Захаваць баланс інтарэсаў бізнесу і працоўных

- 10:23Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Рабочая сустрэча кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Нацыянальнага банка прайшла ў Мінску ў штаб-кватэры ФПБ, паведамілі ў прэс-службе федэрацыі.

Бакі разгледзелі ініцыятыву Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па стварэнні гарантыйнага фонду на выпадак нявыплаты заработнай платы пры банкруцтве прадпрыемстваў. “Такі фонд можа фарміравацца на салідарнай аснове, а расходавацца як у якасці дапамогі працоўным, так і на фінансавую падтрымку на тэрміновай і зваротнай аснове асобных прадпрыемстваў. Ідэя стварэння гарантыйнага фонду нараўне з выкарыстаннем іншых інструментаў сацыяльнай падтрымкі працоўных калектываў пры правядзенні рэарганізацыі прадпрыемстваў падтрымана кіраўніцтвам Нацбанка. Дасягнута дамоўленасць прадоўжыць прадметнае абмеркаванне гэтых пытанняў у найбліжэйшы час”, — сказалі ў прэс-службе.

Як адзначыў старшыня ФПБ Міхаіл Орда, для ўсіх вельмі важна захаваць баланс інтарэсаў бізнесу і працоўных. “Для прафсаюзаў асабліва важна, каб у чалавека была работа і магчымасць зарабляць. А гэта залежыць ад таго, наколькі эфектыўна працуюць прадпрыемствы, — сказаў ён. — Мы бачым, што сёння складваецца няпростая сітуацыя ў эканоміцы і на рынку працы. Патрэбны новыя рабочыя месцы. Аб гэтым ішла размова і на V Усебеларускім народным сходзе. Кіраўнік дзяржавы паставіў перад усімі органамі ўлады задачу стварыць за пяцігодку 250 тысяч рабочых месцаў. Але для гэтага патрэбны інвестыцыі і даступныя крэдыты”.

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур падкрэсліў: “Асноўная задача на гэты час — захоўваючы макраэканамічную збалансаванасць, выйсці на ўстойлівы рост нацыянальнай эканомікі. Аднак трэба разумець, што без структурных рэформ тут не абысціся. Наша агульная задача — мінімізаваць магчымыя негатыўныя наступствы і падтрымаць слабаабароненыя слаі насельніцтва. Без гэтага належнага эфекту мы не атрымаем”.

Удзельнікі рабочай сустрэчы таксама абмеркавалі актуальныя пытанні грашова-крэдытнай палітыкі краіны, пытанні ўзаемадзеяння банкаў з рэальным сектарам эканомікі. Размова ў тым ліку ішла аб магчымых перспектывах зніжэння крэдытных ставак у эканоміцы, механізмах падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу.