Рыхтуючыся да прысваення імя двойчы Героя Савецкага Саюза І.І. Якубоўскага 13-й школе Оршы, вучні разам з бацькамі і настаўнікамі даследавалі краязнаўчы матэрыял, падзеі, якія адбываліся ў іх сем’ях падчас вайны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Школьнікі даведваліся, кім былі іх сваякі, бабулі і дзядулі, рыхтавалі сумесна з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Андрэем Уладзіміравічам Калачовым перасовачныя выставы, збіралі «Музей у чамадане».
– Музеяў, прысвечаных вывучэнню гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, становіцца ўсё больш, чаго варты адзін толькі «Цягнік Перамогі». Многія з іх прыцягваюць увагу не толькі традыцыйнымі экспанатамі, але і інавацыйнымі метадамі падачы інфармацыі, – адзначае А. Калачоў. – Пры правядзенні мерапрыемстваў на ваенна-патрыятычную тэматыку толькі расказваць недастаткова. Патрэбны ўдзел у конкурсах, гульнях або інтэрактыўных заданнях. Павінны быць матэрыялы, якія можна патрымаць у руках, якія выклікаюць цікавасць у падлеткаў, як тая ж газавая лямпа або брытва часоў вайны, фотаздымкі і дакументы. Гэта можна зрабіць з дапамогай мабільнага «Музея ў чамадане», дзе знаходзяцца артэфакты, якія належалі салдатам і мірным грамадзянам. У адрозненне ад традыцыйных экспазіцый, дзе прадметы выстаўлены за шклом, «Музей у чамадане» прапаноўвае жывое і эмацыянальнае ўспрыманне гісторыі.
Экспанаты для яго ў 13-й школе Оршы збіраліся паступова. Штосьці перадавалася ў дар, нешта ўдавалася пазычыць або купіць.
– Мы падзялілі калекцыю на некалькі выстаў, – расказвае педагог. – Першая – гэта прадметы, непасрэдна звязаныя з тагачаснымі падзеямі: ваенная форма, элементы рыштунку і экіпіроўкі, асабістыя рэчы, рэшткі зброі і боепрыпасаў. Другая – планшэты з ордэнамі і медалямі перыяду вайны. Трэцяя – арыгінальныя дакументы, фатаграфіі, газеты. Чацвёртая – стэнды, вырабленыя школьнікамі падчас конкурсаў на ваенна-патрыятычную тэматыку. Пятая – экспазіцыя па прафарыентацыі, прысвечаная парадку праходжання службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, у тым ліку па кантракце, вучобе ў Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС і іншых установах. Збіраем і асобную калекцыю, прысвечаную генацыду беларускага народа ў гады вайны. Плануем адкрыць выставу да 80-годдзя Перамогі.
У кожнага прадмета ў чамадане свая гісторыя. Не ўсе артэфакты добра захаваліся, а тыя, што ёсць, часта патрабуюць уважлівага і беражлівага захоўвання. Трэба ведаць, як пачысціць манеты, гузікі, прадметы з устаўкамі з эмалі. Напрыклад, апрацоўваць іржавыя рэчы з дапамогай хімічных раствораў непажадана, бо пасля яны пачынаюць блішчаць, а гэта выглядае ненатуральна. Прасаваць тканіны нельга, бо ўтвараюцца зморшчыны, якія прыбраць амаль немагчыма. Газеты і іншыя дакументы не павінны знаходзіцца на сонцы, бо яны жоўкнуць і становяцца крохкімі на згібах. Трэба ведаць, дзе набыць тыя самыя арыгінальныя кашулі (стужкі) з медалямі і ордэнамі.
У музей выпадкова трапілі матацыклетныя акуляры. Знаходзячыся па рабочых пытаннях у адной з вёсак Аршанскага раёна, Андрэй Калачоў пацікавіўся ў мясцовага жыхара, ці ёсць у яго прадметы перыяду вайны. Чалавек прынёс акуляры, якія належалі яго дзеду. Яны прызначаны для абароны вачэй ад уздзеяння цвёрдых часціц, ветру і пылу пры тэмпературы ад -30 да +50 °С. Імі карысталіся нетолькі матацыклісты, але і механікі-вадзіцелі бронемашын і танкаў, экіпажаў самалётаў.
Руска-латышскі размоўнік 1940 года трапіў да педагога ад знаёмага, які працуе качагарам у гарадской лазні. Сярод драўлянага смецця з разабранага дома той знайшоў даведнік. Размоўнікі, выпушчаныя Ваенвыдатам у перадваенныя гады, былі двух тыпаў. Адны мелі ўніфікаваны змест, а другія прызначаліся для байцоў і малодшых камандзіраў, уключалі дадатковую інфармацыю ў выглядзе сілуэтаў тэхнікі, аб верагодным саперніку, апытальнікі ваеннапалонных і г.д. Той размоўнік, што трапіў у школу, быў адрасаваны камандзірам аддзялення, узвода, роты. У якасці варыянту прымянення размоўніка меркавалася апытанне палонных, перабежчыкаў і мясцовых жыхароў. У перадваенны перыяд былі створаны размоўнікі на 11 мовах. Такія маштабы выпуску тлумачацца тым, што практычна кожная прыгранічная дзяржава магла стаць варожай, а яе тэрыторыя – зонай баявых дзеянняў.
Адна пажылая жанчына падарыла для школьнай калекцыі драўляны чамадан. Часта такія можна ўбачыць у савецкіх фільмах. Па словах жанчыны, яе мама паехала з гэтым чамаданам з вёскі на будаўніцтва Аршанскага ільнокамбіната. Падобныя рэчы з фанеры і рэек тады мог зрабіць любы чалавек, які ўмеў майстравать, таму ўсе яны нечым адрозніваліся: замкамі, зашчэпкамі, завесамі. Чамадан часта выкарыстоўваўся як куфар. Мэблі, асабліва ў маладых людзей, тады практычна не было. Знутры чамадан абклейваўся газетамі або шпалерамі, для таго каб дробнае пілавінне ад фанеры не псавала адзенне. Фарбы не было, таму для прыгажосці чамаданы пакрывалі смалой, змяшанай з бензінам. Атрымліваўся роўны чорны колер і спецыфічны пах, які пасля выветрываўся. Скрозь завесы можна было прасунуць клямку замка, каб атрымаўся сейф.
Асаблівасць праекта «Музей у чамадане» заключаецца ў яго ўніверсальнасці: ён цікавы як дзецям, так і дарослым. І карыстаецца поспехам пры правядзенні мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі і падчас выстаў на агульнагарадскіх мерапрыемствах. Для старэйшага пакалення гэта спосаб перажыць настальгічныя ўспаміны, расказаць пра іх сваім дзецямі ўнукам.
– Падчас выставы можна ладзіць інтэлектуальныя гульні, конкурсы, віктарыны, – гаворыць А. Калачоў. – На гарадскіх святах мы ствараем пляцоўкі, фотазону, каб грамадзяне маглі сфатаграфавацца ў форме салдата Чырвонай Арміі. Прапануем разабраць і сабраць аўтамат Калашнікава. Варыянтаў розных актыўнасцей вакол «Музея ў чамадане» мноства.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Ігара ГРЭЧКІ і з архіва школы