Хутка Дзень Перамогі — вялікая дата, якая яднае розныя пакаленні, ператвараючыся ў масток памяці паміж былым і будучыняй. Як зрабіць так, каб урокі мінулага не сталі дарэмнымі? Як выхаваць годнае ўдзячнае пакаленне?
Усё відавочна: вучыць трэба на прыкладзе лёсаў тых, хто годна пражыў сваё жыццё, ні пры якіх акалічнасцях, выпрабаваннях не здрадзіў ні сабе, ні Айчыне, хто жыў па-чалавечы, набела, па-сапраўднаму! На прыкладзе жыцця ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Кулямётчыкі і снайперы, мінамётчыкі і сувязісты, медсёстры і лётчыкі, удзельнікі партызанскага руху і падполля — вось яны, наш прыклад… Будзённа ваявалі ці сталі героямі, гінулі, так і не спазнаўшы шчасця, прызначанага ім у жыцці: кахаць, працаваць, здзяйсняць, бачыць усмешкі дзяцей, у рэшце рэшт, проста быць…
Хтосьці дажыў і да нашых дзён, даўшы нашчадкам магчымасць даведацца пра подзвігі і жахі той вайны з вуснаў непасрэдных удзельнікаў, а хтосьці пакінуў толькі памяць аб сваім нязломным духу, які мы, удзячныя нашчадкі, увекавечылі ў помніках і мемарыялах.
Адзін з такіх знаходзіцца на тэрыторыі сучаснага Полацка і мае назву “Урочышча Пяскі”. Што гэта за месца, да канца можна зразумець, калі выпадзе магчымасць пабываць там: параўнальна невялікая тэрыторыя былога лагера для ваеннапалонных, абнесеная крыжападобнай сімвалічнай агароджай, з тужлівым выццём ветру ўгары.
Урочышча размешчана на месцы былога DULAG-125. Вялікая колькасць яго “насельнікаў” так і не была нікуды этапіравана, а проста знішчана — па розных даных, ад 20 да 100 тысяч чалавек. Сюды прывозілі для расстрэлу падпольшчыкаў і партызан, зганялі мясцовых жыхароў. Гэта сапраўдныя героі, якія адказна выканалі салдацкі доўг і мужна прынялі смерць. Адметна, што мемарыял знаходзіцца побач са знакамітым Спаса-Ефрасіннеўскім праваслаўным жаночым манастыром, кавалак тэрыторыі якога таксама быў абнесены калючым дротам у 1941—1944 гадах.
Лічу, што на падставе пастановы Савета Міністраў “Аб пілотным праекце па арганізацыі і правядзенні экскурсій” і ў мэтах фарміравання павагі да культурна-гістарычнай спадчыны нашага народа гэтае месца абавязкова павінны наведваць старшакласнікі, што і было здзейснена маімі вучнямі розных класаў.
Знаходзячыся на тэрыторыі мемарыяла, яны пільна ўзіраліся ў маўклівыя імёны на чорных плітах, уважліва слухалі мой аповед пра той далёкі і жудасны перыяд, шмат думалі, у прыватнасці, над тым, што нарадзіліся ў мірны час, што іх прысутнасць на зямлі аплачана мужнасцю, адвагай і жыццём тых, хто стаў нябёсамі над усімі намі. Менавіта ў гонар іх светлай памяці ўсе нашы дасягненні і здзяйсненні!
Што можа зрабіць чалавек, каб ушанаваць подзвіг былых пакаленняў? Знаходзячыся на тэрыторыі ўрочышча, разумееш, што ён можа толькі жыць і памятаць, быць вартым тых людзей, якія падарылі яму магчымасць нарадзіцца і быць на гэтай каляровай зямлі, аздабляючы і аберагаючы яе, захоўваючы мірныя дні, бо памяць патрэбна жывым.
Ала ПРОХАРАВА,
настаўніца беларускай мовы и літаратуры сярэдняй школы № 7 Наваполацка.