Зімовы ўніверсітэт клубаў ЮНЕСКА — рух, які стаў жыццём

- 10:20Выхаванне

У 1945 годзе была створана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, у тым жа годзе падпісаны Статут ЮНЕСКА. А 26 гадоў назад у Рэспубліцы Беларусь з’явіліся першыя клубы гэтай арганізацыі. Зараз Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА — гэта вядомая і папулярная арганізацыя, якая ўключае больш за паўсотні клубаў ва ўсіх рэгіёнах краіны. За час існавання наладжаны цесныя сяброўскія і партнёрскія сувязі з многімі ўстановамі як у Беларусі, так і за мяжой.

Штогод клубы ЮНЕСКА збіраюцца на Зімовы ўніверсітэт — традыцыйныя сустрэчы, на якіх падводзяцца вынікі, абмяркоўваюцца планы на найбліжэйшы год, ідзе абмен вопытам работы па праграмах і праектах, падлеткі — члены клубаў — удзельнічаюць у мерапрыемствах і секцыях, знаёмяцца, сябруюць. А гэта, як адзначыла падчас адкрыцця Зімовага ўніверсітэта — 2016 намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Анатольеўна Ждановіч, самае галоўнае. Сёлета Зімовы ўніверсітэт ужо трэці раз праходзіў на гасціннай гомельскай зямлі. Як заўсёды, маладых людзей і кіраўнікоў клубаў прымаў у сваіх сценах Гомельскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі. Два дні ў палацы пад кіраўніцтвам старшыні Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА віцэ-прэзідэнта Сусветнай і Еўрапейскай федэрацый клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА Дзмітрыя Субцэльнага юнакі і дзяўчаты прадстаўлялі сваю дзейнасць у секцыях і мерапрыемствах, працавалі разам з кіраўнікамі над праграмамі асацыяцыі. Дарэчы, нароўні з беларускімі падлеткамі былі задзейнічаны і іх равеснікі з Бранска (Расійская Федэрацыя).

У імя міру і развіцця

На секцыі “ААН і ЮНЕСКА: у імя міру і развіцця” юнакі і дзяўчаты абмяркоўвалі самыя надзённыя пытанні, якія тычацца грамадскага жыцця моладзі. Удзельнікі спачатку адказвалі на пытанні, звязаныя з дзейнасцю ААН і ЮНЕСКА. У якім годзе ўтворана ААН і дзе яе штаб-кватэра, год уступлення Беларусі ў ЮНЕСКА, колькасць аб’ектаў культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі — усё гэта маладыя людзі добра ведаюць. Потым абмяркоўваліся задачы і функцыі арганізацый і праграмы асацыяцыі клубаў.
Тут працавала сур’ёзная моладзь. У кожнага абавязкова знаходзіліся свае не падобныя да іншых меркаванні. І кожны мог з лёгкасцю абгрунтаваць і даказаць свой пункт погляду.

Стань больш прыкметным!

Лідарства… Гэтае слова мае тысячу адценняў, бо падыходы да вывучэння “навукі маніпуляцыі” могуць быць самымі разнастайнымі. Акадэмія лідарства, прадстаўленая на Зімовым універсітэце гэтага года, ламае абсалютна ўсе стэрэатыпы лідарскіх семінараў, бо, пераступіўшы парог аўдыторыі, ты трапляеш у фантастычны пакой сумбуру і весялосці. Непасрэдныя зносіны, каманднае саперніцтва і мяккая творчая атмасфера — усё гэта стварала неверагодны мікраклімат трэнінгу.На трэнінгу падлеткам трэба было працаваць у камандзе, дзяліцца ўласнымі ідэямі. Галоўнай мэтай заняткаў было складанне прэс-рэліза выдуманых камандамі праектаў і іх яркае прадстаўленне. Пры дапамозе крэатыву і пачуцця гумару ўдзельнікі каманд паказалі прыклады ўласных праектаў і спосабы іх рэалізацыі ў штодзённым жыцці, тым самым праявіўшы не толькі прамоўніцкія здольнасці, але і прадпрымальніцкія задаткі. Так, для добрага лідара ўменне арганізаваць сваю каманду і павесці за сабой прыхільнікаў з’яўляецца адным з самых важных.
— Шчыра кажучы, калі ішла на трэнінг, то чакала, што будзем сядзець шчыльнымі радамі і нешта канспектаваць, — падзялілася ўражаннямі Алена Вараб’ёва з магілёўскага клуба ЮНЕСКА. — Але ўсё аказалася зусім па-іншаму.

Ведай сваю краіну

Мы прывыклі думаць, што ўсе маштабныя арганізацыі і цікавыя клубы ў большасці сваёй знаходзяцца ў сталіцы. Краязнаўчы клуб “Пошук” з вёскі Поўстынь Слуцкага раёна Мінскай вобласці гэтае меркаванне абвяргае: са звычайнага вясковага ён вырас у вядомы на тэрыторыі ўсёй краіны.
Назва творчай майстэрні, якую праводзіў клуб, гучала загадкава: “Краязнаўства. Арганізацыя даследчых экспедыцый”. Адразу ўяўляеш сабе прафесійных археолагаў, якія даследуюць старажытныя архітэктурныя аб’екты.
— У лістападзе мы збіраем групу зацікаўленых дзяцей, якія хочуць даведацца нешта новае пра гісторыю сваёй краіны, — расказаў куратар секцыі Ігар Жыцін. — Мы вучым іх будаваць маршруты падарожжаў, а потым разам фарміруем агульны маршрут. І калі надыходзіць лета — адпраўляемся ў падарожжа.
Майстар-клас у секцыі краязнаўства праходзіў у гульнявой форме. Першая гульня — “піф-паф” — крыху расслабіла падлеткаў. Затым, зноў жа ў ходзе гульні, склаліся каманды. І вось прыйшоў час па-сапраўднаму краязнаўчых гульняў. Юнакам і дзяўчатам раздалі карты Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей — па адной на групу. Абрысы вобласці і подпісы знізу — і больш нічога. Усе хутка ўключыліся ў работу па запаўненні карты. Дух саперніцтва пры гэтым адсутнічаў, усе разам смяяліся, падказвалі адно аднаму.

Мова цела

Творчая майстэрня “Сакрэты невербальных зносін” у нейкім сэнсе дзверы ў таямніцу: тут можна было атрымаць веды, якія могуць дапамагчы лепш разумець людзей, знаходзіць з імі агульную мову, а гэта, у сваю чаргу, дае своеасаблівую ўладу над навакольнымі. Куратар творчай майстэрні, псіхолаг з Бранска, прапанаваў удзельнікам трэнінгу паціснуць адно аднаму руку і параўнаць адчуванні. Аказваецца, становішча далоні і падача рукі пры поціску маюць вельмі важнае значэнне. Спачатку ўсе адчувалі сябе няёмка. Але заданні згуртоўвалі. Падчас трэнінгу ўдзельнікі перадавалі адно аднаму і ўяўную шклянку гарачай гарбаты, і талерку, да краёў напоўненую супам. Па крузе хадзілі не толькі кухонныя рэчы, але і вясёлыя жарты, кожнаму давялося бліснуць артыстычнымі здольнасцямі. Але самым каштоўным прадметам, які прыйшлося перадаваць з рук у рукі, быў уяўны пушысты дзьмухавец. Шмат цікавых псіхалагічных “іспытаў” прайшлі юнакі і дзяўчаты. Нават камяні цягалі, няхай сабе ў думках, але, як яны потым прызнаваліся, ад гэтага было не лягчэй. У канцы трэнінгу ўдзельнікам прапанавалі напісаць на лістках свае страхі і скласці ў скрынку, якую назвалі скрыняй Пандоры. Члены клуба ЮНЕСКА паабяцалі спаліць яе і тым самым пазбавіць удзельнікаў ад страхаў.

Роля, якая іграе чалавека

Ці чулі вы калі-небудзь пра гульні, у якіх чалавек іграе дадзеную яму ролю не па сцэнарыі, а кіруючыся сваёй унутранай логікай? На Зімовым універсітэце клубаў ЮНЕСКА можна было не толькі даведацца, што гэта такое, але і прыняць удзел у ролевых гульнях жывога дзеяння, ці, як іх называюць, ларпах.
— Ларпы існуюць для таго, каб вы расслабіліся, зноў адчулі сябе дзіцем, — гаворыць вядучая секцыі, а потым з усмешкай дадае: — Ну, гэта для дарослых, зразумела.
Аказваецца, існуюць нават спецыяльныя летнія школы, у якіх вучаць асновам ларп-дызайну, і некаторыя ўдзельнікі секцыі ўжо апрабавалі на сабе мастацтва незвычайнай гульні. А тым, каму гэта было ў навінку, прапанавалі паказаць на практыцы, бо, вядома, тэорыя без практыкі мёртвая. Ніхто не разгубіўся, абсалютна ўсе выйшлі на імправізаваную сцэну.
Так быў прадстаўлены сцэнарый Melting, або “Раставанне”. Яго сутнасць у тым, што кожнаму даецца асабісты нумар і, калі вядучая называе адзін з іх, удзельнік пад гэтым нумарам пачынае “раставаць”, а тыя, хто знаходзіцца побач, павінны перашкодзіць і падтрымаць. На самай справе, было вельмі весела. Аднак сутнасць гульні жывога дзеяння вельмі глыбокая — гэта самапазнанне.

