхналогій па ўсіх напрамках супрацоўніцтва, якія вас цікавяць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы гатовы ў Егіпце ствараць вытворчасці, паступова развіваць іх разам з вамі”.

“Словам, забароненых тэм у супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі няма. Мы гатовы развіваць кантакты па ўсіх напрамках — ад сельскай гаспадаркі да ваенна-прамысловага і абароннага комплексаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Мухамад Саід аль-Асар падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы, нягледзячы на напружаны графік прэзідэнта. “Гэтым вы пацвярджаеце зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва з Егіптам. З нашага боку таксама ёсць вялікая зацікаўленасць у гэтым”, — заявіў ён. Дзяржміністр адзначыў, што разам з ім у Мінск прыбылі прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў. Ён выказаў упэўненасць у паспяховых выніках візіту, якія будуць на карысць абодвум бакам.