“Захапляюся працай сваіх настаўнікаў”

- 11:48Адукацыйная прастора

Дырэктар івацэвіцкай сярэдняй школы № 3 Алег Аляксеевіч Кузьмін, на прафесійным рахунку якога 24 гады педагагічнага стажу, а з іх амаль 10 гадоў — дырэктарскага, чалавек дзейны. Руплівы арганізатар, які ўмее задаць у калектыве правільны настрой, тонкі кіраўнік, які ўважліва і з паразуменнем ставіцца да сваіх падначаленых, вопытны настаўнік беларускай мовы і літаратуры, у якога атрымліваецца сумяшчаць педагогіку з кіраваннем школай, і да таго ж дэпутат райвыканкама, дбае пра патрэбы раёна. Сёння ён разважае пра тое, якімі педагагічнымі каштоўнасцямі багата яго школа.

У хуткім часе Алег Аляксеевіч адзначыць важную дату — 5 гадоў у якасці “галоўнакамандуючага” школы.

“На пасаду дырэктара я прыйшоў у навучальную ўстанову, у якой ужо былі традыцыі, закладзеныя папярэднімі кіраўнікамі, быў узяты курс на пастаяннае развіццё і ўдасканальванне. Рухаючая сіла бесперапыннага развіцця — у першую чаргу творча працуючыя педагогі. Да гэтага часу, хоць за 5 гадоў і паспеў вывучыць паднаготную кожнага калегі, захапляюся працай усіх настаўнікаў нашай школы разам і кожнага паасобку. Даўно заўважыў: самая значная падзяка і падтрымка для калег, маладых і вопытных, — маральная. Здаецца, ад добрага слова ў іх вырастаюць крылы. Гэта вельмі каштоўна ў рабоце педагога, таму хваліць стараюся пастаянна”.

Сярэдні ўзрост настаўніцкага калектыву івацэвіцкай школы № 3 складае не больш за 40 гадоў. Вышэйшую і першую катэгорыю мае большая частка калектыву — 86 са 104 чалавек. Працуюць тры настаўнікі-цьютары: настаўніца хіміі Н.Г.Піліпцэвіч, настаўніца біялогіі Т.Р.Пясецкая, настаўніца геаграфіі І.І.Мікалайчык. Педагогі займаюцца падрыхтоўкай адораных і высокаматываваных дзяцей школы і раёна да разнастайных конкурсаў, алімпіяд.

Улічваючы патрабаванні старшых школьнікаў, у школе арганізавана работа мультыпрофільнай групы 10-класнікаў. Навучэнцы на павышаным узроўні займаюцца беларускай і англійскай мовай і грамадазнаўствам. Вучнямі 11 класа працягнута навучанне ў профільнай групе па вывучэнні рускай мовы, англійскай мовы і матэматыкі на павышаным узроўні. Свой разумовы патэнцыял навучэнцы пацвярджаюць на шматлікіх алімпіядах, конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, дзе становяцца пераможцамі раённага і абласнога этапаў. Рэйтынгамі паспяховасці мераюцца і ў родных сценах — у рамках школы праводзіцца конкурс вучнёўскага майстэрства “Вучань года”.

Трансляцыя педагагічнага вопыту

На працягу кіраўніцкага стажу Алег Аляксеевіч паступова займаецца стварэннем адзінай інфармацыйнай прасторы ў школе і ўдасканальваннем яе дзейнасці. Кіраўнік навучальнай установы ўпэўнены, што без укаранення інтэрактыўных і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій сучасны адукацыйны працэс немагчымы.

“Матэрыяльна-тэхнічная база школы немалая: працуе ўнутраная лакальная сетка, інтэрактыўныя дошкі ў кабінеце фізікі і геаграфіі, да якіх падведзены інтэрнэт. Не без дапамогі бацькоўскага калектыву мы аснасцілі многія кабінеты школы шырокафарматнымі тэлевізарамі і ўключылі іх у лакальную сетку. У планах — паступовае аснашчэнне ўсіх асноўных школьных кабінетаў камп’ютарамі і пашырэнне лакальнай сеткі”.

Асаблівая ўвага адміністрацыі школы і настаўнікаў інфарматыкі была ўдзелена апошнім часам і школьнаму сайту. Гэта люстэрка, па якім аб дзейнасці школы судзяць усюль, куды цікава зазірнуць і вучню, і бацькам, ды і самім настаўнікам. Каб зрабіць сайт больш змястоўным і прафесійным, было вырашана абнавіць платформу, на якой быў створаны яго папярэднік.

