Залатыя рукі і светлы розум

- 10:44Адукацыйная прастора

Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні праходзіў сёлета на базе Жодзінскага прафесійнага ліцэя. Спаборніцтвы праводзіліся 12-ы раз. У іх прынялі ўдзел 77 вучняў 7—11 класаў (39 хлопчыкаў і 38 дзяўчынак), у тым ліку навучэнцы І і ІІ курсаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На працягу тыдня былі арганізаваны тэарэтычны, практычны і творчы туры.

Юнакі майстравалі сувенір, а дзяўчаты — арганайзер для вышывання

Тэарэтычны тур доўжыўся 1 гадзіну. Ён прадугледжваў выкананне 25 тэставых заданняў адкрытага і закрытага тыпу. У адных трэба было даць разгорнутыя адказы на пытанні, а ў іншых — выбраць адзін або некалькі правільных адказаў з прапанаванага набору варыянтаў.
На практычным туры на працягу паўгадзіны навучэнцы складалі тэхналагічную карту па вырабе прапанаванай дэталі і затым за 3,5 гадзіны майстравалі яе. Заданні былі даволі аб’ёмнымі. Сёлета юнакі з некалькіх дэталей збіралі сувенір “Мінск — сталіца Рэспублікі Беларусь”. Па чарцяжах яны з драўніны і металу зрабілі падстаўку, на якую прымацавалі надпіс “РБ” металічнымі літарамі, а на адваротным баку — драўляную літару М. У дзяўчынак заданні на практычным туры былі комплексныя — неабходна было зрабіць арганайзер для вышывання “Вясеннія матывы”. Ён выконваўся з ільняной тканіны і складаўся з наступных дэталей: асноўнай, яе абточкі, пярэдняй дэталі і кішэні для нажніц. Дзяўчатам трэба было звязаць ігольніцу і прымацаваць яе да арганайзера, а таксама прадэманстраваць навыкі вышывання.
Творчы тур прадугледжваў абарону самастойна распрацаваных удзельнікамі алімпіяды і вырабленых загадзя вырабаў. Да свайго праекта навучэнцы прыкладалі растлумачальную запіску, у якой давалі эканамічнае абгрунтаванне распрацоўкі. Працэс абароны праектаў трансліраваўся падчас алімпіяды ў рэжыме анлайн для ўсіх яе ўдзельнікаў.
У складзе журы заключнага этапу алімпіяды былі навукоўцы і педагогі-практыкі — прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны. Старшыня журы дацэнт кафедры тэорыі і методыкі эстэтычнай адукацыі псіхолага-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Алена Анатольеўна Дзічэнская адзначыла: “Другі год алімпіяда па працоўным навучанні праходзіць у новым фармаце. Усе навучэнцы аб’яднаны ў адну ўзроставую групу, атрымліваюць аднолькавыя заданні, крытэрыі іх ацэнкі аднолькавыя для ўсіх. Раней асобна вылучаліся малодшая група (да 9 класа) і старэйшая група алімпіяднікаў. Пераможцамі сталі, што вельмі радуе, навучэнцы розных класаў. Дарэчы, узроставая разбежка ўдзельнікаў алімпіяды сёлета даволі вялікая. Самы малодшы з іх — сямікласнік Антон Віршыч з гімназіі № 1 Валожына. Самыя старэйшыя ўдзельнікі вучацца ў каледжах.
Максімальная колькасць балаў, якую маглі набраць навучэнцы па выніках усіх тураў, — 100. Журы складана было выбраць лепшых, асабліва пры разглядзе творчых праектаў, паколькі яны вызначаліся адметным зместам, адрозніваліся па ступені складанасці і тэхніцы выканання. Усе члены журы былі ўражаны нестандартнымі, крэатыўнымі ідэямі работ як юнакоў, так і дзяўчат. Удзельнікі выкарыстоўвалі своеасаблівыя аўтарскія прыёмы, спалучалі адразу некалькі тэхнік, што надавала праектам навізну і арыгінальнасць. Многія да сваіх вырабаў падышлі з практычнага пункту гледжання. Адзенне, прадметы побыту, мэбля, інструменты, якія яны зрабілі, спатрэбяцца ім у будучыні. Рэчы атрымаліся сапраўды прыгожымі і зручнымі, прычым цалкам з натуральных матэрыялаў.
У цэлым ацэнкі работ дзяцей не вельмі адрозніваліся паміж сабой, разбежка ў балах была невялікай”.

