Удзельнікі валанцёрскага атрада “Пошук” гімназіі Ляхавіч ведаюць, як знайсці таго, каму неабходна іх дапамога. Нездарма па выніках 2023 года яны сталі лепшым валанцёрскім атрадам Брэстчыны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Шмат гадоў кіраўніком атрада была намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Гатоўчыц, а 3 гады назад гэты кірунак падхапіла настаўніца англійскай мовы Вікторыя Салаўёва.
Аксана Віктараўна гаворыць:
— Мы наладзілі цеснае ўзаемадзеянне з Беларускім Чырвоным Крыжам. Пад эгідай гэтай арганізацыі і дзейнічае наш валанцёрскі атрад. Мы супрацоўнічаем з Цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ляхавіч. Нашы валанцёры навучаны правільным зносінам з асаблівымі дзецьмі, таму ва ўзаемадзеянні з імі не існуе бар’ераў і перашкод. Па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” яны перадаюць свае веды равеснікам, штогод прымаюць удзел у конкурсе “Лепшы валанцёр года”, маюць узнагароды, падзяку Міністэрства адукацыі, станавіліся ўдзельнікамі валанцёрскай змены ў “Зубраняці”.
— Наш атрад — гэта навучэнцы 9—10-х класаў. Іх няшмат, але мы робім з імі многа карыснага, — дадае Вікторыя Іванаўна. — Да таго ж у нас ёсць памочнікі — навучэнцы 7—8-х класаў. У валанцёрства дзеці ідуць ахвотна, але не ўсе застаюцца. Затое калі застаюцца, то надоўга. Нашы выпускнікі працягваюць валанцёрыць, нават калі становяцца студэнтамі, бо жаданне рабіць дабро з апошнім званком не знікае.
Добраахвотнікі гімназіі задзейнічаны ў розных кірунках, але ўсе яны так ці інакш тычацца тэмы здароўя. Напрыклад, рознымі спосабамі дзеці стараюцца данесці да равеснікаў ідэі здаровага ладу жыцця. Асноўны ўпор робіцца на тое, каб расказаць пра шкоду тытуню, алкаголю, наркотыкаў. Асноўныя акцыі, якія праводзяцца, — “Я выбіраю жыццё!”, “Курыць — гэта не модна!”, “Мы — здаровае пакаленне Брэстчыны”, акцыя да Дня памяці ахвяр СНІДу і інш. Падчас мерапрыемстваў гімназісты звяртаюць увагу грамадскасці і на сацыяльна значныя праблемы: чарнобыльскую трагедыю, рост колькасці суіцыдаў, экалагічныя праблемы і інш.
Актыўна праходзіць у гімназіі і фандрайзінг. Кожную восень дзеці прыносяць у школу па некалькі бульбін, морквін, буракоў, а пасля сабраны ўраджай адпраўляецца ў дамы сумеснага пражывання пажылых людзей. Гімназісты стараюцца ўзаемадзейнічаць з рознымі сацыяльнымі групамі. Так, да Дня інвалідаў яны рэалізуюць ініцыятыву “Сагрэй дзіцячае сэрца”, а да Дня пажылых людзей — “Клопат”, “Дары дабро”, “Сябар па перапісцы”. І наогул, робяць штодзённае жыццё больш яркім падчас тыдня бацькоўскай любові ці проста так, без нагоды і даты.
Ход правядзення акцый і праектаў педагогі абмяркоўваюць з валанцёрамі, каб усім было цікава. Напрыклад, акцыю “Жыццё з пазітывам” яны пачалі з таго, што ўсе жадаючыя фарбавалі свае далоні і рабілі адбіткі на шпалерах у актавай зале, а падчас тыдня прававых ведаў рабілі вагі, як у багіні правасуддзя Феміды, і на іх дзеці раскладвалі добрыя і дрэнныя ўчынкі — правамерныя і злачынныя. Каб у Дзень пажылога чалавека ніхто не застаўся без увагі, валанцёры раздавалі ўласнаручна створаныя паштоўкі навучэнцам, чые бабулі і дзядулі жывуць далёка ад Ляхавіч, каб тыя падпісалі іх і паслалі родным.
Да валанцёрскіх спраў далучаюцца і ўдзельнікі вакальнага ансамбля “Ілюзія”, якім кіруе настаўнік музыкі Віктар Станіслававіч Бародка. Напрыклад, нядаўна яны завяршылі серыю з пяці дабрачынных канцэртаў. Усе білеты былі па 1 рублі, але за кошт вялікай колькасці жадаючых яго паглядзець артысты змаглі сабраць значную суму грошай, якія пералічылі ў Беларускі фонд міру. Гэтую ж мэту — фінансава падтрымаць тых, каму гэта неабходна, — ставяць перад сабой і юныя кулінары — арганізатары дабрачынных гімназічных кірмашоў, дзе прадаюць свае кулінарныя шэдэўры.
— Валанцёрская дзейнасць вучыць нас па-іншаму глядзець на жыццё, цаніць тое, што мы маем, цаніць кожны дзень і, самае галоўнае, радавацца самым простым рэчам. Заўсёды трэба памятаць, што сярод нас ёсць тыя, каму неабходны дапамога і клопат, таму нельга праходзіць міма чужой бяды, — падкрэслівае Вікторыя Салаўёва.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены гімназіяй