Задаць правільны тэмп: Валерый Куніцкі расказвае, якім павінен быць ідэальны лагер

- 13:00Персона

Трыццаць гадоў назад, калі Валерый Васільевіч Куніцкі ўпершыню ехаў у загарадны аздараўленчы лагер “Фатон” Нацыянальнай акадэміі навук, ён думаў, што гэта на адно лета, але памыліўся: работа з дзецьмі захапляе яго і сёння. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Навучыцца быць педагогам

За той час, пакуль Валерый Куніцкі знаходзіцца на пасадзе дырэктара, “Фатон” неаднаразова прызнаваўся адным з лепшых загарадных лагераў па розных кірунках. Доказ таго — шматлікія дыпломы і падзякі, якія размешчаны ў кабінеце кіраўніка. Адна з апошніх знакавых перамог — 2-е месца ў краіне за лепшую арганізацыю аздараўлення. Гледзячы на ўсе дасягненні, Валерый Васільевіч сціпла зазначае, што гэта не толькі яго заслуга. Гэта вынік адданай прафесійнай працы і правільнага падыходу да выхавання дзяцей усёй яго каманды. А яна, між іншым, з году ў год вяртаецца ў Ракаў у тым жа складзе.

На пытанне, у чым сакрэт і што так прываблівае моладзь у летніку, дырэктар падкрэсліў: педагогіка — іх прызванне, а работа і зносіны з дзецьмі прыносяць задавальненне і дапамагаюць развівацца ў настаўніцтве, як і яму самому. 

“Самы яскравы прыклад — старшая важатая Вікторыя Сяргееўна Піварчук, — знаёміць з ёю В.Куніцкі. — Вікторыя Сяргееўна выконвае таксама ролю намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. У пазалагерным жыцці яна працуе ў спецыяльнай сярэдняй школе № 14 Мінска для дзяцей з парушэннямі слыху на паса­дзе выхавальніка. У гэтай установе да дзяцей патрэбен асаблівы падыход. Прынамсі, у нас таксама трэба ўмець працаваць з рознымі па характары і тэмпераменце выхаванцамі. З гонарам магу сказаць, што ўся наша каманда валодае тымі інструментамі, якія неабходны для арганізацыі камунікацыі з абсалютна любым дзіцем”.

Усім сакрэтам педагогікі Валерый Ва­сільевіч, не маючы педагагічнай адукацыі, вучыўся пакрокава, як толькі заняў пасаду дырэктара “Фатона”. А папярэднічала гэтаму работа ў Акадэміі навук.

“У Акадэмію навук я прыйшоў праца­ваць напрыканцы 1983 года, — расказвае пра сябе В.Куніцкі. — У мяне вышэйшая эканамічная адукацыя, але давялося паглыбіцца і ў тэхнічную. Некаторы час працаваў у санаторыі, якраз будавалі яго новы корпус — доследна-вытворчае прадпрыемства па выпуску ўнікальных фізічных прыбораў, таму давялося разбірацца са шматлікімі нюансамі. Сёння гэта завод “Аптрон” Акадэміі навук”.

З-за таго, што валодаў многімі тэхнічнымі пытаннямі і разумеў асаблівасці функцыянавання санаторнай сістэмы, галоўнаму інжынеру на працягу года, пакуль не пачалася аздараўленчая кампанія, перыядычна прапаноўвалі паехаць у “Фатон”, падтрымаць яго, навесці парадак. Пытанні ацяплення, функцыянавання кацельні, пракладвання інжынерных камунікацый — не было нікога, хто б разбіраўся ў адпаведных момантах лепш, чым ён. Але не толькі гэта падказвала кіраўніцтву Акадэміі навук, што лепшай кандыдатуры, чым В.Куніцкі, яны не знойдуць. Справа ў тым, што жонка Валерыя Васільевіча Ларыса Барысаўна — настаўніца рускай мовы і літаратуры і беларускай мовы і літаратуры.

