“Заклікаю ўсіх удзельнікаў канфлікту паважаць чалавечае жыццё”

- 10:26Інфармацыйная гадзіна

Спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік на брыфінгу ў Мінску заклікаў удзельнікаў канфлікту на ўсходзе Украіны паважаць чалавечае жыццё і выконваць дамоўленасці.

Марцін Сайдзік адзначыў, што першыя дні мая сталі для грамадзянскага насельніцтва ў зоне канфлікту аднымі з самых смяротных за вельмі доўгі час. Ён звярнуў увагу на сумную статыстыку, прадстаўленую офісам Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Так, колькасць загінуўшых у перыяд са студзеня па май гэтага года павялічылася на 120 працэнтаў (у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года). “Гэта пацвярджаецца справаздачамі спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ, — канстатаваў дыпламат. — І ў многім з’яўляецца вынікам прадаўжэння выкарыстання цяжкага ўзбраення ў пяці гарачых кропках і зацягвання працэсу размініравання”.

Паводле слоў спецпрадстаўніка АБСЕ, 85 працэнтаў усіх парушэнняў адбываюцца ў некалькіх зонах: Аўдзееўцы, Ясінаватай, Марыупалі і Светладарску.

“Усё гэта ўяўляе сабой парушэнне мінскіх дамоўленасцей і цалкам недапушчальна. Я асуджаю такое развіццё падзей і заклікаю ўсіх удзельнікаў канфлікту паважаць чалавечае жыццё, выконваць свае абавязацельствы па міжнародным праве і абараняць грамадзянскае насельніцтва па абодва бакі ад лініі сутыкнення”, — падкрэсліў Марцін Сайдзік. Ён упэўнены, што пры жаданні бакоў можна ўстрымацца ад такіх узброеных канфліктаў.

Дыпламат расказаў, што на абмеркаванні гэтых пытанняў 24 мая канцэнтравалася рабочая група па пытаннях бяспекі. Неаднаразова адзначалася, што выкарыстанне забароненага ўзбраення не павінна заставацца беспакараным.