Жнівеньская нарада педагогаў у Гродне пачалася з віншавання народнага настаўніка Беларусі Альфрэда Ладыкі

- 10:08Образование

Шчырыя словы ўдзячнасці ад кіраўніцтва вобласці і яе жыхароў выказаў настаўніку матэматыкі гімназіі № 1 Ліды Альфрэду Ладыку старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ён падзякаваў педагогу за шматгадовую працу, адданасць прафесіі, любоў да дзяцей і свайго прадмета. Такі пазітыўны момант, безумоўна, натхніў калег на плённую работу. Удзел у нарадзе таксама прынялі намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк.

— Жнівеньская канферэнцыя многія дзесяцігоддзі служыць сімвалічным зыходным пунктам новага навучальнага года, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. — Для кіраўніцкай вертыкалі гэта нагода не столькі падвесці вынікі зробленага, колькі зноў прыступіць да выканання задач па забеспячэнні якасці адукацыі без аглядкі на ранейшыя перамогі. Як сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, час рэформ у адукацыі прайшоў. Аднак удасканаленне работы — працэс няспынны.

Асабліва святочным 1 верасня стане для значнай часткі дзяцей у Астраўцы, дзе ўрачыста адкрыецца новая школа.

— Задача педагогаў простая — працаваць з моладдзю ў сумленным і прамым дыялогу. Твар у твар, без фармалізму. Даносіць тыя каштоўнасці, тыя сэнсы, якія мы даносім сваім дзецям, — сказала Кацярына Пятруцкая. — Педагагічная грамадскасць Беларусі, у тым ліку і Гродзенскай вобласці, вылучаецца прафесіяналізмам, любоўю да сваёй прафесіі і адданасцю краіне.

У сістэме адукацыі Гродзеншчыны працуе каля 30 тысяч чалавек, у іх ліку 10 тысяч настаўнікаў. У новым навучальным годзе адчыняць свае дзверы 297 устаноў адукацыі. Каля 700 маладых педагогаў пачнуць працаваць па размеркаванні.

Як было адзначана на нара­дзе, усе школы Гродзенскай вобласці атрымалі пашпарты гатоўнасці. Завершаны капітальныя і бягучыя рамонты, у тым ліку харчаблокаў. Цяпер кожная ўстанова адукацыі з нецярпеннем чакае навучэнцаў.

У новым навучальным го­дзе ў школы прыйдуць 10 400 першакласнікаў. Для іх, як і для іншых навучэнцаў, створаны бяспечныя, камфортныя ўмовы, — расказаў Руслан Абрамчык. — Высока ацэньваю ролю ўпраўленняў адукацыі, райвыканкамаў у падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі. Накіраваны сур’ёзныя фінансавыя сродкі на капітальныя рамонты ўстаноў, абнаўленне аўтобуснага парка. У 2025 го­дзе ўжо закуплена 26 школьных аўтобусаў, да 1 верасня пасту­піць яшчэ 25, набытых за кошт абласнога бюджэту і Міністэрства адукацыі. Ва ўсіх раёнах прайшлі конкурсы ва­дзіцеляў па кіраванні транспартнымі сродкамі, якія перавозяць дзяцей.

Па словах Р.Абрамчыка, мінулы навучальны год быў паспяховым. Школьнікі прадаўжаюць радаваць і цяпер. Так, днямі яны атрымалі чарговую перамогу на міжнароднай алімпіядзе. Усяго за лета выпускнікі Гродзеншчыны заваявалі 8 медалёў на міжнародных алімпіядах.

Падчас уступнай кампаніі ва ўстановах вышэйшай адукацыі, каледжах выпускнікі 2025 года ў барацьбе за бюджэтныя месцы праявілі свае лепшыя якасці, многія паступалі на льготных умовах. Пры гэтым у 4 разы ў параўнанні з 2021 годам павялічылася колькасць маладых людзей, якія паступілі ва ўніверсітэты па мэтавых накіраваннях. 32 школьнікі вобласці атрымалі рэкамендацыі наглядальнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка і выбралі УВА Беларусі.

***

Нагрудныя знакі Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” падчас педагагічнай нарады былі ўручаны: намесніку начальніка ўпраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Ганне Амбражэвіч, дырэктару Парэцкай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната Гродзенскага раёна Ларысе Грышкевіч, дырэктару гімназіі № 10 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Гродна Алене Зінчук, загадчыцы дзіцячага сада № 101 Гродна Жанне Казловіч, настаўніцы інфарматыкі гімназіі № 1 Дзятлава Святлане Кетка, намесніку дырэктара сярэдняй школы № 3 Ашмян Алене Кумпіцкай, настаўніцы геаграфіі сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Святлане Марчук, намесніку дырэктара гімназіі № 1 Ліды Але Ройбуць, настаўніцы замежнай мовы гімназіі № 1 Астраўца Ніне Свіла, дырэктару Квасоўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Алегу Хрыптовічу, намесніку загадчыка да­школьнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Ліды Ірыне Шут і выхавальніцы дашкольнай адукацыі санаторнага дзіцячага сада Смаргоні Анастасіі Маршалак.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота БелТА