Навіны сферы адукацыі. Спектр поглядаў наконт навучання і выхавання дзяцей. Разнастайныя метадычныя парады і артыкулы асветніцкага характару. Усё гэта — асноўныя акцэнты сучаснай “Настаўніцкай газеты”. А пра што пісала выданне тры дзесяцігоддзі назад?
“Адукацыі і навуцы — прыярытэт у дзяржаўнай палітыцы суверэннай Беларусі”, “Наблізіць школу да патрабаванняў часу”, “У незалежнасці нашай дзяржавы бачу вялікі сэнс” — на такіх загалоўках спыняецца позірк, калі гартаеш нумары студзеня 1995 года. Публікацыі на пажаўцелых старонках паказваюць, што тэмы, якія турбавалі педагагічную грамадскасць тады, не страчваюць актуальнасці.

Як і зараз, у сярэдзіне 90-х газета ахоплівала ўсе напрамкі адукацыі — ад дашкольнай да вышэйшай, узнімала надзённыя для настаўніцтва пытанні і была ў бесперапынным дыялогу з педагогамі. Лісты ад педагічных работнікаў друкаваліся пастаянна. У іх педагогі дзяліліся сваімі перажываннямі, выказвалі прапановы. Напрыклад, Міхаіл Кан з Красненскай сярэдняй школы Гомельскага раёна ў нататцы “Якая асоба патрэбна нашаму грамадству?” прадстаўляў заўвагі наконт выхавання падрастаючага пакалення. Уладзімір Здановіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына ў артыкуле “Двойка ў ролі бізуна” разважаў аб выкарыстанні негатыўных адзнак і важнасці неабыякавасці настаўніка да вучняў. Віктар Белазаровіч з сярэдняй школы № 5 Мастоў у матэрыяле “На што спадзяюся” агучваў думкі аб значнасці супрацоўніцтва з сям’ёй і іншых складніках эфектыўнага выхаваўчага працэсу.

Вялікая колькасць лістоў была прысвечана няпростым у той час пытанням — цяжкасцям з забеспячэннем належнай матэрыяльнай базы, з падручнікамі, нізкай аплаце працы. Па нумарах газеты можна таксама прасачыць, якія меры прымаліся, каб паступова сітуацыя пачала мяняцца да лепшага. Клопат дзяржавы аб сістэме адукацыі быў выключным. Пастаянна падкрэслівалася і значнасць педагагічнай прафесіі. У верасні 1995-га пераможца першага рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” атрымліваў ганаровую ўзнагароду непасрэдна з рук Прэзідэнта Беларусі. Святкаваў перамогу тады Уладзімір Здановіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына — актыўны пазаштатны аўтар “Настаўніцкай”.
Дарэчы, менавіта крыштальны журавель быў выбраны сімвалам конкурсу невыпадкова. “Журавель сімвалізуе імкненні да ўзнёсласці ў неабсяжных вышынях творчасці” — такое тлумачэнне даў журналістам газеты тагачасны старшыня арганізацыйнага камітэта конкурсу кандыдат педагагічных навук Аляксандр Жук.
Якім яшчэ зместам была адметна “Настаўніцкая” супярэчлівых 90-х? Рэгулярна на старонках выдання з’яўляліся метадычныя матэрыялы і практычныя рэкамендацыі. У прыярытэце былі таксама асветніцкія артыкулы, тэксты, якія далучалі чытачоў да крыніц гісторыі і духоўнасці беларускага народа. Галоўнае месца адводзілася педагогам: у цэнтры ўвагі быў лепшы настаўніцкі вопыт з розных куткоў краіны.
Імкліва бягуць гады, але сваю накіраванасць газета захоўвае. Застаецца для педагогаў памочнікам і дарадчыкам. “Заўсёды з вамі, заўсёды для вас, заўсёды пра вас” — з такім лозунгам выходзіла ў друк “Настаўніцкая” трыццацігадовай даўнасці. Гэты своеасаблівы дэвіз цалкам запатрабаваны і сёння.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