“Гэтыя прадметы яна доўгі час выкладала спачатку ў Траскоўшчынскай сярэдняй школе, а затым у Ракаўскай, — працягвае Валерый Васільевіч. — Улічваючы, што Ларыса Барысаўна — педагог, вырашылі, што я таксама змагу працаваць з дзецьмі, бо бачу, як жонка кантактуе са сваімі навучэнцамі. У рэшце рэшт я здаўся, згадзіўся на прапанову паехаць у лагер, паглядзець, што ў ім трэба зрабіць, каб вывесці на доб­ры ўзровень. Галоўнай умовай было тое, што еду ў “Фатон” на адно лета, а пасля вяртаюся да сваіх непасрэдных абавязкаў. Але так атрымалася, што застаўся тут на 30 гадоў і не шкадую. Наадварот, думаю: чаму адразу не згаджаўся?”

За час, пакуль гаспадарыць у лагеры, дырэктар стварыў асаблівую камфортную атмасферу, заснаваную на даверы, падтрымцы і ўзаемадапамозе. Не дзіўна, што не толькі педагогі, але і дзеці ў “Фатон” штогод вяртаюцца адныя і тыя ж: кажуць, што лепшага, чым гэты лагер, больш няма.

“Не перастану паўтараць, што самы важны фактар, на які трэба звяртаць увагу, — гэта падбор персаналу, — упэўнены дырэктар. — Толькі людзі здольны і ўмеюць ствараць добрае надвор’е ў калектыве. Што тычыцца дзяцей, то працаваць з імі павінны толькі тыя, каму гэта прыно­сіць задавальненне, а не з’яўляецца прымусам”.

Узаемная любоў

Пра тое, што любоў у педагогаў з “Фатонам” узаемная, здагадацца проста: многія з іх працуюць у лагеры цэлае лета, да заканчэння апошняй змены. На працягу чэрвеня — ліпеня, пакуль знаходзяцца ў адпачынку, яны могуць па сваім жаданні ўладкоўвацца важатымі і выхавальнікамі. А ў жніўні, калі трэба выходзіць на работу, бяруць адпачынак за ўласны кошт.

“Наш лагер — гэта бюджэтная арганізацыя, дзе не заробіш вялікіх грошай, — тлумачыць кіраўнік каманды. — Таму, калі мае важатыя знаходзяцца тут усе канікулы, гэта адназначна гаворыць пра тое, што яны на сваім месцы. І я гэтым вельмі ганаруся. Прыемна, што да нас вяртаюцца і працуюць з задавальненнем і поўнай аддачай”.

Якім бы ні быў лагер і атмасфера ў ім, усё роўна тэмп задае менавіта дырэктар. Згадзіцеся, наўрад ці нехта б вярнуўся туды, дзе яго не шануюць і не давяра­юць. Менавіта на даверы і будуе сваю работу Валерый Васільевіч. Ён упэўнены, што моладзі трэба даваць шанс раскрываць свае здольнасці і ствараць для гэтага неабходныя ўмовы.

“Я абсалютна поўнасцю давяраю сваім выхавальнікам, — прызнаецца В.Куніцкі. — У любой справе дазваляю быць самастойнымі і не ўмешваюся ў іх функцыянал. Ведаю, што яны ніколі не падвядуць. Тое самае тычыцца і нашых піянераў (так Валерый Васільевіч называе дзяцей, якія адпачываюць у лагеры). Кожнае лета бачу ў нас адных і тых жа дзетак. Скажу нават больш: да мяне прыязджаюць дзеці тых ужо дарослых піянераў, якія бегалі па “Фатоне” 30 гадоў назад. Гэта вельмі прыемна, бо разумею, што нас любяць”.

Штогод жадаючых прыехаць у “Фатон” менш не становіцца. Сёлета на другую і трэцюю змены падалі заяўкі амаль 500 чалавек, але адначасова прыняць лагер можа толькі 128 навучэнцаў. Са слоў Валерыя Васільевіча, асноўны склад адпачываючых — дзеці супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук. Іншыя арганізацыі могуць разлічваць на пуцёўкі толькі ў тым выпадку, калі месцы засталіся не запатрабаваныя. 

Што тычыцца новых маладых спецыя­лістаў, якія ні разу не былі ў “Фатоне”, але хочуць далучыцца да яго дружнай вялікай сям’і, то ў дачыненні да іх у Валерыя Ва­сільевіча вызначаны свой падыход.