З клопатам пра будучыню

Пасля багатага на падзеі дня адбылася прэс-канферэнцыя сакратарыята і праўлення рэгіянальнага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА”. Прамоўцамі былі: Андрэй Садоўскі — старшы дарадчык па Заходняй Еўропе Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, эксперт беларускай асацыяцыі; Дзмітрый Субцэльны — старшыня Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА; Наталля Прыстром — генеральны сакратар аб’яднання; Галіна Бядуліна — кандыдат сацыялагічных навук, эксперт; Людміла Кулік— куратар клуба ЮНЕСКА “Дружба”, рэгіянальны каардынатар Гомельскага абласнога аддзялення; Юрый Груца — каардынатар Гродзенскага аддзялення; Ігар Жыцін — куратар клуба “Пошук”, адказны прадстаўнік Мінскай вобласці. Галоўнымі пытаннямі сталі дзейнасць клубаў асацыяцыі і планаванне работы на 2016 год.
— Прыемна бачыць, што павялічваецца не толькі колькасць клубаў і іх удзельнікаў, але і з’яўляецца мноства новых напрамкаў дзейнасці. Арганізацыя не стаіць на месцы, яна ідзе ў нагу з часам, — адзначыў Андрэй Садоўскі.
А Галіна Бядуліна заўважыла, што ў кожным трэнінгу па лідарстве праглядвалася матывацыя ўдзельнікаў Зімовага ўніверсітэта.
Пасля вітальных слоў у моладзі спыталі пра знамянальныя даты, якія адбыліся ў 2015 годзе. Юнакі і дзяўчаты не разгубіліся, з розных куткоў залы паляцелі адказы: сямідзесяцігоддзе ЮНЕСКА і ААН, 250 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Клеафаса Агінскага і 70 гадоў Вялікай Перамогі. Наталля Прыстром расказала пра міжнародныя праекты з удзелам асацыяцыі, нагадала прысутным пра акцыі і праекты, якія праводзіліся ў мінулым годзе, а планы на будучыню агучыў старшыня праўлення і каардынатары абласцей. Дзмітрый Субцэльны акцэнтаваў увагу на буйных мерапрыемствах бягучага года, сярод якіх можна вылучыць праграмы “Нефармальная адукацыя”, у межах якой праводзяцца Зімовы і Летні ўніверсітэты, акадэміі клубаў, “Гарады казак і надзей” (знаёмства сяброў арганізацыі з культурнай спадчынай ЮНЕСКА ў Празе, Вене, Будапешце), “Культура свету”, “Мадэль ААН” і г.д. Таксама юнакі і дзяўчаты азнаёміліся з Еўрапейскай кампаніяй No hate (правядзенне акцый, флэш-мобаў у дачыненні да любых праяў нянавісці). У гэтым аспекце разглядаюцца тэмы вайны, узаемаадносін, дыскрымінацыі. Больш дробныя праекты знайшлі адлюстраванне ў планах, якія атрымаў кожны са слухачоў.
— Галоўная задача, — гаворыць Людміла Кулік, — актывізацыя адукацыйнай дзейнасці і нефармальнай адукацыі.
Гомельскага куратара падрымаў яе калега Юрый Груца, які перакананы, што не ўдзельнікі клубаў ЮНЕСКА выбралі гэты рух, а рух выбраў іх, непрыкметна стаў жыццём.

Наталля ЛУТЧАНКА, Яўгенія ДОЎГАЛЕВА, Аляксандра КАМКО,
Святлана КРАЎЧАНКА,
Юлія ІВАНОВА, Дар’я ФУРСІКАВА, Ірына ІВАШКА.