Капялюш для містара Майстра

45 працэнтаў удзельнікаў алімпіяды атрымалі дыпломы. Па іх колькасці ў лідарах аказаліся каманды з Гомеля і Магілёва (у кожнай — па 8 дыпломаў). Каманды гэтых абласцей лідзіруюць на спаборніцтвах не першы год.
Як расказалі кіраўнікі каманды Магілёўскай вобласці Н.М.Круталевіч і А.А.Пархоменка, сакрэт поспеху каманды — у карпатлівай працы навучэнцаў і настаўнікаў. У вобласці для дзяцей, пачынаючы з 5 класа, арганізоўваюцца алімпіяды па працоўным навучанні, працуе абласная вочна-завочная “Школа алімпіяднікаў” і летні лагер “Алімпіец”. Пасля завяршэння кожнай алімпіяды яе ўдзельнікі і іншыя школьнікі пачынаюць рыхтавацца да наступнай. Сярод дзяўчынак абсалютнай пераможцай стала прадстаўніца Магілёўскай вобласці дзесяцікласніца Лізавета Сушчынская з Гарбавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна. Яна набрала 79,05 балаў са 100.
Навучэнка, дэманструючы свой творчы праект — сукенку колеру марской хвалі, расказала: “Гэтым летам я планавала паездку на мора, але, на жаль, не ўдалося ажыццявіць задуманае, таму і вырашыла пашыць сукенку, якая нагадвала б мне пра мора. Яе колер і форма спалучаюцца так, што атрымліваецца эфект марскіх хваль. Сукенка ўпрыгожана ручной вышыўкай. Працавала над ёй каля месяца. Захапленне рукадзеллем перадалося мне ад бабулі-швачкі”. Лізавета Сушчынская паведаміла, што плануе паступаць у БНТУ на архітэктурны факультэт.
Традыцыйным лідарам алімпіяды па працоўным навучанні з’яўляецца таксама каманда Гомельскай вобласці. У яе трывалая метадычная і тэхнічная база, якую ў свой час сфарміраваў пачынальнік алімпіяднага руху па працоўным навучанні Віталь Васільевіч Гузаў, аўтар ВМК па тэхнічай працы, лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, настаўнік-метадыст. Разам з ім у сярэдняй школе № 13 Жлобіна настаўнічае Дзмітрый Барысавіч Доўнар. Сумеснымі намаганнямі педагогі даюць дзецям грунтоўныя веды. Па сутнасці, вучні на іх уроках атрымліваюць інжынерную падрыхтоўку. За кошт факультатыўных гадзін у школе наладжана падрыхтоўка старшакласнікаў да будучай прафесійнай дзейнасці. “З кожным годам расце ўзровень майстэрства дзяцей на алімпіядах. Той бал, які ў мінулым годзе цягнуў на дыплом, сёння не дае магчымасці атрымаць яго, — гаворыць Віталь Васільевіч. — Што такое алімпіяда для кожнага канкрэтнага навучэнца? Ён адчувае значнасць сваёй асобы, асэнсоўвае сваё “Я” ў гэтым свеце. Спаборніцтвы дапамагаюць яму ў будучыні знайсці свой шлях у жыцці. Некаторыя не разумеюць, што дае ўдзел у алімпіядзе па працоўным навучанні старшакласнікам, якія нацэлены на атрыманне вышэйшай адукацыі. А такіх большасць. Многія юнакі, напрыклад, бачаць сябе інжынерамі. А хто такі інжынер? Гэта не толькі тэарэтык, але і практык, які можа ўзяць у рукі інструмент і зрабіць неабходную дэталь. Спецыяліст-кіраўнік, які прыходзіць на вытворчасць і нічога не ўмее рабіць на практыцы, хутка губляе аўтарытэт у падначаленых. У інжынера павінен быць належны ўзровень тэхнічнага мыслення, навыкі рашэння канструктарскіх задач, высокі ўзровень графічнай граматнасці. Гэтаму і вучаць на алімпіядах па працоўным навучанні. Творчыя праекты, якія сёння прадставілі юнакі, па ўзроўні не адрозніваюцца ад лепшых курсавых работ студэнтаў III курса. Каб заняць высокае месца на нашай алімпіядзе, трэба быць “мнагаборцам” — аднолькава моцным і ў тэорыі, і ў практыцы. Каб адказаць правільна на пытанні тэстаў, неабходна мець грунтоўныя веды па некалькіх прадметах, асабліва па матэматыцы і фізіцы. Сярод алімпіядных ёсць заданні і на логіку, у якіх за знешняй прастатой можа быць схавана складанае рашэнне”.
Па традыцыі Віталь Васільевіч Гузаў падчас урачыстай цырымоніі закрыцця алімпіяды ўшаноўваў свайго лепшага вучня, які неаднойчы даказаў адданасць прадмету “Працоўнае навучанне”.
“Андрэй Віннік устанавіў сёлета сапраўдны рэкорд, стаўшы пяцікратным пераможцам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, — паведаміў Віталь Васільевіч. — Яму прапаноўвалі займацца паглыблена інфарматыкай, хіміяй, фізікай, геаграфіяй, але ён застаўся верным працоўнаму навучанню. Андрэй — неаднаразовы пераможца конкурсу “ТэхнаІнтэлект”. Перад ім я здымаю капялюш, сёння ён містар Майстар”. Віталь Васільевіч перадаў Андрэю Вінніку, вучню 11 класа сярэдняй школы № 13 Жлобіна, свой фірменны атрыбут — капялюш Майстра. Сярод вырабаў, якія Андрэй прадстаўляў на алімпіядах у розныя гады, былі лаўка, лямпа, пісьмовы набор, універсальная шліфавальная машына, а сёлета — набор інструментаў і прыстасаванняў для хатняй майстэрні, якія юнак старанна вытачыў. Андрэй плануе паступаць у БНТУ на адзін з самых прэстыжных факультэтаў — аўтатрактарны, ён марыць стаць інжынерам-механікам.
Абсалютным пераможцам сярод юнакоў стаў таксама вучань з Гомельскай вобласці Максім Кавалёў, навучэнец 11 класа Сталпнянскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна. Ён набраў 93,8 бала са 100. Творчы праект Максіма — пано, якое складаецца з вялікай колькасці дэталей, вырабленых з розных парод драўніны і без прымянення фарбавальнікаў. Дэталі юнак выразаў уручную і наклейваў на аснову. Вучань плануе паступіць у Мазырскі педагагічны ўніверсітэт і атрымаць спецыяльнасць “Настаўнік працоўнага навучання”.
Максім Кавалёў атрымаў не толькі дыплом І ступені, але і спецыяльны прыз міністра адукацыі “Лепшаму сельскаму школьніку”.

