Норма па павелічэнні тарыфнай стаўкі закране больш як 100 тысяч настаўнікаў і педагагічных работнікаў. Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве адукацыі Беларусі.
У міністэрстве адзначылі, што ў мэтах павышэння эфектыўнасці працы настаўнікаў, удасканалення структуры рабочага часу шляхам павелічэння нарміруемай часткі рабочага часу прынята рашэнне павысіць настаўнікам норму часоў педагагічнай нагрузкі на стаўку з 18 да 20 гадзін на тыдзень.
Для аднастайнага падыходу па пытаннях нарміравання працы прынята рашэнне аб павелічэнні нормы гадзін педнагрузкі не толькі настаўнікам, але і педагогам дадатковай адукацыі (з 18 да 20 гадзін на тыдзень), выкладчыкам устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (з 720 да 800 гадзін на год).
Пастановы Міністэрства адукацыі ад 22 ліпеня 2013 года №№ 51, 52, 53, якімі ўнесены змяненні ў пастановы міністэрства ад 5 верасня 2011 года № 255, ад 30 сакавіка 2007 года № 25, ад 25 лістапада 2004 года № 70, у частцы павелічэння нормы гадзін педагагічнай нагрузкі за стаўку ўступаюць у сілу з 1 верасня.
Адначасова пастановай Савета Міністраў “Аб павышэнні заработнай платы асобным катэгорыям педагагічных работнікаў” устанаўліваецца павышэнне тарыфных ставак (акладаў) настаўнікам, педагогам дадатковай адукацыі, выкладчыкам устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Як паведамілі ў міністэрстве, заработная плата названых катэгорый педагагічных работнікаў павысіцца з 1 верасня. Павышэнне тарыфных ставак (акладаў) устаноўлена ў памеры 25 працэнтаў — настаўнікам устаноў адукацыі, педагогам дадатковай адукацыі ўстаноў адукацыі, іншых арганізацый, якім у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, выкладчыкам устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
“Павышэнне заработнай платы ўзаемазвязана з павышэннем нормы педагагічнай нагрузкі за стаўку асобным катэгорыям педагагічных работнікаў”, — падкрэслілі ў міністэрстве. Названае павелічэнне будзе ажыццяўляцца за кошт вызваленых сродкаў ад павелічэння педагагічнай нагрузкі за стаўку, эканоміі сродкаў ад аптымізацыі ўстаноў адукацыі і колькасці работнікаў, а таксама iншых расходаў, прадугледжаных на адукацыю, і не запатрабуе дадатковых бюджэтных сродкаў. Пытанне павелічэння педагагічнай нагрузкі за стаўку настаўнікаў узгоднена Міністэрствам адукацыі з упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў і камітэтам па адукацыі Мінскага гарвыканкама, а таксама абмяркоўвалася з педагагічнай грамадскасцю.
Як адзначылі ў міністэрстве, у сучасных сацыяльна-эканамічных умовах прад’яўляюцца новыя патрабаванні да сістэмы адукацыі. Ключавым момантам, які абмяркоўваюць усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу (педагогі, бацькі, прадстаўнікі грамадскасці), апошнім часам становіцца выніковасць работы настаўніка, а таксама эфектыўнасць выкарыстання кадравага патэнцыялу і матэрыяльных рэсурсаў устаноў адукацыі. Высокія вынікі здольны паказаць толькі матываваны, у тым ліку матэрыяльна, педагог. Павышэнне заработнай платы ў сваю чаргу таксама павінна быць матывавана. У гэтым выпадку павышэнне заработнай платы ўзаемазвязана з павышэннем нормы педагагічнай нагрузкі за стаўку асобным катэгорыям педагагічных работнікаў. Прынятыя крокі павінны рэалізаваць на практыцы дзейсныя механізмы павышэння якасці адукацыі ў сучасным грамадстве, якія звязваюць з высокімі адукацыйнымі дасягненнямі навучэнцаў, стварэннем сучаснага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, задаволенасцю ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ўмовамі навучання і яго вынікамі, матывацыяй педагогаў да павелічэння асабістага ўкладу ў дасягненні агульных вынікаў педагагічнай дзейнасці.