Жывы дыялог

- 11:19Актуально, Апошнія запісы

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Фіёна Гіб наведала з сяброўскім візітам Міністэрства адукацыі нашай краіны. Яе сустракалі міністр адукацыі М.А.Жураўкоў, прадстаўнікі ўпраўленняў міжнароднага супрацоўніцтва і вышэйшай адукацыі галіновага міністэрства.

Фіёна Гіб была прызначана паслом у нашу краіну зусім нядаўна і толькі 2 месяцы знаходзіцца ў Мінску. Але з першых дзён у дыпламата склалася пазітыўнае стаўленне да Беларусі як да стабільнай, спакойнай краіны. Яшчэ за год да прызначэння Фіёна Гіб старанна вывучала рускую мову, каб зрабіць наладжванне кантактаў больш дасканалым.
— Я толькі-толькі знаёмлюся з вашай краінай, але ўжо пачала будаваць планы, як далей развіваць зносіны паміж намі, — заявіла пасол. — І тое, што я ў першую чаргу вырашыла наладзіць кантакты з сістэмай адукацыі Беларусі, пацвярджае, што для мяне адукацыя з’яўляецца тым фундаментам, на якім будзе далей будавацца наша супрацоўніцтва. Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў расказаў, што паміж краінамі сувязі ў сферы адукацыі з кожным годам мацнеюць і выходзяць на больш высокі ўзровень. Цяпер 10 беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі заключылі дагаворы аб узаемадзеянні ў сферы адукацыі і навукі з вядучымі ўніверсітэтамі Вялікабрытаніі. Згодна з прамым супрацоўніцтвам паміж ВНУ, адбываецца ўзаемны абмен студэнтамі, выкладчыкамі, праходзяць стажыроўкі, ажыццяўляюцца сумесныя навукова-даследчыя праекты. Кіраўнікі навучальных устаноў абедзвюх краін сустракаюцца падчас сумесных міжнародных мерапрыемстваў. Нядаўна дэлегацыя рэктараў беларускіх ВНУ наведала шэраг універсітэтаў Вялікабрытаніі, дзе кіраўнікі ўстаноў сустрэліся са сваімі калегамі. Менавіта пасля гэтага візіту пералік сумесных праектаў значна пашырыўся.
Міхаіл Анатольевіч таксама наведваў Вялікабрытанію і мае цесныя кантакты са многімі навучальнымі ўстановамі гэтай краіны, багаты вопыт якіх у развіцці сістэмы адукацыі з’яўляецца карысным для нашай нацыянальнай сістэмы адукацыі. Павышаная ўвага да Вялікабрытаніі тлумачыцца яшчэ і тым, што гэтая краіна — носьбіт англійскай мовы, якая мае сусветны статус і з’яўляецца самай запатрабаванай замежнай мовай і ў нашай краіне.
— Гэта мова міжнародных зносін, таму і зразумела, што 85% беларускіх школьнікаў з ахвотай і цікавасцю вывучаюць англійскую мову, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Для практычнага засваення ведаў, стварэння англамоўнага асяроддзя праводзяцца разнастайныя сумесныя мерапрыемствы.
Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца лінгвістычныя лагеры, якія створаны ў розных рэгіёнах Беларусі, міжнародная змена ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. З 2012/2013 навучальнага года іспыт па замежнай мове ўключаны ў пералік экзаменаў за курс сярэдняй школы. На базе МДЛУ дзейнічае Цэнтр англійскай мовы, асноўнай мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя вывучэння англійскай мовы і культуры ў Рэспубліцы Беларусь, удасканаленне метадычнага забеспячэння выкладання англійскай мовы і павышэнне кваліфікацыі кадраў. Установы адукацыі Рэспублікі Беларусь робяць захады па паляпшэнні моўнай практыкі педагагічных і навуковых работнікаў. Для чытання лекцый на англійскай мове ва ўніверсітэты запрашаюцца лепшыя выкладчыкі, навукоўцы з замежных універсітэтаў.
Знамянальнай падзеяй, якая станоўча паўплывала на супрацоўніцтва паміж краінамі, стала правядзенне ў Лондане Сусветнага адукацыйнага форуму, стратэгічнай мэтай якога было вызначэнне прыярытэтаў сусветнай адукацыйнай палітыкі, у тым ліку ў развіцці Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і ўступленні Беларусі ў Балонскі працэс.
У адпаведнасці з міжнароднымі нормамі Балонскага працэсу, сёння ў нашай краіне рэалізоўваецца Рабочы план па ўкараненні ў нацыянальную сістэму адукацыі інструментаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі на перыяд з 2015 да 2018 года. Падрыхтаваны прапановы ў праект Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб навуковай дзейнасці” і Кодэкс аб адукацыі” па ўдасканаленні сістэмы вышэйшай адукацыі з улікам міжнародных рэкамендацый і аналізу вопыту работы ў рамках Кодэкса аб адукацыі. Асноўныя змяненні, якія мяркуецца ўнесці ў законапраект, тычацца замацавання трохступеньчатай сістэмы вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят, магістратура, аспірантура), павелічэння гібкасці адукацыйных праграм, укаранення новых форм і метадаў навучання, а таксама памяншэння відаў устаноў вышэйшай адукацыі. Заканадаўчая база, безумоўна, паспрыяе далейшаму развіццю сістэмы вышэйшай адукацыі нашай краіны з улікам міжнародных тэндэнцый.
Падчас сустрэчы міністр адукацыі расказаў і аб інфарматызацыі адукацыі нашай краіны. Асабліва цікавым з’яўляецца праект “Электронная школа”, асновай якога стала стварэнне адукацыйнага інфармацыйнага асяроддзя на базе так званых воблачных тэхналогій. Высокім узроўнем развіцця ІКТ-інфраструктуры вызначаюцца перш за ўсё ўстановы вышэйшай адукацыі. Нацыянальная сістэма электронных адукацыйных рэсурсаў і сеткавая інфраструктура сістэмы адукацыі ствараюць адзінае інфармацыйнае асяроддзе адукацыйнай галіны. Важным напрамкам з’яўляецца фарміраванне сучаснага электроннага адукацыйнага кантэнту.
Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў прапанаваў Фіёне Гіб бліжэй пазнаёміцца з сістэмай адукацыі Беларусі і наведаць адукацыйныя ўстановы сталіцы і рэгіёнаў нашай краіны, а магчыма, і выступіць з лекцыямі перад педагогамі і навучэнцамі. Безумоўна, жывы дыялог з навучэнскай моладдзю, са школьнікамі дапаможа лепш спазнаць Беларусь і паспрыяе ўмацаванню супрацоўніцтва. М.А.Жураўкоў і Фіёна Гіб намецілі планы ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі на найбліжэйшы час. Перш-наперш гэта абмен вопытам па пытаннях рэалізацыі асноўных прынцыпаў Балонскага працэсу ў нацыянальнай сістэме адукацыі, развіццё прамых кантактаў паміж установамі адукацыі абедзвюх краін, выкананне сумесных праграм і праектаў, рэалізацыя культурных і навуковых абменаў (у рамках правядзення лагерных змен, міжнародных летніх школ).
Міхаіл Анатольевіч выказаў спадзяванне, што адносіны паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй будуць развівацца імкліва і эфектыўна на аснове ўзаемаразумення, партнёрства і сяброўства.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.