Захаваем! А можа, адновім?

- 15:09Выхаванне

У нашай багатай гістарычнай спадчыне дваранскім сядзібам належыць асаблівае месца. Кожная старадаўняя сядзіба — гэта значны культурна-гістарычны і эканамічны пласт, цесна звязаны з гісторыяй і жыццём іншых сядзіб і краіны ў цэлым. Рэшткі сядзібна-паркавых ансамбляў фарміруюць асаблівую культуру памяці, выбудоўваюць нябачную сувязь паміж пакаленнямі. Галынкаўскі сельскі савет Клецкага раёна багаты на помнікі гісторыі і культуры. Адным з самых цікавых з’яўляецца комплекс сядзібы памешчыкаў Вендорфаў, які захаваўся часткова.

Род Вендорфаў — гэта тыповыя прадстаўнікі дваран беларускіх земляў канца XVIII—XIX стагоддзя, а ў іх маёнтку ў Галынцы адбіліся характэрныя рысы архітэктуры, культуры і эканомікі беларускіх маёнткаў гэтага перыяду. Мы нездарма звярнулі ўвагу на гэты помнік. Па-першае, ён знікае, і неабходна аднавіць гістарычныя веды пра яго, па-другое, сучаснае пакаленне жыхароў Галынкі амаль нічога не ведае пра маёнтак. У гэтым мы пераканаліся, праводзячы апытанне. Разам з вучаніцай 10 класа Кацярынай Віннічак мы вывучылі гісторыю роду Вендорфаў у перыяд з канца XVIII стагоддзя да 30-х гадоў XX стагоддзя; пазнаёміліся з архітэктурным афармленнем сядзібы, яе садова-паркавым ансамблем; прааналізавалі эканамічнае і культурнае жыццё сядзібы; даведаліся пра знакамітых людзей, якія наведвалі маёнтак Вендорфаў; стварылі макет-рэканструкцыю маёнтка; унеслі прапановы па перспектыўным выкарыстанні матэрыяльнай спадчыны сядзібна-паркавага комплексу.

Прыступаючы да даследавання, мы ўжо ведалі імёны ўладальнікаў маёнтка, ведалі, што ў ім прайшло дзяцінства вядомай беларускай пісьменніцы і рэвалюцыянеркі Евы Фялінскай. Мы правялі своеасаблівую рэвізію часткова ацалелых пабудоў, рэшткаў саду, парку, рачных тэрас, штучных вадаёмаў. Апыталі старажылаў, якія расказалі і паказалі, дзе прыблізна размяшчаліся пабудовы, якія не захаваліся. Склалі план маёнтка, потым мы прыступілі да стварэння макета. Паколькі звестак было недастаткова, мы звярнуліся ў краязнаўчыя музеі Клецка і Ганцавіч, у Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Мы ездзілі ў вёску Ясянец Ганцавіцкага раёна на месца родавай пахавальні Вендорфаў. Шмат звестак запазычылі з перыядычнага друку. Аб тыповых асаблівасцях архітэктуры, культурна-эканамічнага жыцця беларускіх маёнткаў канца XVIII—XIX стагоддзя мы даведаліся з прац мастацтвазнаўцы і гісторыка А.Т.Федарука.

Нам не ўдалося знайсці звестак пра першы панскі дом, але вядома, што Станіслаў і Ева Вендорф у 1802 годзе пабудавалі новы дом з лістоўніцы ў стылі класіцызму. Акрамя асноўнага будынка, меўся гасцявы дом-афіцына. Адначасова з сядзібным домам таксама з лістоўніцы быў пабудаваны двухпавярховы дом, названы “Імбарам”. Ніжні паверх “Імбара” служыў складам спіртных напояў, другі — залай, дзе ладзіліся танцы падчас вялікіх прыёмаў. Да гаспадарчых пабудоў адносяцца свіран з падмуркам з апрацаванага граніту з дзвюма бетоннымі прыступкамі ў склеп, які служыў сыраварняй. З боку ракі стаяла мураваная вяндлярня, пабудаваная ў выглядзе вежы з байніцамі. Перад дарогай праз раку на ўзвышшы размяшчаўся спіртзавод. У стылі класіцызму была пабудавана капліца. Упрыгажэннем маёнтка была галубятня. Васьмівугольны ў плане будынак быў узведзены з чырвонай цэглы на вапнавым растворы з шырокімі швамі. Вялікія аконныя праёмы для вентыляцыі былі закладзены цэглай у шахматным парадку. Дах уяўляў сабой гонтавы шацёр. З пералічаных архітэктурных збудаванняў да нашых дзён захаваліся рэшткі падмуркаў сядзібнага дома, афіцыны, свірна, агароднінасховішча, склеп, які служыў сыраварняй, сцены галубятні з разбураным дахам, каменны мех капліцы.

Усё далей адыходзіць ад нас XIX стагоддзе, і ўсё больш непаўторных сядзібных пабудоў той эпохі ператвараюцца ў руіны. Але час бывае і добразычлівым. Гэта ў поўнай меры тычыцца галынкаўскай сядзібы Вендорфаў. Аднавіць яе складана, але можна вывучаць тое, што засталося. Вывучаць і расказваць чарговым пакаленням аб тым, як жылі нашы продкі, і не толькі заможныя ўладальнікі, але і тыя, чыімі рукамі ўзводзіліся будынкі, хто саджаў дрэвы і кветкі ў садзе, парку, хто выкопваў сажалкі, хто збіраў ураджай, рыхтаваў смачную ежу. Матэрыяльную спадчыну сядзібна-паркавага комплексу Вендорфаў можна выкарыстоўваць у турыстычных, адукацыйных мэтах. Тут можна праводзіць гісторыка-краязнаўчыя заняткі.

Мы пачалі ўжо добраўпарадкоўваць тэрыторыю комплексу: абкасілі пустазелле, прыбралі сухія дрэвы. У гэтым нам аказалі дапамогу Галынкаўскае лясніцтва і Галынкаўскі сельсавет. Мы плануем пасадзіць тыя кветкі і расліны, якія некалі тут раслі. Гэта можа стаць тэмай экскурсіі “Беларускі кветнік”. Можна стварыць яшчэ цэлы шэраг экскурсій. Тыя фрагменты маёнтка, якія захаваліся, і цяпер маюць хай і невялікі, але каштоўны культурна-гістарычны патэнцыял, што дазваляе ўключыць рэшткі сядзібы ў турыстычны маршрут па Клецкім раёне. Тады да маёнтка Вендорфаў узмоцніцца цікавасць у турыстаў як да аднаго з прыкладаў беларускіх маёнткаў XVIII—ХХ стагоддзяў.

Ларыса ПУХНАЧ,
дырэктар Галынкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клецкага раёна.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.