Першая змена перасоўнага палатачнага лагера “Турыст” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска завяршыла сваю работу. У гэтым годзе адпачывалі ў паходных умовах і правялі 9 дзён, напоўненых яркімі ўражаннямі, 25 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў з розных школ Першамайскага раёна горада.
Нашы турысты 4 ліпеня выйшлі на маршрут Бабруйск — Белы Бераг — возера Бярозавае — возера Прорва — Ігнацоўка — Бабруйск. За гэты час яны не толькі атрымалі асалоду ад рамантыкі пражывання ў палатках, вечароў ля вогнішча, але і сталі ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў. Так, 5 ліпеня праходзіла спартландыя “Летні біятлон”. Усё ў акрузе было напоўнена дзіцячым смехам, вучні акунуліся ва ўспаміны зімы і сталі на лыжы! 6 ліпеня, вывучаючы гісторыю малой радзімы, хлопцы і дзяўчаты прынялі ўдзел у квест-гульні “Сцежкамі роднага краю”, а ўвечары весела і заўзята правялі фальклорнае свята “Купалле”. Разам з казачнымі героямі шукалі папараць-кветку, плялі вянкі і ўпрыгожвалі “купальскае дрэўца”, вадзілі карагоды вакол вогнішча і спявалі песні.
На наступны дзень пераадолелі турыстычную паласу. Каманды стартавалі з падрыхтоўкай, неабходнай для праходжання маршруту, які дзяліўся на 5 этапаў. На кожны этап адводзіўся пэўны час. Дзеці вучыліся аказваць першую медыцынскую дапамогу, пераадольвалі цяжкасці паходных умоў і елі турыстычную кашу. 8 ліпеня прайшло мерапрыемства “Містар лагер”. Юнакі праяўлялі сябе ў мастацкіх, сілавых, творчых і танцавальных конкурсах. Самым незабыўным было ток-шоу “Адзін у адзін”, дзе свае таленты раскрылі самыя смелыя вучні, бо талентам весяліць іншых і смяяцца з сябе валодае не кожны нават дарослы чалавек.
Удзельнікам палатачнага лагера не даводзілася сумаваць. Тут яны спасцігалі азы самастойнага жыцця пад кіраўніцтвам лепшых педагогаў-турыстаў, правяралі свае сілы і веды, вучыліся працаваць у камандзе. Адпачынак атрымаўся не толькі актыўным і здаровым, але і пазітыўным, вельмі пазнавальным.
Валерыя САДОЎНІКАВА,
метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска.
Фота аўтара.