“Пашырэнне магчымасцей школьнага сайта падштурхнула да развіцця новага напрамку — стварэння блогаў метадычных аб’яднанняў. Я перакананы, што трансліраваць свой вопыт работы трэба абавязкова. Нашым першапраходцам стала загадчыца школьнай бібліятэкі Галіна Мікалаеўна Мелех. Для метадычных аб’яднанняў нашай школы гэта прыклад блога, які выконвае галоўную сваю функцыю — паказвае сістэму работы бібліятэкі. У бібліятэчным блогу прафесійна адлюстравана работа з дзецьмі, настаўнікамі, бацькамі і пісьменнікамі. Асабісты блог, які актыўна наведваюць вучні старшых класаў і калегі, вядзе настаўніца інфарматыкі Галіна Адамаўна Стаскевіч. У планах — стварэнне блога кожнага метадычнага аб’яднання, якіх у школе дзейнічае трынаццаць”.

Алег Аляксеевіч таксама не стаў адставаць ад перадавых калег і нядаўна стварыў дырэктарскі блог, на ўласным прыкладзе паказаўшы неабходнасць існавання такіх рэсурсаў, дзе будуць змешчаны абагульнены вопыт і сістэма работы, дадатковая інфармацыя для школьнікаў, бацькоў, калег.

Выхаванне грамадзянскасці

Часцей за ўсё менавіта цікавасці і схільнасці вучняў дыктуюць новыя адукацыйныя ці выхаваўчыя пачынанні. Таму перад тым, як пачаць новы праект або адкрыць новы профіль, кожная школа праводзіць шырокую работу па вывучэнні матывацыі дзяцей і іх бацькоў. Дзякуючы такой рабоце і з мэтай выхавання ў вучняў патрыятызму, законапаслухмяных паводзін, любові да роднага краю, гістарычнага мінулага Радзімы, у тым ліку да гісторыі органаў унутраных спраў, у івацэвіцкай сярэдняй школе № 3 былі сфарміраваны прававыя класы.

“Гэтая гісторыя пачалася нядаўна, у 2013 годзе. На падставе трохбаковай дамовы паміж акадэміяй МУС, аддзелам адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама і нашай школай быў адкрыты пробны прававы клас — дзявяты. На сённяшні дзень у прававым напрамку працуюць ужо чатыры класы: пяты, сёмы, дзясяты і адзінаццаты. Усе нашы юныя правазнаўцы носяць спецыяльную форму. На маю думку, прававая адукацыя павінна быць бесперапыннай і сістэмнай на працягу ўсяго перыяду школьнага навучання, таму неад’емнай часткай работы з прававым класам стала ўвядзенне факультатыўных заняткаў “Асновы прававых ведаў”. Для лепшага ўяўлення аб рабоце органаў права і парадку мы сістэматычна арганізоўваем экскурсіі і ў РАУС, і ў батальён аховы, і ў суд. Усе гэтыя экскурсіі не проста праяўленне цікавасці да працы сілавікоў нашымі навучэнцамі, а дзесьці нават на ўзроўні падсвядомасці работа па прывіцці навучэнцам законапаслухмяных паводзін. Работнікі гэтых структур — частыя госці на пазакласных мерапрыемствах, класных і інфармацыйных гадзінах, дзе даюць больш падрабязную, з улікам узросту дзяцей, інфармацыю пра спецыфіку работы розных аддзелаў, інспекцый, што, у сваю чаргу, станоўча адбіваецца на іміджы работніка ўнутраных спраў”.

З гэтага навучальнага года на базе школы працуе клуб “Трапны стралок”, дзе з навучэнцамі прававых класаў вывучаецца стралковая зброя, развіваецца навык стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі. Немагчыма сабе ўявіць ваеннага, які не ўмее танцаваць вальс, таму для развіцця танцавальных навыкаў кадэты актыўна наведваюць танцавальны клуб “Кадэт”.

Навучэнцы прававых класаў прымаюць удзел у раённай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня” , на працягу апошніх 3 гадоў з’яўляюцца яе бясспрэчнымі лідарамі. Тры гады запар прадстаўляюць раён на абласным этапе.

Алег Аляксеевіч, які прытрымліваецца дэмакратычнага стылю кіраўніцтва і стараецца быць са сваімі навучэнцамі на адной хвалі, ладзіць з кадэтамі велапрабегі, паходы, экскурсіі па мясцінах баявой славы раёна, што таксама з’яўляецца важнай часткай выхавання патрыятызму, любові да роднага краю.

