Захопленыя фізікай

- 11:33Адукацыйная прастора, Алімпіядны рух

На Рэспубліканскай алімпіядзе па фізіцы лепшай стала каманда Гомельскай вобласці.

Старшыня журы Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы загадчык кафедры агульнай фізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Іванавіч Слаба­дзянюк заўважыў: “Алімпіяда ўдалася”.

— У тэарэтычным туры мы заўсёды стараемся, каб усе задачы былі арыгінальнымі, не зусім звычайнымі для школьнікаў, і гэта атрымалася. Фізіка — навука эксперыментальная, таму на рэспубліканскай алімпія­дзе без эксперыментаў не можа быць. Другі тур — эксперыментальны. Частка прыбораў была падрыхтавана на месцы, частка прывезена. Адным удзельнікам алімпіяды дасталася оптыка, другім — механіка. Прыйшлося 5 гадзін папрацаваць з прыборамі, каб не толькі атрымаць нейкія вынікі, але і апрацаваць іх. Вельмі прыемна, што, як і ў мінулы год, лепшай стала каманда Гомельскай вобласці, — расказаў Анатоль Слабадзянюк. 

Старшыня журы таксама дадаў, што бачна была вельмі сур’ёзная падрыхтоўка школьнікаў да алімпіяды. Боль­шасць ­удзельнікаў пераўзыходзяць узровень школьнай праграмы.

— У складзе нашай каманды 6 адзінаццацікласнікаў, па пяць дзесяцікласнікаў і дзевяцікласнікаў, з 16 чалавек 13 заваявалі дыпломы, што для нашай Гомельскай вобласці з’яўляецца лепшым вынікам за ўсю гісторыю ўдзелу ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, — падзяліўся ўражаннямі трэнер каманды Гомельскай вобласці па фізіцы Сяргей Карнавухаў. — Рыхтавалі школьнікаў іх настаўнікі, трэнеры, у тым ліку Святлана Анатольеўна Крот, і выкладчыкі УВА, у прыватнасці, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, з вучнямі зай­маліся Валерый Мікалае­віч Капшай і Міхаіл Ула­дзіміравіч Буй. Вялікі дзякуй хочацца сказаць навучэнцам гімназіі № 14 Гомеля, усе сем заваявалі дыпломы. 

Уладзіслаў Багінскі на павышаным узроўні пачаў займацца фізікай у 10 класе, калі перайшоў у Гомельскі гарадскі ліцэй № 1 і трапіў да настаўніцы Людмілы Іванаўны Гарбачовай, хадзіў на заняткі да М.У.Буя. У 10 класе атрымаў дыплом II ступені, а сёлета — I ступені. 

Аляксандр Мельнічэнка з сярэдняй школы № 9 Мазыра таксама сур’ёзна займаецца фізікай:

— Мне вельмі падабаюцца дакладныя навукі. Фізіка, можна сказаць, гэта практычная матэматыка. Ты бачыш нейкія фізічныя з’явы і можаш іх выказаць на мове формул, і гэта вельмі цікава. Вялікі ўклад у маё развіццё ў прадмеце фізікі зрабілі педагогі С.А.Крот і і В.М.Капшай.

Уладальнікамі дыпломаў I ступені па фізіцы сталі Аліна Палонская (сярэдняя школа № 11 Магілёва), Расціслаў Клімко (Ліцэй БДУ), Раман Плаксянок (Ліцэй БДУ), Кацярына Пастнова (Ліцэй БДУ), Уладзіслаў Багінскі (Гомельскі гарадскі ліцэй № 1), Яна Пігунова (гімназія № 14 Гомеля), Платон Віннічак (гімназія № 14 Гомеля), Аляксандр Мельнічэнка (сярэдняя школа № 9 Мазыра), Алег Лашкевіч (гімназія № 14 Гомеля), Дзяніс Кагукін (Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Ф.Скарыны) і Міхаіл Хурсін (гімназія № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага).

Спецыяльнага прыза міністра адукацыі ўдастоены самы юны ўдзельнік алімпіяды васьмікласнік гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна Адрыян Рэўкоўскі, які выступаў за каманду 9 класа і заваяваў дыплом III ступені. Юнак прызнаўся, што фізіка для яго вельмі цікавая навука, і ўсё дзякуючы настаўніку Івану Уладзіміравічу Мухіну.

Удзельнікаў алімпіяды прымалі ў Гро­дзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы.

 

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.