Педагагічная сям’я Аршанскага раёна Віцебскай вобласці штогод папаўняецца новымі кадрамі. Не стаў выключэннем і бягучы год. Школы і дзіцячыя сады расчынілі дзверы для 52 маладых спецыялістаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Выпускніца Аршанскага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава Дар’я Правальская першыя крокі ў прафесіі робіць у дзіцячым садзе № 27 Оршы.
З маленства Дар’я марыла працаваць з дзецьмі. Ёй лёгка ўдавалася знаходзіць з малышамі агульную мову. І хоць родныя і знаёмыя папярэджвалі, што педагагічная прафесія не з лёгкіх, патрабуе аддачы душэўных і фізічных сіл, энергіі, дзяўчыну гэта не напалохала, і яна паступіла ў каледж. З першых дзён адчула, што трапіла ў сваю сферу. Заняткі былі цікавымі, а практыка ў розных установах дашкольнай адукацыі Оршы паказала, што з выбарам прафесіі не памылілася.
— Для мяне прафесія выхавальніка — гэта магчымасць пастаянна знаходзіцца ў свеце дзяцінства, поўным шчырасці, разумення і прыняцця, у краіне казкі і фантазіі, — адзначае Дар’я Аляксандраўна. — Я задумваюся пра значнасць прафесіі, калі бачу ў шырока расплюшчаных, даверлівых вачах дзяцей захапленне і чаканне чагосьці новага. Чаму аддала перавагу рабоце з дашкольнікамі? Менавіта ў дзіцячым садзе ёсць магчымасць бачыць вынік сваёй дзейнасці, калі ты бярэш дзяцей двухгадовага ўзросту і назіраеш, як яны спазнаюць свет, развіваюцца, сталеюць, адчуваеш сваю прыналежнасць да гэтых працэсаў. Гэта матывуе і натхняе на далейшую работу.
Некалькі тыдняў жніўня маладая выхавальніца працавала з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту. І ўжо за гэты час устанавіла даверлівыя адносіны з імі. Цікава было назіраць, як на прагулцы выхаванцы чарадой ходзяць за сваім педагогам, ловяць кожнае яе слова, жэст, позірк, з радасцю адгукаюцца на прапановы пагуляць у мячык альбо у канструктар.
— Імкнуся быць для дзяцей сябрам, да ўсіх знайсці падыход, зразумець індывідуальнасць кожнага, каб не толькі даць ім новыя веды, але і выхаваць станоўчыя адносіны да навакольнага свету і саміх сябе, — заўважае выхавальніца. — У кожнага сфарміраваны свае патрэбы, звычкі, і праз гульню, гутаркі з дзецьмі і памочнікам выхавальніка, які працуе з імі з ясельнай групы, я даведвалася пра іх характар, асаблівасці, перавагі: адно дзіця любіць гуляць у футбол і збірае вакол сябе каманду, другое — будуе ў пясочніцы замкі, трэцяе — завісае на спартыўных снарадах. І трэба так арганізаваць работу, каб кожны выхаванец знаходзіўся ў полі зроку, каб змяняліся віды дзейнасці, каб сумаваць не даводзілася нікому. А яшчэ важна згуртаваць калектыў, навучыць дзейнічаць у камандзе. Адным словам, імкнуся прымяняць на практыцы ўсё тое, чаму мяне вучылі ў каледжы.
Галоўным складнікам педагагічнай дзейнасці Дар’я Аляксандраўна лічыць павагу да дзіцяці. Малады спецыяліст імкнецца кожнага выхаванца акружыць увагай і клопатам, выслухаць і дапамагчы. Дзякуючы гэтым простым правілам можна заслужыць давер дзіцяці, мяркуе педагог.
Разам са сваімі выхаванцамі Дар’я Правальская рэалізавала кароткатэрміновы двухтыднёвы праект па экалагічным выхаванні — дзіцячы сад прымае ўдзел у раённым этапе рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа”.
— З дзецьмі былі праведзены гутаркі па сарціроўцы адходаў, мы арганізоўвалі гульні (ва ўстанове добрае прадметна-развіццёвае асяроддзе, дзе назапашана вялікая колькасць дыдактычных гульняў), стваралі вырабы, малявалі. Акрамя таго, правялі эксперымент: у пластыкавым кубачку закапалі ў зямлю кавалак яблыка, цэлафанавы пакет і паперу, потым палілі вадой. А праз два тыдні паглядзелі, што адбылося з усім гэтым. Дашкольнікі прыйшлі да высновы, што пластык і поліэтылен не раскладаюцца, — расказвае педагог.

З 1 верасня Дар’я Аляксандраўна працуе ў групе, якую наведваюць дзеці 3—4 гадоў. Яна плануе далучаць сваіх выхаванцаў да пазнавальнай дзейнасці праз гульні, эксперымент, выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Дарэчы, акцэнт у дзіцячым садзе робіцца на фарміраванні ў дзяцей уяўленняў пра здаровы лад жыцця, іх фізічнае развіццё, на ўмацаванні традыцыйных маральных каштоўнасцей, уключаючы патрыятызм, фарміраванні экалагічна адказных паводзін.
У калектыве маладую выхавальніцу цёпла сустрэлі калегі. За ёй замацавалі вопытнага педагога Ірыну Аляксееўну Беркас, якая будзе працаваць у суседняй групе і дзяліцца вопытам. З усімі пытаннямі можна звяртацца да кіраўніцтва ўстановы — загадчыцы Ларысы Сяргееўны Сычовай і яе намесніка па асноўнай дзейнасці Людмілы Анатольеўны Аўсяннікавай, якія патлумачаць, параяць, дапамогуць. Ды і ўсе астатнія спецыялісты гатовы падтрымаць пачынаючую калегу.
У планах Дар’і Правальскай — удзел у конкурсах, прычым як з выхаванцамі, так і з калегамі (конкурсах прафесійнага майстэрства). Тым больш што адпаведны вопыт у яе ёсць. На рэспубліканскім конкурсе ProfSkills Belarus — 2025 яна заваявала дыплом ІІ ступені.
— Мая мара — развівацца ў прафесіі і дасягнуць такога выніку, каб у будучыні адкрыць свой дзіцячы сад. Нават калі мае выхаванцы не стануць знакамітымі, не адкрыюць новых планет і законаў фізікі, а проста будуць жыць у гармоніі з навакольным светам, будуць добрымі, сумленнымі, справядлівымі людзьмі, будуць радавацца жыццю і таму, што яны ёсць на гэтай планеце, — гэта ўжо шчасце, гэта сэнс існавання чалавека. А я буду ведаць, што ў кожным з іх ёсць часцінка маёй душы і працы, што мае намаганні былі не дарэмныя! — адзначае Дар’я Правальская.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





