Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася ўрачыстая сустрэча дэлегацыі кітайcкіх дзяцей, якія па запрашэнні кіраўніка нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі праводзяць свой адпачынак і аздараўленне ў Нацыянальным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, з віцэ-прэм’ерам Беларусі Наталляй Качанавай. Гэта адказны візіт юных кітайцаў у нашу краіну. Мінулым летам у Паднябеснай пабывалі 195 беларускіх дзяцей. Падобны абмен — гэта не толькі вынік наладжаных з Кітаем узаемаадносін, але і аснова для сяброўства будучага пакалення дзвюх краін.
Таксама ў сустрэчы ўзялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін.
“Беларусь упершыню за гісторыю нашага супрацоўніцтва прымае на сваёй зямлі дзяцей з Кітайскай Народнай Рэспублікі, — падкрэсліла Наталля Качанава, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы. — І мы вельмі рады гэтаму. Сёлетні візіт — вынік сяброўскіх адносін паміж кіраўнікамі нашых краін і тых дамоўленасцей, якія былі дасягнуты паміж Беларуссю і Кітаем. Мы падрыхтавалі для гасцей цікавую і насычаную праграму, якая дазволіць пазнаёміцца з культурай і гісторыяй Рэспублікі Беларусь.
Вельмі важна, што нашымі гасцямі з’яўляюцца менавіта дзеці. Як вядома, у мінулым годзе прыкладна ў гэты ж час 195 юных беларусаў пабывалі ў прыгожай і казачнай краіне. Кітай падаўся ім фантастычным. Менавіта такія ўражанні яны выказалі ў творчых сачыненнях, якія пісалі пасля заканчэння падарожжа. Мы вельмі спадзяёмся, што і кітайскай дэлегацыі спадабаецца наша дружалюбная краіна”.Наталля Іванаўна пажадала кожнаму сустрэць на беларускай зямлі сапраўднага сябра, адносіны з якім захочацца падтрымліваць доўгія гады.
Кіраўнік кітайскай дэлегацыі Чэнь Юэсэнь выказала словы падзякі Міністэрству адукацыі Беларусі, якое арганізавала візіт. Яна паведаміла, што і дзяцей, і дарослых, якія іх суправаджаюць, уразіў цёплы прыём і дэталёва распрацаваная праграма знаходжання.
“Ужо за першыя дні нашы дзеці паспелі пазнаёміцца з часткай гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі, — адзначыла Чэнь Юэсэнь. — Прымаючы ў мінулым годзе ў сябе беларускіх дзяцей, мы былі ўражаны іх здольнасцямі і талентамі, а іх адкрытасць і знаходлівасць пакінула след у сэрцах. Усё гэта глыбока замацавалася ў нашай свядомасці. Памятаю, як, праважаючы іх на радзіму, многія не маглі стрымаць слёз”.
У ходзе сустрэчы абодва бакі абмяняліся памятнымі падарункамі. Дзеці атрымалі прыгожыя беларускія сувеніры, а прадстаўнікі дэлегацыі Кітая з удзячнасцю ўручылі падарунак Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку — афарызм Канфуцыя. Яшчэ адзін афарызм Канфуцыя, які характарызуе асобу неардынарнага чалавека, атрымала ў падарунак віцэ-прэм’ер-міністр. А першы намеснік міністра адукацыі атрымаў каліграфічна выведзенае выслоўе з рук самога юнага аўтара: “Цудоўная будучыня — вынік супрацоўніцтва Беларусі і Кітая”.
Завяршылася сустрэча пытаннямі юных гасцей, якіх цікавіла колькасць дзяцей у Беларусі, якія прадметы вывучаюцца ў школах нашай краіны, колькі доўжыцца ўрок, якія асаблівасці мае сістэма адукацыі і выхавання. Прыемнай навіной для дэлегацыі Кітая стаў той факт, што ў некаторых беларускіх школах сёння вывучаецца кітайская мова і ў гэтым годзе школьнікі ўпершыню здалі экзамен па прадмеце. “Сяброўства вельмі шырокае паняцце, — адзначыў Вадзім Богуш. — Складана вылучыць тое зерне, з якога ўсё прарастае. Я лічу, што сяброўства паміж Беларуссю і Кітаем — заслуга кіраўнікоў нашых краін.
Мы з задавальненнем прымаем удзел у гэтым праекце, бо вельмі важна, каб людзі розных краін даведваліся больш адно пра аднаго і станавіліся тым самым бліжэй. Будзем рады, калі падобныя візіты дазволяць найлепшым чынам прэзентаваць Беларусь усяму святу. Магчыма, нехта з кітайскіх дзяцей прыме рашэнне атрымаць адукацыю ў адным з нашых універсітэтаў.
Наша супрацоўніцтва з Кітаем развіваецца інтэнсіўна. У гэтым годзе адбылося першае пасяджэнне беларуска-кітайскай камісіі па супрацоўніцтве ў сферы адукацыі. Мы разам з намеснікам міністра адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі прадугледжваем шмат шляхоў для ўзаемадзеяння: правядзенне сумесных навуковых даследаванняў, падрыхтоўка кадраў ва ўніверсітэтах, магістратуры, аспірантуры, узаемадзеянне на ўзроўні інстытутаў Канфуцыя. У Беларусі сёння дзейнічаюць тры такія інстытуты. У мінулым годзе быў адкрыты адзіны ў свеце Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы пры Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Наша супрацоўніцтва шматвектарнае, яно карыснае і выгаднае для абодвух бакоў”.
Кітайская дэлегацыя будзе знаходзіцца ў Беларусі да 19 жніўня. У праграму адпачынку дзяцей у НДЦ “Зубраня” ўключаны шматлікія аздараўленчыя мерапрыемствы. Што тычыцца культурнай праграмы, то тут госці маюць магчымасць пазнаёміцца з краявідамі і славутасцямі Нарачанскага краю, акунуцца ў быт сялянскай вёскі ХІХ стагоддзя ў агратурыстычным комплексе “Наносы-Наваселле”, наведаць горад-герой Мінск, а таксама Мірскі і Нясвіжскі палацава-паркавыя комплексы.
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Аляксандра ШЭЛЕГАВА.