Беларусь і Кітай выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень партнёрства. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Камітэта па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржаўным савеце КНР Сяа Яцынам.
“Бягучы 2017 год — асаблівы для нашых двухбаковых сувязей. Беларусь і Кітай адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Да гэтай даты мы падышлі з высокай інтэнсіўнасцю кантактаў, сумесных мерапрыемстваў, выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень партнёрства паміж Мінскам і Пекінам”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, усе гэтыя 25 гадоў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем развіваліся на яго вачах і пры непасрэдным удзеле. “Я ніколі не мог падумаць 25 гадоў назад, што мы зможам мець такія адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Я рады, што ў нас выбудаваліся такія адносіны з Вялікім Кітаем”, — заявіў беларускі лідар.
“Жалезныя браты” і “ўсепагодная дружба” — гэта ёмістыя паняцці, тэрміны, якія ўвайшлі ў лексікон нашых узаемаадносін”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Кітай з’яўляецца стратэгічным партнёрам Беларусі. Аснова супрацоўніцтва дзвюх краін — дружба і ўзаемаразуменне, падтрымка на двухбаковых і шматбаковых пляцоўках.
Прэзідэнт нагадаў, што на сустрэчы ў маі гэтага года са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам бакі яшчэ раз пацвердзілі статус Беларусі як найважнейшага партнёра ў рэалізацыі ініцыятывы “Адзін пояс і адзін шлях”. “Сёння надыходзіць актыўная фаза выканання нашых дамоўленасцей. Прыклад гэтага — ваш візіт разам з прадстаўнікамі найбуйнейшых кітайскіх карпарацый, якія з’яўляюцца гордасцю і сілай кітайскай эканамічнай мадэлі, — сказаў беларускі лідар. Беларусь і Кітай выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень партнёрства. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Камітэта па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржаўным савеце КНР Сяа Яцынам.
— У вас намечаны прадметныя і змястоўныя сустрэчы і мерапрыемствы. Асаблівая ўвага на іх будзе ўдзелена найважнейшаму аспекту — умацаванню эканамічных сувязей, вызначэнню партнёраў і праектаў для рэалізацыі ў нашай краіне”.
Кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданне, каб інтэнсіўныя і развітыя палітычныя ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і Кітаем стаялі на фундаменце моцных гандлёва-эканамічных адносін. “Калі гэта будзе, тады ўжо нашу дружбу не разбурыць ніхто”, — упэўнены беларускі лідар.
Паводле слоў прэзідэнта, удзельнічаючы ў міжнароднай канферэнцыі ў Кітаі па развіцці ініцыятывы “Адзін пояс і адзін шлях”, ён гаварыў аб тым, што асаблівасцю работы КНР з дзяржавамі ў свеце з’яўляецца тое, што Кітай нікога не павучае, не ставіць нейкіх папярэдніх умоў для супрацоўніцтва. “Кітай ідзе на супрацоўніцтва з адкрытым сэрцам і душой, калі гэтага жадаюць дзяржавы, у якіх Кітай хоча працаваць. Гэта, можна сказаць, новая эра эканамічных і палітычных адносін у свеце — без націску, без папярэдніх умоў, толькі на ўзаемавыгаднай аснове. У гэтым асаблівасць палітыкі вялікага, мудрага кітайскага народа. Мы гэта вітаем. Аб гэтым гаворым і будзем гаварыць публічна”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу і на той факт, што Кітай паслядоўна рэалізоўвае дасягнутыя дамоўленасці ў пытанні развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю. “Вы паабяцалі нам адкрыць рынак для прадуктаў харчавання — вы яго адкрылі і па малочнай прадукцыі, і па мясной. Вы абяцалі нам падтрымку ў прамысловасці — вы рэалізоўваеце свае абяцанні. Вы абяцалі падтрымаць нашу абараназдольнасць і бяспеку нашай дзяржавы — вы гэта зрабілі. Вы павінны ведаць, што мы гэтым ганарымся і будзем помніць гэта заўсёды”, — сказаў прэзідэнт.
У якасці аднаго з напрамкаў для развіцця ўзаемадзеяння прэзідэнт назваў сумеснае з дзяржаўнымі карпарацыямі ўмацаванне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. “Цалкам магчыма і нядрэнна было б стварэнне ў парку высокатэхналагічных прадпрыемстваў сістэмы ваенна-прамысловага комплексу. Можна сумесных, можна кітайскіх. І трэба, каб кітайскія карпарацыі ВПК прыйшлі ў гэты парк”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі шэрага буйных кітайскіх карпарацый, большасць з якіх — акцыянеры і рэзідэнты парка. “Іх прыклад дэманструе на практыцы ўзаемную выгаду і патэнцыял супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сферы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“Хачу асабліва падкрэсліць, што ваш візіт у Беларусь з’яўляецца пацвярджэннем канкрэтных і мэтанакіраваных крокаў у сумесным развіцці і стварэнні “супольнасці адзінага лёсу” Беларусі і Кітая. Упэўнены, што візіт ужо ў найбліжэйшы час прынясе адчувальныя вынікі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Фундамент, які мы будуем для будучых пакаленняў, будзем умацоўваць сумеснымі прадпрыемствамі, сумесным бізнесам і стварэннем неабходных умоў для прыходу Вялікага Кітая ў цэнтр Еўропы”.