Залічаны ў студэнты Купалаўскага ўніверсітэта

- 10:40Навіны рэгіёнаў

Самая запатрабаваная спецыяльнасць — “Дызайн”. У Гродзенскім дзяржаўным унівесітэце імя Янкі Купалы прайшло залічэнне на бюджэтную і платную формы атрымання адукацыі. Пра прахадныя балы, цікавасць да новых спецыяльнасцей і дыстанцыйнага навучання, матываванасць абітурыентаў і станоўчы вопыт выкарыстання лічбавага кабінета ў гутарцы з карэспандэнтам “НГ” расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Карлюкова.

— У бягучым годзе ў Купалаўскі ўніверсітэт паступілі 2258 чалавек. За кошт сродкаў рэспубліканскага бю­джэту будуць вучыцца 1123 чалавекі, сярод іх — 912 першакурснікаў дзённай і 211 — завочнай формы атрымання адукацыі. На платнай аснове бу­дуць вучыцца 1135 студэнтаў. Усяго было пада­дзена 3530 заяў ад абітурыентаў. Трэба адзначыць, што ГрДУ імя Янкі Купалы — адна з нямногіх УВА краіны, якія сёлета цалкам выканалі план набору за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

— Якім быў конкурс, якія спецыяльнасці сталі самымі запатрабаванымі сярод абітурыентаў?

— На дзённую бюджэтную форму навучання больш за ўсё было пада­дзена заяў на спецыяльнасці “Дызайн (віртуальнага асяроддзя)”, “Дызайн (касцюма і тканін)”, “Дызайн (графічны)” факультэта мастацтваў і дызайну, дзе конкурс склаў 8,23. На спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму конкурс склаў 5 чалавек на месца, на групу спецыяльнасцей “Міжнароднае права”, “Правазнаўства”, “Эканамічнае права” юрыдычнага факультэта — 4,53.

На завочнай бюджэтнай форме навучання найбольшы конкурс склаўся на спецыяльнасцях “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” ў скарочанай форме — 7,6, “Транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)” — 4,6, “Фінансы і крэдыт” — 4,5 чалавека на месца.

На платнай форме, як і на бюджэтнай, больш за ўсё былі запатрабаваны спецыяльнасці групы “Дызайн” — 1,78 чалавека на месца, а таксама “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” — 1,6, “Рамана-германская філалогія (нямецкая)” — 1,5 чалавека на месца.

На завочнай платнай форме навучання таксама ў лідарах “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” з конкурсам 2,8 чалавека на месца, “Пачатковая адукацыя” на скарочанай форме — 1,8, “Фізічная культура” — 1,5 чалавека на месца.

— Гэтыя спецыяльнасці традыцыйна ў лідарах?

— Так, што тычыцца спецыяльнасцей, звязаных з дызайнам, лінгвістычным забеспячэннем міжкультурных камунікацый, а таксама юрыдычнага профілю, заўсёды шмат жадаючых атрымаць іх. Радуе, што ў топ паднялася спецыяльнасць “Транспартная лагістыка”, гэта гаворыць і пра імідж факультэта.

— У гэтым годзе Купалаўскі ўніверсітэт прапанаваў новыя спецыяльнасці — “Электрычны і аўтаномны транспарт” на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання і “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога” на педагагічным факультэце. Яны не засталіся без увагі абітурыентаў?

— План прыёму па іх выкананы, прычым маладыя людзі ішлі на новыя спецыяльнасці мэтанакіравана, гэта быў іх першапачатковы выбар, ня­гледзячы на групу спецыяльнасцей. З гэтага года пералік спецыяльнасцей дыстанцыйнай формы папоўніўся яшчэ адной — “Правазнаўства”, што вельмі спадабалася абітурыентам. Нават паступаюць пытанні, ці будзе такая практыка прадоўжана ў наступным годзе.

— Увогуле, наколькі абітурыенты праяўляюць цікавасць да дыстанцыйнай формы навучання?

— Упершыню ў мінулым годзе адбыўся набор на дыстанцыйную форму атрымання адукацыі па такіх спецыяльнасцях завочнага скарочанага навучання, як “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя” педагагічнага факультэта, “Транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)” факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання і “Турызм і гасціннасць” факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Як аказалася, такая форма стала вельмі запатрабаванай, спадабалася і студэнтам, і выкладчыкам. У гэтым годзе дабавілася “Правазнаўства”. Студэнты на працягу ўсяго года выконваюць заданні ў зручным для іх фармаце, слухаюць лекцыі, якія размешчаны на адукацыйным партале. І да нас ужо ідуць абітурыенты з рэкамендацыяй ад тых, хто вучыцца дыстанцыйна. Напрыклад, на педагагічны факультэт на завочную скарочаную форму маладыя людзі паступаюць пасля заканчэння каледжа, а пры дыстанцыйным навучанні яны могуць працаваць у любым месцы і сесію сумясціць з канікуламі ў школе. Гэта дае магчымасць вучыцца, не адрываючыся ад працы. Ёсць намер у будучыні перайсці па частцы спецыяльнасцей завочнай формы на дыстанцыйную.

— Сярод студэнтаў-першакурснікаў ёсць стабальнікі, медалісты?

— Медалі альбо дыпломы з адзнакай маюць 209 чалавек. Многія з іх выкарысталі магчымасць паступац­ь без уступных выпрабаванняў, такіх у нас 75 чалавек — больш, чым у мінулыя гады. Сярод іх — 2 пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 12 выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці, 9 маюць высокія спартыўныя дасягненні, 7 паступалі на асабліва запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі залічана 78 чалавек.

Высокі ўзровень падрыхтоўкі абітурыентаў пацвярджае і той факт, што сярэдні бал дакументаў аб адукацыі студэнтаў-першакурснікаў складае 8,4, а ў 742 чалавек ён роўны 9 ці большы. Нашымі студэнтамі сталі 8 стабальнікаў. 527 чалавек маюць вышэйшы за 300 сумарны бал ЦТ.

— Наколькі апраўдаў сябе лічбавы кабінет абітурыента?

— Прыёмная камісія атрымлівала дакументы абітурыентаў зага­дзя, і мы мелі магчымасць адказаць на іх пытанні, пракансультаваць. Вельмі добра гэта было і для абітурыентаў, недакладнасці ў дакументах можна было выправіць яшчэ да прыезду. Інфарма­ванне ішло таксама праз лічбавы кабінет, дзе кожны мог адразу бачыць вынікі залічэння.

— Можна зрабіць вывад, што ў Купалаўскі ўніверсітэт прыйшлі студэнты з добрымі базавымі ведамі і жаданнем вучыцца далей?

— Хацелася б падкрэсліць, што абітурыенты дастаткова матываваныя. Яны прыйшлі да нас, значыць выбралі менавіта ГрДУ імя Янкі Купалы. Са­праўды, нашы абітурыенты прыйшлі ў наш універсітэт, і цяпер мы павінны а­праўдаць іх надзеі і давер.

Ірына АНІКЕВІЧ.