Больш за 700 палітыкаў з 57 краін свету збяруцца на 26-й сесіі ПА АБСЕ ў Мінску ў 2017 годзе, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка на закрыцці дзясятай сесіі пятага склікання.
“Аб росце міжнароднага аўтарытэту Нацыянальнага сходу і краіны ў цэлым сведчыць тое, што 26-я сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ пройдзе наступным летам у Мінску. Упершыню ў беларускай сталіцы збяруцца больш за 700 палітыкаў з 57 краін свету”, — адзначыў спікер.
На яго думку, міжнародная дзейнасць дэпутацкага корпуса пятага склікання была выніковай. Так, у Палаце прадстаўнікоў праведзена больш за 200 міжнародных сустрэч, Беларусь наведалі звыш 30 парламенцкіх дэлегацый. Геаграфія кантактаў налічвае больш як 50 краін свету. Дагаворная база міжпарламенцкага супрацоўніцтва папоўнілася 10 новымі пагадненнямі.
“Безумоўным прыярытэтам для нас з’яўлялася ўмацаванне інтэграцыйных сувязей на постсавецкай прасторы. Улічваючы перавагі інтэграцыі, мы імкнуліся выкарыстоўваць парламенцкія пляцоўкі Саюзнай дзяржавы, СНД і АДКБ для нарошчвання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”, — заўважыў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
“Адначасова мы актыўна шукалі саюзнікаў на далёкай дузе. У нас склалася стратэгічнае партнёрства з парламентам Кітая. Трывалыя, даверлівыя адносіны нас звязваюць з калегамі з В’етнама, Індыі, Інданезіі, Камбоджы, Лаоса, М’янмы, Тайланда. Гэтаму ў немалой ступені садзейнічала прадастаўленне ў 2011 годзе Нацыянальнаму сходу статусу наглядальніка ў Міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН. Паслядоўная, мэтанакіраваная работа дэпутатаў пятага склікання дала нам магчымасць атрымаць такі ж статус у Лацінаамерыканскім парламенце”, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.
Уладзімір Андрэйчанка таксама адзначыў непадроблены інтарэс парламентарыяў краін Еўрасаюза да Беларусі.
“Размаўляючы з нашымі калегамі з Балгарыі, Германіі, Іспаніі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Францыі, Чэхіі, мы бачым шчыры, непадроблены інтарэс да нашай краіны і гатоўнасць да сумеснай работы”, — расказаў спікер.
Ён таксама звярнуў увагу на актыўнае развіццё дыялогу з Парламенцкай канферэнцыяй Балтыйскага мора, што заклала перспектывы для нарошчвання ўзаемадзеяння з краінамі гэтай арганізацыі. Акрамя таго, паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, на якасна новы ўзровень выходзіць беларуска-польскае супрацоўніцтва.
У цэлым, паводле яго ацэнкі, за гады работы парламентам пятага склікання многае зроблена для забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці, умацавання фінансавай і банкаўскай сістэм. “Вялікую ролю парламентарыі адыгралі і ў фарміраванні прававой базы ЕАЭС, сканцэнтраваўшы намаганні на абароне айчынных вытворцаў і пашырэнні нацыянальных інтарэсаў на еўразійскім рынку”, — лічыць старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Сярод іншых важных вынікаў дэпутацкай работы спікер абазначыў новую Ваенную дактрыну, якая дзейнічае ў Беларусі. Ён таксама адзначыў вялікую работу па кадыфікацыі беларускага заканадаўства.
“Нягледзячы на строгія падыходы да фарміравання бюджэтна-падатковай палітыкі, пытанні сацыяльнай абароны заўсёды заставаліся ў цэнтры ўвагі дэпутацкага корпуса. Узмоцнены гарантыі дзяржаўнай падтрымкі найменш абароненых катэгорый грамадзян. Абноўлена заканадаўства ў сферах аховы здароўя, фізічнай культуры і спорту. Прынцыповае значэнне надавалася ўдасканаленню маладзёжнай і сямейнай палітыкі, гарантаванню дэмаграфічнай бяспекі краіны. Заканадаўчае развіццё атрымала канстытуцыйнае права грамадзян на альтэрнатыўную службу”, — рэзюмаваў спікер.
Падводзячы вынікі работы дэпутацкага корпуса пятага склікання, старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў меркаванне, што залогам паспяховай заканадаўчай і міжнароднай дзейнасці з’яўляюцца пастаянная сувязь з выбаршчыкамі, дакладнае ўяўленне аб стане спраў у рэгіёнах. Так, за чатыры гады дэпутатамі прынята больш як 50 тысяч чалавек, разгледжана больш як 53 тысячы зваротаў грамадзян. “Найбольш вострыя тэмы, узнятыя насельніцтвам, станавіліся прадметам дыскусій з урадам і нярэдка клаліся ў аснову карэкціроўкі заканадаўства”, — заўважыў ён.