Замясціць імпарт не вельмі складаных у вытворчасці тавараў пад сілу невялікім кампаніям

- 16:22Інфармацыйная гадзіна, Рознае

“Малы і сярэдні бізнес можа забяспечыць патрэбнасць унутранага рынку ў імпартазамяшчальных таварах, што не патрабуюць арганізацыі складанага вытворчага працэсу”, — заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні прэзідыума Савета Міністраў “Аб мерах, якія прымаюцца, па імпартазамяшчэнні і абароне ўнутранага рынку”.

“Хачу асабліва падкрэсліць, што, гаворачы аб імпартазамяшчэнні, размова ідзе не толькі аб буйных прадпрыемствах. Часта замясціць імпарт не вельмі складаных у вытворчасці тавараў значна прасцей невялікім кампаніям, якія мабільныя і лепш адчуваюць, у якіх таварах мае патрэбу спажывец. За кошт малога і сярэдняга бізнесу сёння цалкам можна забяспечыць патрэбнасць унутранага рынку ў простых таварах, якія не патрабуюць арганізацыі адносна складанага вытворчага працэсу або выкарыстання высокіх тэхналогій”, — адзначыў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, яны здольны стварыць сетку па прасоўванні айчынных тавараў як у лёгкай прамысловасці, так і ў іншых галінах.

Кіраўнік урада падкрэсліў, што мэта ва ўсіх адна — задаволіць попыт спажыўцоў на якасную прадукцыю, як вынік — павысіць долю продажаў айчынных тавараў. Пры гэтым ён канстатаваў, што пакуль ёсць вялікія пытанні да шэрага кіраўнікоў галін і прадпрыемстваў. Па выніках першага квартала склалася самая нізкая доля продажаў беларускіх тавараў з 2008 года — 65,7%, што на 3,2% ніжэй, чым за аналагічны мінулагодні перыяд.