Беларусь лічыць недапушчальным зацягваць стварэнне агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў у ЕАЭС. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе ў Ерэване.
“Найбольш важным для нас пытаннем застаецца фарміраванне агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Я хачу нагадаць, што пры заключэнні дагавора аб утварэнні нашага саюза Беларусь пайшла на пэўныя ўступкі і згадзілася аднесці фарміраванне агульных рынкаў энергетычных рэсурсаў на самую аддаленую перспектыву. Для нас гэта было нявыгадна, але мы пайшлі на гэта”, — звярнуў увагу Андрэй Кабякоў.
Пры гэтым была дакладная дамоўленасць, што 2025 год — гэта крайні тэрмін для прыняцця ўсіх рашэнняў. “Сёння выразна адчуваюцца спробы зацягнуць з гэтым пытаннем яшчэ далей па часе. Лічым, што гэта недапушчальна, — падкрэсліў кіраўнік урада. — Мы і так паставілі ў пэўным сэнсе воз наперадзе каня. Сфарміравалі сістэму наднацыянальных органаў раней за эканамічны базіс і агульны рынак, як гэта было, напрыклад, пры ўтварэнні Еўрапейскага саюза”. Еўрапейскі саюз спачатку вырашыў пытанне з агульным сыравінным рынкам, заключыўшы ў 1951 годзе дагавор аб Еўрапейскім аб’яднанні вугалю і сталі. А потым ужо на яго базе пачаў непасрэдна самі інтэграцыйныя працэсы.
“Калі ўжо мы прынялі рашэнне ісці сваім шляхам і дамовіліся толькі да 2025 года запусціць агульны рынак энергарэсурсаў, то давайце прытрымлівацца гэтых дамоўленасцей. Вырашаць пытанні, што назбіраліся, трэба ўжо сёння, не адкладваючы іх па розных прычынах на потым пад самы 2025 год”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.
Выступаючы на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе, Прэм’ер-міністр Казахстана Бакытжан Сагінтаеў адзначыў, што на сённяшні дзень адбываецца трансфармацыя міжнародных гандлёвых адносін, узмацняецца трэнд на пратэкцыянізм і павышэнне канкурэнцыі паміж найбуйнейшымі краінамі за выбудоўванне рэгіянальных гандлёвых зон. У сувязі з гэтым ЕАЭС трэба праводзіць сістэмную карэкціроўку і адаптацыю сярэднетэрміновых нацыянальных палітык да новых умоў.
Паводле слоў Бакытжана Сагінтаева, з моманту стварэння ЕАЭС прыняты ключавыя праграмныя дакументы, накіраваныя на развіццё эканомік краін-удзельніц, аднак цяпер іх рэалізацыя павінна падмацоўвацца актуальным эканамічным аналізам.
Па выніках пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета ў Ерэване падпісаны шэраг дакументаў.
У прыватнасці, падпісаны рашэнні аб прапрацоўцы ініцыятыў у рамках лічбавага парадку дня ЕАЭС, аб зацвярджэнні плана мерапрыемстваў дарожнай карты па рэалізацыі асноўных напрамкаў і этапаў рэалізацыі ўзгодненай транспартнай палітыкі краін — членаў ЕАЭС на 2018—2020 гады.
Акрамя таго, падпісаны распараджэнні аб плане мерапрыемстваў па ўстараненні выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку ЕАЭС на 2018—2019 гады, аб стварэнні органа па расследаванні авіяцыйных здарэнняў, аб фарміраванні сістэмы інфармацыйнага абмену ў рамках агульнага электраэнергетычнага рынку, аб праекце Пагаднення аб маркіроўцы тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі і аб правядзенні выставачнага форуму “Еўразійскі тыдзень” у 2018—2020 гадах. Таксама падпісаны даручэнні аб праекце пагаднення аб суднаходстве і шэраг іншых.