Ужо 30 гадоў лагер супрацоўнічае з БДПУ. Па дагаворы, які заключаны з УВА, стаць важатымі могуць толькі ўдзельнікі педагагічных атрадаў універсітэта. Падбіраць з іх ліку супрацоўнікаў Валерый Куніцкі давярае старшай важатай.

“У гэтым пытанні я таксама прытрымліваюся прынцыпу даверу, — зазначае В.Куніцкі. — Вікторыя Сяргееўна сама падбірае персанал і сама за яго адказвае. Безумоўна, пытанні навучання маладых спецыялістаў таксама ўскладзены на яе. Сёлета на першых дзвюх зменах у нас працуюць студэнты з педатрада “Шыпшына” і “Беларусачка”, а трэцюю, чацвёртую і пятую змены закрываем педагогамі школ. Гэтыя настаўнікі таксама калісьці былі ў складзе педатрадаў, прайшлі фатонаўскую школу, у якой ім усё спадабалася, таму і засталіся з намі”.

Да новай сустрэчы

Усе 30 гадоў, пакуль працуе ў лагеры, кожная раніца ў дырэктара пачынаецца аднолькава: Валерый Васільевіч прыходзіць у атрады і размаўляе з дзецьмі. Яму вельмі важна, каб выхаванцы адчувалі сябе як дома, таму ён цікавіцца, як у іх справы і што новага адбылося за ўчарашні дзень.

“Мне падабаецца размаўляць з дзецьмі, падбадзёрваць і падтрымліваць іх, а ўзамен атрымліваць столькі сіл і энергіі, што хочацца зрабіць гэтае лета яшчэ лепшым, — прызнаецца дырэктар. — Дзеткі прымушаюць нас усміхацца, адчу­ваць розныя эмоцыі. І гэта для мяне вельмі каштоўна”.

Самы цяжкі момант і для важатых, і для выхаванцаў — гэта закрыццё летняга сезона і расставанне да наступнага лета. Для таго каб праз год зноў сустра­каць дзяцей, трэба правесці шэраг важных работ. Праверка інжынерных сетак, касметычныя рамонты, квартальныя справа­здачы — у дырэктара вельмі многа клопатаў. Зацішша наступае толькі зімой. Валерый Васільевіч у гэты час ідзе ў адпачынак, але дома не сядзіць, праводзіць яго актыўна.

“Разам з жонкай Ларысай Барысаўнай мы любім падарожнічаць па Беларусі, — дзеліцца В.Куніцкі. — З апошніх мясцін, якія наведалі, былі Тураў, Гервяты, а таксама гістарычныя гарады Віцебшчыны. У падарожжы ездзім самастойна, на машыне. Акрамя гэтага, зімой часта сустракаемся з дачкой Вікторыяй Красоўскай, яна працуе на радыё “Мінская хваля”, вя­дзе эфіры, і з сынам Васілём, ён былы футбаліст”.

А яшчэ Валерый Васільевіч вельмі лю­біць праводзіць час з 9-гадовай унучкай Валерыяй. Дзяўчынка, дарэчы, штолета прыязджае на адну са змен у “Фатон”, бо ўжо даўно знайшла тут сабе сяброў і з нецярпеннем чакае канікул, каб зноў сустрэцца з імі.

“Мая ўнучка вельмі палюбіла лагер і штогод прыязджае менавіта ў той час, калі сярод важатых ёсць Валерыя Белякала, — дадае В.Куніцкі. — Валерыя Ігараўна сёлета скончыла БДПУ і будзе працаваць у адной са школ Мінска. Так, як мая ўнучка, робяць многія дзеці: даведваюцца ў важатых, на якія змены яны прыедуць у “Фатон” праз год, і самі прыязджаюць у той жа час. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што галоўнае ў лагеры — сабраць добрую, трывалую каманду, якая ўмее згуртаваць дзяцей, падарыць ім незабыўны настрой і прыемныя ўспаміны, якія будуць жыць у памяці да новага лета, да нашай новай сустрэчы”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА