Закрыццё ўстаноў культуры магчыма толькі пры ўмове згоды мясцовых жыхароў

- 10:00Інфармацыйная гадзіна

Эфектыўнасць работы сферы культуры павінна быць павышана. Аб гэтым заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко на калегіі Міністэрства культуры Беларусі.

“Галіна мае высокі патэнцыял, і трэба разумна ім распарадзіцца, а вынік у першую чаргу залежыць ад умення кіраўнікоў працаваць. Кіраўнік павінен быць мудрым”, — сказаў Васіль Жарко.

Паводле яго слоў, установы культуры павінны развівацца, каб не толькі не страціць гледача, чытача, але і прыцягваць больш публікі. “Сфера культуры павінна знаходзіць шляхі, каб зарабіць грошы, прапаноўваць праекты, якія будуць цікавыя вялікаму колу грамадскасці, — лічыць віцэ-прэм’ер. — Прыклады Мірскага і Нясвіжскага замкаў, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета паказваюць, што культура можа зарабляць. Вядома, магчымасці гэтых устаноў культуры шырэйшыя, але трэба імкнуцца, шукаць варыянты арганізацыям усіх узроўняў. І для гэтага ўстановы культуры на 2017 год павінны распрацаваць дакладныя бізнес-планы, зацверджаныя ў вышэйшых інстанцыях”.

Павышэнне эфектыўнасці дзейнасці сферы культуры немагчыма таксама без разумнай аптымізацыі арганізацый на ўсіх узроўнях, дадаў Васіль Жарко. “Размова ідзе не аб тым, каб страціць людзей, а пра неабходнасць выбудаваць сістэму кіравання”, — сказаў віцэ-прэм’ер. Ён даручыў уважліва ацаніць, наколькі апраўдана функцыянаванне на тэрыторыі аднаго раёна дзвюх або трох устаноў з падобнымі функцыямі. Напрыклад, у Гарадку працуюць Дом культуры і Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці, дзе працуюць амаль 150 чалавек. Кожная з гэтых устаноў мае штат кіраўнікоў, бухгалтэрыю, у той час як прынцыпова не зменіцца стан спраў, калі дзве структуры аб’яднаць. “Ва ўсім павінна быць разумная дастатковасць. Рашэнне аб закрыцці ўстаноў культуры трэба прымаць толькі пры ўмове згоды мясцовых жыхароў, для якіх бібліятэкі, дамы або цэнтры культуры часам становяцца ўстановамі сацыяльных паслуг”, — падагульніў Васіль Жарко.