Запатрабаванне насельніцтва на выкарыстанне інтэрнэту пры перапісе вялікае

- 10:21Інфармацыйная гадзіна

Удзельнікі пробнага перапісу ў Маладзечанскім раёне, у тым ліку жыхары сельскай мясцовасці, выказваліся за выкарыстанне інтэрнэту пры правядзенні будучага перапісу насельніцтва Беларусі. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.

“На пытанне аб такім спосабе правядзення перапісу насельніцтва Беларусі ў 2019 годзе, як выкарыстанне інтэрнэту, удзельнікі пробнага перапісу выказаліся “за”. Рэальна запатрабаванне насельніцтва, у тым ліку сельскага, на выкарыстанне інтэрнэту вялікае”, — сказала Іна Мядзведзева.

“У ходзе правядзення пробнага перапісу адпрацаваны два спосабы работы з насельніцтвам: выкарыстанне планшэтных камп’ютараў пры наведванні дома і функцыянаванне стацыянарных участкаў. Абодва гэтыя спосабы будуць выкарыстоўвацца пры правядзенні перапісу насельніцтва Беларусі ў 2019 годзе, — падкрэсліла кіраўнік Белстата. — На стацыянарныя ўчасткі прыйшло каля 6 працэнтаў жыхароў тэрыторый, дзе праводзіўся перапіс, у асноўным — вяскоўцы”.

Кіраўнік Белстата адзначыла, што выкарыстанне планшэтаў апраўдала сябе ў поўнай меры: запаўненне перапісных лістоў у электронным фармаце на аднаго перапісваемага грамадзяніна склала ў сярэднім пяць мінут (гэта ў тры разы хутчэй, чым пры запаўненні перапісных лістоў на папяровых носьбітах).

Пробны перапіс насельніцтва адбыўся ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці з 2 па 13 кастрычніка. Гэта важны падрыхтоўчы этап перапісу насельніцтва Беларусі 2019 года. Яго асноўныя задачы — апрабаванне арганізацыйных мерапрыемстваў, ацэнка нагрузкі на перапісчыка і загадчыка перапісным участкам, адпрацоўка праекта праграмы перапісу, у тым ліку пытанняў, якія будуць задаваць насельніцтву ў ходзе асноўнага перапісу насельніцтва ў 2019 годзе, аналіз работы планшэтных камп’ютараў і праграмнага забеспячэння для збору і перадачы даных. Усе пастаўленыя задачы ў ходзе пробнага перапісу былі выкананы, падкрэсліла кіраўнік Белстата.

У ходзе пробнага перапісу насельніцтва апытана 14 683 чалавекі. Ад удзелу ў перапісе адмовіліся 248 чалавек — 1,7 працэнта ад апытаных. “Гэта практычна ідэальны вынік, — канстатавала Іна Мядзведзева. — У міжнароднай практыцы адпаведны паказчык лічыцца добрым да 10 працэнтаў”.

Кіраўнік Белстата назвала праблемы і цяжкасці пры правядзенні пробнага перапісу насельніцтва. Гэта доступ у жылыя памяшканні (адсутнасць дзвярных званкоў, кодавыя замкі ў пад’ездах і няспраўныя дамафоны); пустуючыя жылыя памяшканні (рамонт, выстаўлены на продаж); жылыя памяшканні, для наведвання якіх прыцягваліся супрацоўнікі органаў унутраных спраў; адсутнасць насельніцтва ў жылых памяшканнях па аб’ектыўных прычынах (людзі знаходзіліся на дачах, змянілі месца жыхарства, памерлі і г.д.). Для праверкі даных аб пустуючых памяшканнях выкарыстоўваліся адміністрацыйныя крыніцы, што дало магчымасць удакладніць звесткі аб 51 чалавеку.