Эканамічны эфект ад адной праверкі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі склаў у мінулым годзе Br4,1 млрд — у параўнанні з 2014 годам гэты паказчык павялічыўся на 55,7 працэнта. Аб гэтым паведаміў старшыня КДК Леанід Анфімаў перад пасяджэннем калегіі ведамства, на якім падводзіліся вынікі работы ў 2015 годзе і абмяркоўваліся асноўныя напрамкі дзейнасці на бягучы год.
“Камітэт дзяржкантролю выканаў галоўную задачу — яна заключаецца ў пераарыентацыі з колькасці на якасць. Мы імкнуліся адысці ад колькасных паказчыкаў па колькасці праверак, якія праводзяцца, зрабіўшы акцэнт на іх эфектыўнасці, — падкрэсліў Леанід Анфімаў. — Праверкі суб’ектаў гаспадарання праводзіліся не таму, што мы там даўно не былі, а таму што ў выніку аналізу, аператыўнай прапрацоўкі выявілася канкрэтная праблема, сур’ёзныя парушэнні заканадаўства”.
Эфектыўнай рабоце садзейнічае глыбокае папярэдняе вывучэнне суб’екта праверкі, у выніку чаго выяўляюцца злабадзённыя праблемы ў розных галінах эканомікі і сацыяльнай сферы. Таму кожная праверка Камітэта дзяржкантролю мае вынікі, і гэта не толькі санкцыі да парушальнікаў, але і вывады з прапановамі па выпраўленні сітуацыі.
“Мы разумеем, што кожная накладзеная санкцыя — удар па фінансавым становішчы суб’екта гаспадарання, а для некага можа стаць дэстабілізуючым фактарам. Таму акцэнт робім на маніторынгу, у выніку якога больш праводзім прафілактыку, папярэджваем парушэнні, а не караем. Парушэнні, якія выяўляюцца ў ходзе маніторынгу, не абкладаюцца эканамічнымі санкцыямі — выстаўляем прадпрыемству прэтэнзію аб наяўнасці тых ці іншых парушэнняў і прапаноўваем ва ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін гэтыя парушэнні выправіць, — растлумачыў Леанід Анфімаў. — Такім чынам, па выніках маніторынгу суб’ект гаспадарання можа выправіць парушэнні і пазбегнуць адказнасці. Эфект ад такой работы вельмі значны”.
У мінулым годзе Камітэт дзяржкантролю правёў больш за 1,1 тысячы маніторынгаў, у ходзе якіх вынесена 2 тысячы рэкамендацый па выпраўленні парушэнняў. Большая частка з іх (1,2 тысячы) была рэалізавана суб’ектамі маніторынгу.
Усяго Камітэт дзяржаўнага кантролю правёў у 2015 годзе 1,5 тысячы праверак — крыху больш за 1 працэнт ад агульнай колькасці праведзеных усімі кантралюючымі і нагляднымі органамі праверак па краіне. У цэлым за апошнія 10 гадоў КДК у 9 разоў скараціў колькасць праверак пры захаванні выніковасці работы.
У 2015 годзе Камітэтам дзяржаўнага кантролю працягвалася работа па ўмацаванні эканамічнай бяспекі краіны, выяўленні і спыненні сістэмных парушэнняў заканадаўства, выяўленні адмоўных тэндэнцый і рэзерваў у эканоміцы і сацыяльнай сферы. У цэнтры ўвагі КДК знаходзіўся шырокі і шматпланавы спектр пытанняў: бюджэт, дзяржуласнасць, нацыянальныя рэсурсы. Праводзіліся праверкі і аналізавалася работа фактычна ўсіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Асаблівая роля ў рабоце КДК адводзіцца кантролю за выкананнем даручэнняў прэзідэнта.