Загадкавы свет археалогіі

- 12:25Адукацыйная прастора

Пачатак чэрвеня — гэта не толькі дзяржаўныя экзамены, але і планы на летнія канікулы. У сярэдняй школе № 32 Цэнтральнага раёна Мінска ёсць свая адметнасць. Вучні 8—10 класаў выязджаюць на археалагічныя раскопкі па гісторыка-культурных мясцінах краіны.

Школа наша — новая, функцыянуе только другі год, але пры ёй ужо створаны выязны летні лагер “Археолаг”. У мінулым годзе нашы школьнікі ўпершыню пабывалі на археалагічных раскопках у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, дзе пад эгідай Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея працягваліся археалагічныя даследаванні гарадзішча “Беразавец”.

Ідэя стварэння лагера зарадзілася даўно, яшчэ ў 2008 годзе, калі мяне, тады яшчэ настаўніка гісторыі сярэдняй школы № 77 Заводскага раёна Мінска, і навучэнцаў запрасілі супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі дапамагчы ў раскопках курганнага некропаля недалёка ад пасёлка Плешчаніцы Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Гэта былі незабыўныя для дзяцей дні: палаткі, згатаваны на вогнішчы духмяны чай, прыгожы сасновы лес, невялікая рачулка з чыстай халоднай вадой і вялікае вадасховішча недалёка ад нашага лагера. А побач — курганны магільнік перыяду Старажытнай Русі. У раскопках некалькіх курганоў мы і прынялі ўдзел, дапамагаючы археолагам у іх нялёгкай працы.

З кожным годам геаграфія археалагічных даследаванняў з удзелам лагера “Археолаг” станавілася шырэйшай: паселішчы каля вёскі Гарадзішча і курганны некропаль недалёка ад пасёлка Плешчаніцы Лагойскага раёна; раскопкі па вуліцы Кірылы і Мяфодзія ў Верхнім горадзе — гістарычным цэнтры нашай сталіцы; даследаванні гарадзішча ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Сёння я настаўнік 32-й школы Мінска. Новая школа, новыя вучні, але традыцыя выязджаць з летнім археалагічным лагерам на раскопкі захавалася.

Гістарычных помнікаў, якія падлягаюць археалагічнаму даследаванню, у Беларусі дастаткова. Ужо хутка пачнецца новы палявы сезон у археолагаў з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, выедуць на раскопкі і студэнты гістарычных факультэтаў шэрага УВА, рыхтуецца аказаць дапамогу археолагам і наш выязны лагер. Для вучняў кожная такая паездка — гэта адкрыццё новага, нязведанага, што дае ім магчымасць пашырыць кругагляд і далучыцца да вытокаў культурнай спадчыны тых месцаў, якія з’яўляюцца “цаглінкамі” гісторыі нашай краіны. А яшчэ гэта знаёмства з новымі людзьмі, новымі гісторыямі і легендамі з жыцця жыхароў той ці іншай мясцовасці. А ў цэлым — гэта цікавасць да гісторыі, гісторыка-культурнай спадчыны Радзімы. Акрамя таго, удзел у раскопках (а гэта нялёгкая праца) дае магчымасць загартаваць характар (выканаць працу “праз не магу” — гэта дарагога варта). Яшчэ адзін немалаважны фактар стварэння лагера “Археолаг” — гэта магчымасць удзелу ў ім вучняў з рознымі здольнасцямі, самага рознага сацыяльнага становішча. Але ўсіх тых, хто прыходзіць да нас у лагер, аб’ядноўвае цікавасць да таямніц загадкавага, неспазнанага, таго, што захоўваюць помнікі гісторыі.

Акрамя таго, археалагічныя раскопкі даюць магчымасць прафесійнага самавызначэння. Удзел школьнікаў у даследчай дзейнасці праз археалагічныя раскопкі, наша супрацоўніцтва з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, раённымі краязнаўчымі музеямі, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем дае дзецям магчымасць пазнаёміцца з метадамі археалагічных даследаванняў, дазваляе дапоўніць і паглыбіць веды па гісторыі на аснове археалагічнага матэрыялу. І, вядома ж, у вучняў, якія пабывалі на раскопках, ёсць магчымасць удзелу ў творчых праектах, стварэнні мультымедыйных прэзентацый, у навукова-практычных канферэнцыях, акцыях, тэматычных выставах з перспектывай на новы навучальны год.

Вопыт, дзякуючы якому нашы школьнікі чарговы раз будуць прымаць удзел у археалагічных раскопках, накіраваны на вырашэнне праблемы фарміравання сацыяльна адаптаванай, актыўнай, творчай, фізічна моцнай, духоўна багатай і гарманічна развітой асобы.

Уладзімір ХАРТАНОВІЧ,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 32 Мінска.
Фота аўтара.