Запрашаем у музычную сямейную гасцёўню

- 14:43Адукацыйная прастора

У 2015/2016 навучальным годзе ў Слонімскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці былі арганізаваны і апрабаваны новыя нетрадыцыйныя формы супрацоўніцтва з бацькамі — музычныя сямейныя гасцёўні з выкарыстаннем інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій. Намі быў выбраны музычна-аздараўленчы напрамак работы.

У працэсе назіранняў, гутарак з выхавальнікамі, дзецьмі і, канечне, бацькамі я даведалася, наколькі бацькі кампетэнтныя і зацікаўленыя ў музычна-аздараўленчым выхаванні сваіх дзяцей. З улікам іх індывідуальных патрэб, асаблівасцей характару падбірала тыя формы ўзаемадзеяння, якія здаваліся мне найбольш прадукцыйнымі ў рабоце з асобна ўзятай сям’ёй.

Разам з традыцыйнымі формамі арганізацыі музычна-аздараўленчай работы з сям’ёй (групавыя бацькоўскія сходы, агульныя сходы бацькоў, індывідуальныя гутаркі, кансультацыі, дні адкрытых дзвярэй, бацькоўскія клубы, адкрытыя прагляды, папкі-перасоўкі, групавы стэнд, сайт дашкольнай установы і інш.) мы апрабавалі новыя — музычныя сямейныя гасцёўні з выкарыстаннем інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій. Пачалі праводзіць іх у забаўляльнай форме з мэтай музычнага і валеалагічнага выхавання дзяцей. Так, у лістападзе 2015 года прайшла музычная сямейная гасцёўня “Асенняе кафэ Бабы Ягі”, падчас якой праводзіўся комплекс музычных гульняў аздараўленчага характару, інфармацыйна-камунікацыйныя гульні па розных відах музычнай дзейнасці, выконваліся валеалагічныя дзіцячыя песні, адбываліся сямейныя выступленні. У лютым 2016 года дзеці і іх бацькі ўдзельнічалі ў дзіцячай гульнявой шоу-дыскатэцы “Танцуй весялей”, падчас якой быў дадзены майстар-клас кіраўніком студыі фітнесу Fire Ганнай Уладзіміраўнай, мамай выхаванца сярэдняй групы. У гэтым навучальным годзе з мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця праз прапаганду здаровага харчавання дзяцей у хатніх умовах і ўмовах дашкольнай установы праведзены тры сямейныя музычныя гасцёўні: “Мікс з садавіны і агародніны” для выхаванцаў малодшых груп і іх бацькоў, “Падарожжа на востраў Смачняшкіна” для дзяцей са старшых груп і “Падарожжа ў краіну Смачляндыю” для выхаванцаў сярэдніх груп і іх бацькоў. Так, з дзецьмі і бацькамі было праведзена прэс-апытанне, падчас якога яны давалі адказы на тэмы “Шкодна — карысна”, “Дзе жывуць вітаміны?”, “Карысныя ласункі” і г.д. У казачнай віктарыне дзеці разам з мамамі ігралі ролю садоўнікаў здароўя па вырошчванні чароўнага вітаміннага цуда-дрэва, з вялікім энтузіязмам уключаліся ў абмеркаванне і дзяліліся вопытам па гатаванні карысных каш. Праз інтэрактыўныя гульні замацавалі практычныя навыкі па сервіроўцы стала, а праз інтэрнэт-майстар-клас авалодалі майстэрствам складання сурвэтак.

На стадыі распрацоўкі знаходзіцца яшчэ адзін праект сямейнай музычна-інтэлектуальнай гасцёўні — “КВЗ з бацькамі”. Мэта — выявіць, ці ведаюць бацькі асновы тэарэтычных ведаў і практычнай работы па пытанні “Як выхаваць здаровае дзіця?”.

Каманда педагогаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых форм работы, якія дазволілі б дасягнуць рэальнага супрацоўніцтва з сем’ямі выхаванцаў, уключэння бацькоў у сумесную з педагогамі дзейнасць.

Алена ДУРАСЕНКА,
музычны кіраўнік Слонімскага ДЦРД Гродзенскай вобласці.