Творчае супрацоўніцтва паміж беларускімі ўстановамі адукацыі і ўстановамі адукацыі краін-суседак даўно стала традыцыйным. Аднак што агульнага сёння ў беларускай, рускай, украінскай, латышскай, эстонскай моладзі? Гэта мова мастацтва, якая не мае меж! І фестываль “Тэатральная маска”, які прайшоў у Кіеве, таму пацвярджэнне. Выступленне інструментальнага ансамбля “Міраж” гімназіі № 5 Мінска гаспадары творчага форуму назвалі феерычным.
“Мы вырашылі, што гэта будзе музычны спектакль па матывах сачыненняў Адама Міцкевіча, дзе выкарыстана старажытная замкавая музыка Беларусі XV —XVII стагоддзяў, — расказвае кіраўнік ансамбля Галіна Эдуардаўна Цімакова. — “Будучыня прыходзіць сама, мінулае адкрываецца толькі зацікаўленаму …” — гэтая цытата са спектакля беларускай дэлегацыі стала ключавой у першы фестывальны дзень”.
Другі дзень фестывалю быў прысвечаны творчым праграмам удзельнікаў. Выступленне ансамбля “Міраж” атрымала назву ўжо запісанага ім музычнага альбома “Танец пра каханне”.
“У сваёй праграме мы хацелі расказаць пра любоў у шырокім сэнсе: да музыкі, да людзей, да справы, якой займаемся ўжо шмат гадоў, — адзначае кіраўнік ансамбля Ірына Анатольеўна Сербіна. — Наша мова была зразумелай, нашы думкі блізкімі, эмоцыі запаланілі залу. Апошні нумар “Настаўнік танцаў” падхапілі і сталі танцаваць у зале нават члены журы”.
“Такога ў нас яшчэ не было!” — дзяліліся пасля выступлення беларусаў навучэнцы сярэдняй школы № 23 Кіева. Асабліва ўразіла іх ігра на музычных інструментах, эмацыянальны градус выступлення і разнастайнасць рэпертуару — ад старажытных “Курантаў” да супермоднай кампазіцыі “Nosa”. Гаспадары фестывалю прадэманстравалі свой выпускны спектакль, які закранае праблемы сучаснай моладзі, і яскравае шоу па матывах украінскіх казак “Кацігарошка”.
“Мы розныя, аднак ва ўдзельнікаў фестывалю не было ніякіх перашкод у зносінах, — расказвае саліст ансамбля “Міраж” Павел Якімовіч. — Больш за тое, мы ўсе разумелі, што гаворым пра адно і тое ж, але рознымі мовамі: мовай тэатра, танца, музыкі. Усім спадабаўся спектакль па матывах гогалеўскіх “Мёртвых душ”, які прывезлі ў Кіеў навучэнцы Пушкінскага ліцэя Рыгі. Латышы прымусілі нас смяяцца да слёз. Мы нават па-іншаму паглядзелі на класіку і зразумелі, што сапраўдны гумар не старэе”.
Дарэчы, аўтарам ідэі фестывалю “Тэатральная маска” з’яўляецца дырэктар сярэдняй школы № 23 Кіева Аляксандр Уладзіміравіч Ігнатаў. Два гады назад кіеўская школа далучылася да сумеснага беларуска-расійскага праекта “Мост сяброўства Мінск — Масква”. Новай мэтай супрацоўніцтва стала рэалізацыя праграм і праектаў, звязаных з вывучэннем мовы і літаратуры Беларусі, Расіі і Украіны.
“Нашы гімназісты прымаюць удзел у такіх міжнародных творчых форумах, як фестываль “Тэатральная маска” ў Кіеве і “Фестываль дзіцячых талентаў імя Таццяны Снежынай” у Маскве, — адзначае дырэктар гімназіі № 5 Мінска Юрый Уладзіміравіч Гардзіенка. — Сёлета ў Кіеве ансамбль “Міраж” быў адзначаны мноствам дыпломаў, у тым ліку за дух адраджэння і высокі прафесіяналізм”.
У выніку ўдзелу ў такіх міжнародных праектах творчыя калектывы гімназіі выйшлі на больш высокі прафесійны ўзровень. Напрыклад, харэаграфічны ансамбль “Данс Авеню” (кіраўнікі Жанна Віктараўна Англінская, Тамара Канстанцінаўна Канашэвіч) атрымаў званне ўзорнага. Інструментальны ансамбль “Міраж” таксама прайшоў першы этап для атрымання звання “ўзорны”.
Ужо існуе дамоўленасць аб правядзенні на пачатку новага навучальнага года міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці ў Мінску.
Падрыхтавала Наталля АЛЁХІНА.
aliohina@ng-press.by