У Юрцава вясна прыйшла з водарам шакаладу і лёгкасцю зефіру. Каб 8 сакавіка парадаваць арыгінальнымі прысмакамі сваіх мам, настаўніц, сябровак, сёння юныя кулінары ва ўсю чаруюць у школьнай кандытарскай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Зефірныя ружы, вяргіні, цюльпаны і гартэнзіі ў дуэце з шакаладнымі цукеркамі стануць не толькі прыемным святочным кампліментам ад дзяцей, але і свайго роду падвядзеннем вынікаў сезона. У Юрцаўскай сярэдняй школе Аршанскага раёна навучыліся і вырошчваць садавіну і агародніну, і з сабранага ўраджаю гатаваць кулінарныя шэдэўры.
Закруцілася тут агародна-садовае жыццё ў межах праекта “Школьны сад. Ад ідэі да школьнага бізнесу” грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж”, які праходзіў у 2019—2022 гадах. Юрцаўскія школьнікі, натхнёныя вопытам па складанні лекавых збораў у сваім аптэкарскім агародчыку, працягнулі тэму правільнага харчавання, арганізаваўшы школьную бізнес-кампанію “Юрцаўскія пацалункі-пачастункі” пры школьным садзе. Ідэя здаровых перакусаў і прысмакаў у школьнікаў вылілася ў іх вытворчасць. Яны з уласна вырашчанай садавіны і агародніны гатавалі натуральныя чыпсы, сухафрукты, мармелад і цукаты, а сушаныя ягады дадавалі ў свае травяныя зборы і фруктовыя міксы. Гатавалі гэтыя прысмакі дзеці не толькі для сябе, але і рэалізоўвалі насельніцтву.
І хоць афіцыйна праект завяршыўся, работа ў яго межах працягваецца. Гэтым разам школьнікі пераключыліся на гатаванне зефіру і фруктова-шакаладных цукерак.
“Гэта ў сезон мы працуем на прышкольным участку, а з позняй восені і да ранняй вясны эксперыментуем у кабінеце дамаводства. Ён у нас быў выдатна абсталяваны ў межах праекта “Школьны сад”. Тут у нас ёсць маразільныя камеры, індукцыйная пліта, мікрахвалёўка, неабходныя кухонныя электрапрыборы, посуд і інш. Цяпер мы набылі яшчэ і абсталяванне для гатавання зефіру”, — дзеліцца кіраўнік усіх школьных садова-кулінарных ініцыятыў Людміла Кучынская.
Школа мае свой агарод, фруктовы сад, ягаднікі. Дзеці і педагогі іх даглядаюць, збіраюць ураджай і гатуюць з яго прысмакі.
“Наша задача — навучыць дзяцей не толькі вырошчваць агародніну, садавіну, ягады, але і рабіць з іх зімовыя нарыхтоўкі, гатаваць смачныя стравы. Мы шмат у гэтым эксперыментуем, каб зацікавіць дзяцей сельскай гаспадаркай, каб яны бачылі вынік сваёй працы, каб не баяліся жыць на зямлі, зарабляць і мець цікавую справу. Таму дзеці асвойваюць розныя цікавыя рэчы”, — зазначае педагог.
У прыватнасці, яшчэ летам школьнікі задумаліся пра гатаванне зефіру і пасцілы. Вывучалі шмат літаратуры, даведваліся пра правільную нарыхтоўку інгрэдыентаў і згодна з гэтым іх нарыхтоўвалі. Так, галоўны інгрэдыент — яблычнае пюрэ — запякалі ў духавых шафах, а потым праціралі праз сіта. Для смаку, водару і колеру будучага зефіру назапасілі пюрэ з розных ягад — малін, ажын, клубніц, буякоў. За кулінарныя эксперыменты дзеці ўзяліся толькі гэтай зімой, каб паспець як след адтачыць майстэрства да свята 8 Сакавіка.
“Гэта не масавая вытворчасць, а спосаб парадаваць сваіх блізкіх, павіншаваць іх са святам. Спачатку мы рабілі зефір традыцыйнай формы, але да вясны для мам асвойваем і зефірную фларыстыку. Набылі спецыяльныя формы і робім зефір у выглядзе руж, цюльпанаў, гартэнзій. Ёсць у нас і розныя насадкі, якія дазваляюць эксперыментаваць з відамі кветак”, — тлумачыць Людміла Кучынская.