***

Для ўдзельнікаў алімпіяды прайшла аглядная экскурсія па горадзе з наведваннем музея баявой і працоўнай славы ў сярэдняй школе № 4 Жодзіна і прамысловых прадпрыемстваў горада: ААТ “БЕЛАЗ” — кіруючай кампаніі холдынгу “БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ”, ААТ “Кавальскі завод цяжкіх штамповак”, філіяла “Жодзінскі хлебазавод” РУП “Барысаўхлебпрам”, ААТ “Світанак” і іншых.

Дыпломам І ступені ўзнагароджаны:

Максім Аляксеевіч Кавалёў (93,8 бала), Сталпнянская сярэдняя школа Рагачоўскага раёна (настаўнік Аляксандр Мікалаевіч Атрохаў);
Ілья Вітальевіч Пехцераў (86,3 бала), сярэдняя школа № 39 Магілёва (настаўнік Аляксей Аляксеевіч Пархоменка);
Андрэй Анатольевіч Віннік (86,3 бала), сярэдняя школа № 13 Жлобіна (настаўнік Віталь Васільевіч Гузаў);
Кірыл Дзмітрыевіч Чыж (89,5 бала), сярэдняя школа № 39 Магілёва (настаўнік Аляксей Аляксеевіч Пархоменка);
Лізавета Аляксандраўна Сушчынская (79,05 бала), Гарбавіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Чавускага раёна (настаўніца Аксана Анатольеўна Раманава);
Аляксандра Вячаславаўна Харчанка (72,9 бала), гімназія Светлагорска (настаўніца Людміла Пятроўна Лучына);
Лізавета Ігараўна Баранава (75,65 бала), гімназія № 40 Мінска (настаўніца Таццяна Сяргееўна Сушчынская).

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.