Зараз кадэты рыхтуюцца да ўдзелу ў Рэспубліканскай прававой алімпіядзе “Феміда”.

“Зялёны квартал”

Ужо тры гады ў школе існуе яшчэ адзін каштоўны прафарыентацыйны праект, ініцыятарам якога стаў дырэктар школы Алег Аляксеевіч, — школьнае лясніцтва “Зялёны квартал”. Для правядзення заняткаў была выбрана вочна-завочная форма: завочныя заняткі клуба праходзяць у кабінеце біялогіі, вочныя — у івацэвіцкім лясніцтве, дзе ва ўдзельнікаў клуба ёсць свой участак, падзелены на кварталы. Там яны праводзяць назіранні за насельнікамі лесу, вывучаюць рэдкія віды раслін, удзельнічаюць у стварэнні экалагічнай сцежкі. Вынікам вывучэння рэдкіх раслін, птушак, жывёл прапанаванага арэала з’яўляецца навукова-даследчая дзейнасць, рэзультаты якой не прымусілі сябе чакаць. У 2015 годзе на Рэспубліканскім юніёрскім конкурсе “Квітней, мой край!” юныя лесаводы Ірына Саванчук і Аксана Горбач з навуковай работай “Маніторынг мацярынскай калоніі двухколернага кажана” сталі першымі ў вобласці і трэцімі на рэспубліканскім узроўні. Летась удзельнікі Карына Васілевіч і Кацярына Клімовіч з даследаваннем “Вывучэнне асаблівасцей і хуткасці распаўсюджвання амялы белай” атрымалі на абласным этапе дыплом ІІ ступені.

У традыцыях праваслаўнай культуры

Адным з новых здабыткаў школы і асабістых каштоўнасцей Алега Аляксеевіча ў гэтым навучальным годзе стаў удзел у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўна-маральнай і культурнай спадчыны”. Дапамагчы дзецям выбраць правільны жыццёвы арыенцір вырашана было праз супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой і ўвядзенне ў сістэму работы школы факультатыўных заняткаў і заняткаў па інтарэсах “Асновы праваслаўнай культуры”. А з мінулага года ў 9—11 класах дзейнічае клуб “Праваслаўнае краязнаўства”. Для навучэнцаў клуб адкрывае нязведаную старонку гісторыі. Яны вывучаюць культавыя збудаванні Івацэвіцкага раёна, знаёмяцца з гісторыяй іх стварэння, аднаўлення, традыцыямі.

Дзякуючы духоўна-педагагічным здабыткам, у школе з’явілася новая традыцыя — правядзенне свят “Калядныя сустрэчы” і “Велікодны куліч”, сустрэч з прадстаўнікамі царквы.

Бізнес з мастацкім ухілам

Пад кіраўніцтвам настаўнікаў выяўленчага мастацтва Ірыны Мікалаеўны Худзінскай і Іны Іванаўны Мікалайчык была створана школьная бізнес-кампанія “Вернісаж”. Запатрабаваны сучаснымі падлеткамі напрамак дзейнасці перш за ўсё садзейнічае развіццю ў дзяцей эканамічных ведаў, навучанню асновам прадпрымальніцтва, стварэнню практычнага вопыту ў гэтай галіне.

“У рамках бізнес-праекта старшакласнікі займаюцца вырабам бэйджаў, візітак, тэматычных магнітаў, закладак-падказак па вучэбных прадметах, нумаркоў для гардэробаў, асвойваюць выраб настольных і кішэнных календароў. Прымаюць удзел у раённай алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці, у тыдні прадпрымальніцтва і дабрачынным кірмашы “Дзеці — дзецям”, якія праводзяцца ў школе. З бізнесменамі-школьнікамі дзеляцца вопытам паспяховыя прадпрымальнікі раёна, працуюць прадстаўнікі гарадскога аддзялення ААТ “АСБ Беларусбанк”, якія даюць майстар-класы, расказваюць пра юрыдычныя і фінансавыя нюансы прадпрымальніцтва, крэдытаванне прадпрымальнікаў, адкрыццё разліковых рахункаў. Зразумела, не ўсе ўдзельнікі бізнес-кампаніі пададуцца ў прадпрымальнікі, але атрыманыя веды спатрэбяцца падлеткам у дарослым жыцці”.

* * *

Школа будуецца не толькі будаўнікамі, але і педагагічным калектывам на чале з улюбёным у сваю работу дырэктарам. І калі трывалы падмурак планаў і пачынанняў у навучальнай установы ёсць, то і вынікі заўсёды будуць.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара і з архіва школы.