Які хлопец не любіць пракаціцца з ветрыкам і не марыць пра ўласнага жалезнага каня? Менавіта гэтыя захапленні і мары прыводзяць падлеткаў у Браслаўскі цэнтр дзяцей і моладзі.
Аб’яднаннямі па інтарэсах “Юны мапедыст” і “Юны матацыкліст” кіруе Іван Іосіфавіч Седзюкевіч, педагог з 44-гадовым вопытам навучання і 49-гадовым стажам ваджэння. Навучыцца ездзіць на мапедзе прыходзяць хлопцы 12—13 гадоў. Як правіла, потым яны працягваюць навучанне ў аб’яднанні “Юны матацыкліст”. Сёння заняткі Івана Іосіфавіча наведваюць падлеткі з трох гарадскіх устаноў сярэдняй адукацыі і дзвюх сельскіх школ.
Ужо на першых сустрэчах у верасні пачаткоўцы, упершыню пабачыўшыя мапед у вочы, вывучаюць яго будову, даведваюцца, як працуе газ, тармазная сістэма, знаёмяцца з прынцыпам работы счаплення, а таксама з тэхнічнымі характарыстыкамі двухколавага транспартнага сродку.
— У самым пачатку тэорыю мы вывучаем, выкарыстоўваючы мапед, які стаіць на падножцы з прыўзнятым заднім колам як трэнажор, — расказвае пра вучэбны працэс педагог. — Важна, каб дзеці, засвойваючы тэарэтычныя веды, змаглі завесці рухавік, паспрабаваць пераключыць перадачы, націснуць ручку газа, пабачыць, як працуе тормаз. А праз некалькі заняткаў яны ўжо спрабуюць самастойна пераадолець першыя дзясяткі метраў на двух колах. У гэты час я заўсёды каля сваіх падапечных. Даводзіцца і пабегаць побач з імі, бо як бы хораша падлеткі ні засвоілі тэорыю на словах, на пляцоўцы час ад часу штосьці можа пайсці не так.
Тым не менш, адчуўшы першую асалоду ад язды, перажыўшы незабыўны азарт, свабоду руху, выплеск адрэналіну, дзеці надоўга становяцца прыхільнікамі матацыклаў і мотаспорту. Заняткі яны звычайна не кідаюць.
Чытайце матэрыял Марыны Куняўскай у нумары ад 22 лістапада 2022 года.