Прафілактычны агляд урача ў 2017 годзе неабходна забяспечыць кожнаму жыхару краіны, заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко.
Васіль Жарко адзначыў, што на бягучы год стаіць задача знізіць узровень смяротнасці асоб працаздольнага ўзросту, асабліва мужчын, у першую чаргу ў вёсцы. Гэтага можна дасягнуць за кошт зніжэння смяротнасці ад хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія займаюць 54 працэнты ў агульнай смяротнасці. “У 2017 годзе трэба дайсці да кожнага жыхара: змераць ціск, паслухаць, калі трэба, зрабіць кардыяграму. Калі ён прыйдзе нават не да профільнага спецыяліста, зрабіць аналіз крыві. За бягучы год трэба правесці зрэз усяго насельніцтва, пасля скрынінгу ўдакладніць дыягназ і назначыць лячэнне. Назіранне праводзіць не ад выпадку да выпадку, а рэгулярна, як закладзена ў пастановах Міністэрства аховы здароўя”, — сказаў намеснік прэм’ер-міністра.
У рэспубліцы ўпершыню праводзіцца шырокамаштабнае вывучэнне распаўсюджвання фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў (НІЗ) сярод дарослага насельніцтва. У выніку ўдасца атрымаць аб’ектыўную карціну распаўсюджанасці фактараў рызыкі НІЗ у кожнай вобласці, сярод гарадскога і сельскага насельніцтва, мужчын і жанчын. Гэтая доказная база павінна быць пакладзена ў аснову прафілактычных мерапрыемстваў з насельніцтвам.
Упершыню за апошнія 25 гадоў у краіне сціснуліся дэмаграфічныя нажніцы, адзначыў Васіль Жарко. Радасна, што колькасць другіх і трэціх родаў у рэспубліцы павялічваецца. Айчынная ахова здароўя ўнесла свой значны ўклад у паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Перад галіной стаіць задача захаваць станоўчую тэндэнцыю, далей зніжаць смяротнасць і павялічваць нараджальнасць. Трэба максімальна скараціць разрыў у працягласці жыцця гарадскога і сельскага насельніцтва, мужчын і жанчын.
Васіль Жарко таксама звярнуў увагу на пытанні культуры. “Медыцынскаму работніку пры любых абставінах кожны дзень неабходна імкнуцца быць добразычлівым да пацыента, да сваякоў, сваіх калег. Водзыў грамадства на нашу работу шмат у чым вызначаецца не толькі тэхналогіямі, а стаўленнем, спагадлівасцю і міласэрнасцю”, — упэўнены ён. Намеснік прэм’ер-міністра заклікаў пацыентаў паважліва ставіцца да нялёгкай працы ўрачоў, сярэдніх, малодшых медыцынскіх работнікаў. У медыцынскім асяроддзі 2017 год прапаноўваецца лічыць годам узаемнай ветлівасці як з боку медыцынскіх работнікаў, так і пацыентаў.