Пачынальнікамі справы былі ўсяго 3—4 кухары, але дзень адкрытых дзвярэй у кухні з дэгустацыяй стаў лепшай прафарыентацыяй. Цяпер жадаючых надзець фартухі — больш за трэць усіх навучэнцаў школы, ёсць сярод іх і хлопчыкі. Дзве 9-класніцы, Вікторыя Нірон і Уладзіслава Цімафеева, ужо добра асвоілі працэс гатавання зефіру, астатнія пакуль выступаюць памочнікамі-афарміцелямі.
“У працэсе гатавання ёсць адзін момант — заварванне, калі сіроп даводзіцца да 110 градусаў і ўводзіцца ў бялкова-яблычную масу. І тут я магу даверыць такую гарачую вытворчасць толькі старшакласніцам, і тое заўсёды стаю побач”, — тлумачыць сваю асцярожнасць Людміла Казіміраўна.
Свая тэхналогія
Пакуль мы гутарым, дзяўчаты побач лоўка дэманструюць увесь тэхналагічны працэс. Вікторыя міксерам узбівае размарожанае яблычнае пюрэ, падмешваючы ў яго малінавае і яечныя бялкі, Уладзіслава варыць сіроп з вады, цукру і агар-агару.
Потым Віка, не спыняючыся, закручвае венчыкамі пышную пену, яе сяброўка тоненькім струменьчыкам улівае ў яе сіроп.
“Можна дабаўляць сок апельсіна, цэдру, але мы аддаём перавагу ўласна вырашчаным дабаўкам — ягадам”, — адзначаюць дзяўчаты.
Пакуль перамешвалася, сумесь астыла. Яе дзяўчаты раскладваюць па кандытарскіх мяшках, формачкі ўжо гатовы і расстаўлены на стале — пачынаецца самае цікавае. Цяпер галоўнае — фантазія. Тут табе расцвітаюць і бутончыкі ранішніх руж і далікатных цюльпанаў, і пышныя суквецці гартэнзій… Калі зефір крыху застыне, застанецца яго толькі дастаць і аформіць па-святочнаму.
“Захоўваецца такі зефір каля тыдня. Калі ў яго пры гатаванні дадаць інвертны сіроп, то тэрмін захоўвання павялічыцца да месяца. Але мы гэтага не робім. Нам і тыдня для захоўвання шмат — звычайна наш зефір разлятаецца ўжо ў дзень гатавання. Толькі цяпер не ўсе нашы эксперыменты заканчваюцца дэгустацыяй — самыя прыгожыя вырабы ў гэтыя дні мы пакідаем для мам”, — расказвае Людміла Казіміраўна.
Без шакаладу не будзе ладу
Цяжка знайсці ў Юрцаве і раўнадушных да шакаладу. Таму гэтая акалічнасць не засталася па-за ўвагай юных кулінараў.
“Мы для гэтай справы купляем спецыяльны шакалад, растапляем яго. Дарэчы, у цёмнага, белага, малочнага шакаладу свая тэмпература плаўлення. Мы прывыклі рабіць гэта ў мікрахвалёўцы кароткімі імпульсамі. Астужаны шакалад заліваем у формачкі ў выглядзе фігурак, сэрцайкаў ці медальёнаў. А на растоплены шакалад раскладваем цукаты, сухафрукты, сушаныя клубніцы, маліны і іншыя ягады. Цукаты таксама гатуем па-свойму. Іх аснова — кабачкі ці гарбузы, але, каб надаць ім яркі смак, варым іх у ягадным сіропе — малінавым, вішнёвым і іншых, — дзеліцца сакрэтамі Людміла Кучынская. — Такія цукеркі можна было б і прадаваць, але мы сабе такой мэты не ставім. Галоўнае, каб дзеці ведалі, як гэта робіцца, каб пры жаданні змаглі згатаваць цукеркі для сябе і сваіх блізкіх. А калі некалі яны будуць мець свой сад, агарод, ягаднік, то змогуць і зарабіць, прапаноўваючы пакупніку вітамінныя прысмакі”.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Людмілы Кучынскай і з архіва школы