Здзелкі па прыватызацыі павінны быць празрыстыя як для іх удзельнікаў, так і для грамадскасці

- 11:05Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін запатрабаваў праводзіць прыватызацыю празрыста і не прадаваць дзяржпакеты акцый па дэмпінгавых цэнах. Пры гэтым новыя ўладальнікі актываў, паводле яго слоў, павінны знаходзіцца ў расійскай юрысдыкцыі. На гэтыя пытанні кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, праводзячы ў Крамлі нараду па эканамічных пытаннях.

“Не павінна быць продажу акцый за бясцэнак, па дэмпінгавай цане”, — заявіў прэзідэнт. “Для бюджэту гэта не прынясе асаблівай карысці, да таго ж такая практыка можа прывесці да захопу прадпрыемстваў канкурыруючымі кампаніямі, — растлумачыў Уладзімір Пуцін. — А гэта ў рэшце рэшт не самае лепшае для рынку. Гэтага, безумоўна, трэба пазбегнуць”.
Прэзідэнт падкрэсліў, што рэалізацыя дзяржмаёмасці павінна быць эканамічна апраўданай і мэтазгоднай. “Трэба ўлічваць кан’юнктуру і тэндэнцыі рынку”, — адзначыў ён, растлумачыўшы, што ў гэтым пытанні “трэба знаходзіць залатую сярэдзіну”. У.Пуцін таксама заявіў, што “ўсе прыватызацыйныя здзелкі павінны строга адпавядаць нормам і патрабаванням закона — неабходна забяспечыць максімальную празрыстасць гэтых здзелак”. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што здзелкі павінны быць празрыстыя як для іх удзельнікаў, так і для грамадскасці. Яшчэ адно патрабаванне: “Новыя ўладальнікі прыватызаваных актываў павінны знаходзіцца ў расійскай юрысдыкцыі”.
“Шэрыя схемы, вывад актываў у афшоры, утойванне ўласнікамі долей недапушчальныя”, — адзначыў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі. Ён нагадаў аб рабоце па дэафшарызацыі. “У такіх умовах ісці на новую прыватызацыю, дапускаючы далейшую афшарызацыю расійскай эканомікі, няправільна”, — рэзюмаваў кіраўнік расійскай дзяржавы.
Уладзімір Пуцін таксама звярнуў увагу, што ў выніку прыватызацыі дзяржава не павінна страчваць кантроль над стратэгічна важнымі прадпрыемствамі. “Падкрэслю, кантрольны пакет акцый сістэмаўтваральных кампаній з дзяржудзелам трэба ва ўсякім разе сёння захоўваць у руках дзяржавы”, — сказаў У.Пуцін.
Прэзідэнт запатрабаваў удзяляць больш увагі якасці інвестараў, іх дзелавой рэпутацыі і вопыту работы. “Пераход акцый у прыватныя рукі магчымы толькі пры наяўнасці ў пакупніка стратэгіі развіцця кампаніі, якую ён набывае”, — заявіў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, паводле яго слоў, неабходна, каб будучыя інвестары і атрымальнікі дзяржактываў “шукалі ўласныя рэсурсы або крэдытныя рэсурсы, але не з дзяржаўных банкаў”, інакш “толку ад гэтага будзе няшмат”.
У цэлым расійскі лідар канстатаваў: для паспяховай прыватызацыі дзяржава павінна добра разумець, “што і каму прадае, і якія наступствы гэта будзе мець для развіцця цэлых галін і ўсёй эканомікі”. “Мы з вамі цудоўна разумеем, што прыватызацыя — гэта не толькі фіскальны складнік, гэта шлях да структурных змяненняў у эканоміцы”, — сказаў У.Пуцін. Паводле яго слоў, толькі такі ўзважаны падыход дасць магчымасць дабіцца эфектыўнага балансу дзяржаўнага ўдзелу і прыватнага капіталу ў эканоміцы краіны.