АПЕК ужо дамовілася з Расіяй аб узаемапрымальнай формуле скарачэння здабычы нафты на 6 месяцаў. Аб гэтым расказаў міністр нафты Венесуэлы Эўлохіа дэль Піна.
“З расійскім бокам мы выйшлі на ўзаемапрымальную формулу, згодна з якой будзе замарозка на 6 месяцаў”, — адзначыў ён.
Венесуэла чакае падпісання дакумента па скарачэнні здабычы з краінамі, якія не ўваходзяць у АПЕК, 10 снежня ў Вене, паведаміў таксама Эўлохіа дэль Піна. “Мы чакаем, што ў ходзе сустрэчы, якая мае адбыцца, падпішам адпаведныя дакументы па ўзгадненні нашых пазіцый”, — сказаў міністр.
Паводле яго слоў, адразу пасля падпісання пагаднення будзе створаны камітэт па кантролі за скарачэннем здабычы нафты. “Ідэя заключаецца ў тым, каб стварыць такі орган адразу ж”, — дадаў ён.
У склад камісіі могуць уключыць Расію і Аман. Міністр растлумачыў, што ў складзе структуры будзе пяць міністраў нафтаздабываючых краін. “Тры будуць прадстаўляць краіны АПЕК (Кувейт, Алжыр і Венесуэла) і два прадстаўнікі ад краін, якія не ўваходзяць у АПЕК. Наша прапанова заключаецца ў тым, каб гэта былі Расія і Аман”, — расказаў Эўлохіа дэль Піна.
30 лістапада на саміце АПЕК было прынята рашэнне скараціць здабычу да 32,5 млн барэляў у суткі. З 1 студзеня 2017 года краіны, якія ўваходзяць у арганізацыю, зніжаюць сярэднясутачную здабычу на 1,164 млн барэляў. Картэль таксама павінен заключыць такую здзелку з нерэзідэнтамі АПЕК, перш за ўсё з Расіяй. Ад гэтых краін чакаецца скарачэнне здабычы на 600 тысяч барэляў у дзень, у тым ліку ад Расіі — на 300 тысяч барэляў у суткі.