Жывая сталь

- 12:14Адукацыйная прастора, Увайсці ў IT

Кіраваць робатам на адлегласці дазваляе праграма MRs, якую стварыў трэцякурснік Слуцкага дзяржаўнага каледжа Аляксей БУРЛАКОЎ.

Метадам проб і памылак

Праект аддаленага кантралявання робатызаваных сістэм дае магчымасць манеўраваць імі з дапамогай жэстаў чалавечай рукі. Адбываецца гэта ў анлайн-рэжыме і на вялікай адлегласці ад робата, а значыць, адкрывае мноства магчымасцей у многіх сферах, дзе выкарыстоўваюцца робатызаваныя прылады.

— Падобная тэхналогія ўжо стваралася раней, але ў яе аснове ляжалі спецыяльныя датчыкі згібу, выкарыстанне якіх спалучана з некаторымі складанасцямі, — расказаў Аляксей. — Па-першае, датчыкі маюць абмежаваны рэсурс (каля 5—6 тысяч згібаў). Па-другое, дастаткова высокі кошт. Замест іх я вырашыў распрацаваць сваю тэхналогію на аснове інфрачырвонай камеры. Усё аказалася складаней, чым я думаў, бо ў пачатку рэалізацыі атрымлівалася не зусім тое, што хацеў бачыць. Тады вырашыў пайсці іншым шляхам і стварыць праграму на аснове камеры з бібліятэкамі машыннага зроку.

Гэтым разам усё спрацавала, але спатрэбіўся аб’ект, які змог бы вырабіць зададзеныя рухі, — прэзентацыя на экране не адлюстроўвала поўную карціну магчымасцей MRs. Мы заказалі руку з пластыку, прывады і мікракантролеры — усё гэта аб’ядноўвалася за кошт каліброўкі і праграмавання. Цяпер мая распрацоўка можа счыт­ваць становішча кожнага пальца рукі ў прасторы, а таксама кіраваць любым робатызаваным аб’ектам пры дапамозе руху. Напрыклад, праз жэст “окей” можна задаць нейкае дзеянне, якое запраграмаваны механізм будзе выконваць. Яшчэ адна фішка MRs — пасля нязначнай перапрацоўкі кода ёсць опцыя ператварыць яе ў перакладчык мовы жэстаў, як для вуснага фармату, так і для тэкставага.

Адной з галоўных пераваг сістэмы MRs можна назваць тое, што чалавеку не абавязкова прысутнічаць паблізу робата. Гэта дазволіць працаваць у месцах з паніжанымі або павышанымі тэмпературамі, павышаным узроўнем радыяцыі, а таксама ўзаемадзейнічаць з выбухованебяспечнымі рэчывамі без пагрозы для жыцця.

Два ў адным

У працэсе падрыхтоўкі да праекта Аляксей шмат эксперыментаваў. Нават паспрабаваў укараніць машынны зрок у камеру ноўтбука, але з-за высокай святлоадчувальнасці перыядычна ўзнікалі лжывыя спрацоўванні. Пазбавіцца іх дапамагла інфрачырвоная motion-камера, якая стала асноўным перадатчыкам інфармацыі праекта MRs.

— Падчас работы над MRs асноўная задача заключалася ў тым, каб нала­дзіць узаемадзеянне з інфрачырвонай камерай з дапамогай кадзіравання, — адзначыў аўтар праекта. — Таксама дзякуючы аперацыйнай сістэме Linux я змог наладзіць машынны зрок, які дапамагае аўтаматычнай апрацоўцы малюнка. Вядома, гэта даволі складаны працэс, але, калі я ўбачыў дзеянні механізмаў, якія паўтаралі рухі маёй рукі, зразумеў, што гэта таго варта.

Мікраэлектронікай я сур’ёзна захапіўся ў канцы 8 класа, хоць з дзяцінства любіў разбіраць старое і ства­раць новае. Спачатку ўсяму вучыўся сам, затым адкрыў для сябе YouTube і адтуль чэрпаў цікавыя фішкі і ідэі. Потым зацікавіўся праграмаваннем, бо, калі хочаш выкарыстоўваць мікракантролеры, без яго не абысціся. Праграма аддаленага кіравання робатызаванымі сістэмамі стала першым праектам, дзе я сумясціў мае веды ў абедзвюх галінах.

Усё было недарма

Яшчэ калі вучыўся на першым курсе Слуцкага дзяржаўнага кале­джа, Аляксей даказаў, што разбіраецца ў мікраэлектроніцы. Выкладчык па прыкладной інфарматыцы Сяргей Ігаравіч Панасенка часта прапаноўваў хлопцу паўдзельнічаць у конкурсах, звязаных з праграмаваннем. Сярод іх і Рэспубліканскі маладзёжны інавацыйны праект “100 ідэй для Беларусі”.

— Папярэднія этапы прайшоў без праблем, — падкрэсліў Аляксей. — Журы адзначыла, што распрацоўка перспектыўная, а таксама прапанавала нядрэнныя ідэі па яе паляпшэнні. Фінальная стадыя складалася па падобным сцэнарыі, але лепшым мой праект усё ж не стаў, хоць дакладна такую ж тэхналогію выкарыстоўвалі ўдзельнікі з іншай секцыі, і ім удалося перамагчы.

Нягледзячы на няўдачу, я працягнуў дапрацоўваць MRs і перамог на многіх спецыялізаваных конкурсах. Напрыклад, на канферэнцыі па інфарматыцы, якая праводзілася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Рэспубліканскі этап праходзіў у анлайн-фармаце, і свае работы ўдзельнікі абаранялі дыстанцыйна. Узровень канкурэнцыі быў вельмі высокі, таму вынікаў прыйшлося чакаць да вечара. І вось абвясцілі 3-е месца — не я. Затым 2-е — зноў пралятаем. Ну, думаю, канец — не можа ж быць першае месца. Як аказалася, можа! Менавіта ў той момант я зразумеў, што ўсё было недарма.

Наступны крок

Перамога ў такім прэстыжным конкурсе ўмацавала ўпэўненасць Аляксея ў тым, што ён здольны ствараць па-сапраўднаму якасны прадукт, які прынясе карысць грамадству. Зараз хлопец займаецца не толькі дапрацоўкай MRs, але і стварэннем сваёй новай разумнай прылады:

— У мінулым годзе мой дзядуля ляжаў у бальніцы з каранавірусам. Ён расказваў, што медсёстры вельмі часта мералі ў хворых тэмпературу, пульс, сатурацыю і іншыя паказчыкі. У мяне з’явілася ідэя аблегчыць працу медперсаналу і зрабіць яе больш прадукцыйнай. Я стварыў вымяральную прыладу “Медыцынскі памочнік”. Яна ўяўляе сабой бранзалет, які здольны збіраць усю неабходную інфармацыю аўтаматычна. Дарэчы, праект ужо запатэнтаваны. Засталося толькі атрымаць пасведчанне аб тым, што ён прыдатны для работы ў медыцыне.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.