26 лістапада 2014 года Міністэрствам адукацыі была прынята пастанова № 163 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 22 жніўня 2012 года № 101”. Гэты дакумент пракаменціраваў нашай газеце міністр адукацыі С.А.Маскевіч.
Як падкрэсліў Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, пытанне атэстацыі нашых педагогаў, безумоўна, вельмі важнае. Яшчэ нядаўна яно было на слыху ў педагагічнай грамадскасці ў сувязі з тым, што з 1 верасня гэтага года была істотна дыферэнцыравана заработная плата педагогаў, і менавіта такім чынам, што іх кваліфікацыя ў значнай ступені вызначала заробак.
Але адначасова галіновае міністэрства ставіць задачу, каб не толькі проста кваліфікацыя, а менавіта вынікі прафесійнай дзейнасці былі ацэнены матэрыяльна на адпаведным узроўні, каб урэшце заработная плата была максімальна ўвязана з вынікамі прафесійнай дзейнасці. Таму сёння для таго, каб у большай ступені стымуляваць прафесійны рост і прафесійнае развіццё педагога, былі ўнесены адпаведныя змяненні ў “Інструкцыю па атэстацыі”, зацверджаную Міністэрствам адукацыі. Так, у прыватнасці, унесены змяненні аб тым, што тэрмін паміж атрыманнем педагогам другой і першай катэгорыі скарочаны да двух гадоў. Дагэтуль дзейнічаў трохгадовы перыяд паміж атрыманнем другой і першай катэгорыі. Раней педагог, маючы другую катэгорыю, толькі праз тры гады мог звяртацца ў кваліфікацыйную камісію ўстановы адукацыі па атрыманне першай катэгорыі. Цяпер гэта можна зрабіць праз два гады.
Акрамя таго, у асаблівых выпадках, калі педагог мае патрэбу ў атрыманні датэрміновай і пазачарговай атэстацыі, уведзены спецыяльны пункт аб тым, што рашэнне па датэрміновай і пазачарговай атэстацыі на першую катэгорыю прымае начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі, а рашэнне па датэрміновай і пазачарговай атэстацыі на вышэйшую катэгорыю прымае міністр адукацыі.
Ала КЛЮЙКО.