Зберагчы для нашчадкаў

- 10:40Вышэйшая школа

У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава вучоныя і спецыялісты-практыкі з 5 краін абмеркавалі праблемы захавання і актуалізацыі культурнай спадчыны ў сучасным свеце.

Арганізатарамі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Ахова і папулярызацыя культурнай спадчыны: сусветны і айчынны вопыт” выступілі ВДУ, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы і ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама. Праграмай былі прадугледжаны пленарнае пасяджэнне ў вочна-дыстанцыйным фармаце, круглыя сталы — ад зін у афлайне, а другі дыстанцыйны — у анлайне праз Zoom, сустрэчы са студэнцкай моладдзю, майстар-класы, экскурсіі для ўдзельнікаў па ўніверсітэце і Віцебску з наведваннем музеяў горада. Да размовы аб культурнай спадчыне як сацыяльным феномене далучыліся каля 50 экспертаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Узбекістана і Ірландыі. 

Анатоль ДУЛАЎ, загадчык кафедры гісторыі і культурнай спадчыны ВДУ: “Тэматыка канферэнцыі актуальная для Беларусі і іншых краін свету. У нас ёсць пэўныя дасягненні, якімі варта падзяліцца, напрыклад, у напрамку захавання нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, унікальных праяўленняў творчасці чалавека. Непасрэдна ў сваім выступленні я расказаў пра наш праект — курсы “Віцебск: гісторыя рэальная і папулярная” — як эфектыўную і запатрабаваную насельніцтвам форму работы, што актыўна практыкавалася ў “жывым” фармаце да пандэміі, выклікала станоўчы водгук у публікі, атрымала шырокі рэзананс і працяг на тэлеканале “Віцебск”. У сваю чаргу, нам цікавы замежны вопыт. Трэба дадаць, падобную канферэнцыю мы арганізоўвалі ў 2012 годзе, калі галоўны акцэнт быў зроблены на выкарыстанні культурнай спадчыны ў турызме. Такія канферэнцыі дапамагаюць замацаваць існуючыя і наладзіць новыя кантакты, узгадніць планы, і потым гэта пераўтвараецца ў сумесныя праекты. У перспектыве, магчыма, будзем праводзіць мерапрыемства рэгулярна, цяпер якраз абмяркоўваем з калегамі аптымальную перыядычнасць”.

Як паведаміў Анатоль Дулаў, праблемнае поле канферэнцыі аб’яднала пытанні вывучэння, зберажэння, папулярызацыі і выкарыстання ў турызме культурнай спадчыны. Адпаведна сярод вынесеных на абмеркаванне тэм былі прававы статус, улік і асаблівасці захавання культурнай спадчыны, спецыфіка работы з археалагічнымі знаходкамі, архіўнымі, бібліятэчнымі музейнымі фондамі і ў цэлым стратэгія развіцця аб’ектаў, дзе яны захоўваюцца, а таксама рэстаўрацыя і кансервацыя помнікаў архітэктуры, манументальная скульптура як адметны від культурнай спадчыны, захаванне старадаўніх могілак і некропаляў, асаблівасці ўліку воінскіх пахаванняў, пахаванняў ахвяр войнаў, помнікаў воінскай славы і памятных месцаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. 

Дзяніс ЮРЧАК, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама: “У нашай краіне захаванню памяці аб падзеях мінулай вайны ўдзяляецца вялікая ўвага. Толькі на Віцебшчыне за апошні час маштабна рэканструявалі мемарыяльныя комплексы у Расонах, “Прарыў” на Ушаччыне і “Рыленкі” ў Дубровенскім раёне. Беларусь мае істотны вопыт уліку і аховы гістарычна-культурнай спадчыны, у многім адрозны нават ад падыходаў, якія практыкуюцца ў нашых бліжэйшых суседзяў. Па меры неабходнасці ўдасканальваецца заканадаўства, існуе электронны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, што пашырае магчымасці па іх ахове і дазваляе аператыўна ўносіць пэўныя змяненні. Разам з тым задзейнічаны лепшы замежны вопыт. У Полацку, дзе рэстаўрыруецца знакамітая Спаса-Праабражэнская царква, прымяняецца ўнікальная тэхналогія адслаення алейнага жывапісу XVIII—ХІХ стагоддзяў з яго захаваннем і аднаўленнем фрэсак ХІІ стагоддзя — вопыт расійскіх даследчыкаў, якія вырашылі прымяніць яго ў нас. Над праектам беларусы працуюць разам з расіянамі, тэхналогія ў такім маштабе ў свеце дагэтуль не выкарыстоўвалася”.

Больш дэталёва з сістэмай аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей у нашай краіне, адпаведнай прававой базай і асаблівасцямі рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў гэтым напрамку азнаёміў кансультант Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Генадзь Ходар. Змястоўны даклад аб стратэгіях асваення культурнай спадчыны зрабіла Марына Румянцава (Вышэйшая школа эканомікі, Масква), а пра асноўныя фактары трансляцыі культурных каштоўнасцей маладому пакаленню і іх ролю ў сістэме школьнай гістарычнай адукацыі расказаў Сяргей Паноў (Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Мінск).

Булат Рахімзянаў, Інстытут гісторыі імя Шыгабутдзіна Марджані Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан (Расія), University College Dublin (Ірландыя):“Мне спадабаўся Віцебск, у горада ёсць свой шарм. Уразіў музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, дзе яскрава паказаны перыяд станаўлення савецкага рэжыму. На мой погляд, гэта дэманічны час, калі людзі не маглі разабрацца, што чакае іх наперадзе. Потым разабраліся, ды было позна для некаторых. Я даследую культурна-гістарычную спадчыну Залатой Арды ў сучаснай інтэрпрэтацыі: успрыманне суайчыннікамі, уплыў на гісторыю і палітыку ў Рэспубліцы Татарстан у найноўшы час.

Калі кансультаваўся па сваёй тэматыцы з каардынатарам канферэнцыі Анатолем Дулавым, мы прыйшлі да высновы: тут можна правесці паралелі з іншымі дзяржавамі постсавецкай прасторы і, у прыватнасці, з Беларуссю. Падумаю, магчыма, штосьці з гэтага вырасце”.

Джалалітдзін Мірзаеў, Тэрмезскі дзяржаўны ўніверсітэт (Узбекістан): “Віцебск мае вельмі высокі патэнцыял у сферы турызму. З адметнай архітэктурай і развітой інфраструктурай, сучасны, і адначасова ўсе прывабнасці правінцыяльнага горада тут адчуваюцца. А наконт музеяў скажу коратка: быў прыемна здзіўлены, у тым ліку прафесіяналізмам экскурсаводаў. На канферэнцыю я прыехаў, каб пазнаёміцца з віцебскімі вучонымі, з якімі ў нас намячаецца супрацоўніцтва, і канкрэтызаваць яго асобныя моманты. Будучы сумесны праект падразумявае правядзенне фундаментальных навуковых даследаванняў і мае практычнае значэнне, бо цесна звязаны з канкрэтнымі мэтамі па лініі аховы і прапаганды помнікаў, іх прасоўвання праз турыстычную дзейнасць. Падзяліўся нашым лакальным вопытам, паслухаў калег, выступіў перад студэнтамі і правёў майстар-клас. Радуе, што нашы дзяржавы падтрымліваюць такія навуковыя мерапрыемствы і кантакты. Мы таксама наладжваем новыя сувязі, якія, я думаю, будуць толькі ўмацоўвацца ў перспектыве”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена медыяцэнтрам ВДУ.