Знайсці таленавітых дзяцей і захаваць іх для вялікага спорту

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

У спорце важна знайсці таленавітых дзяцей і не страціць іх потым. Аб гэтым заявіла намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава ў ходзе пасяджэння савета дырэктараў сярэдніх школ — вучылішч алімпійскага рэзерву, якое прайшло ў Плешчаніцах Мінскай вобласці.

“Сёння вучылішчы займаюць важнае месца ў падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву, з’яўляючыся той самай базай, дзе выхоўваюцца будучыя члены нацыянальных каманд і будучыя чэмпіёны. Вельмі паказальна, што з 12 спартсменаў, якія заваявалі медалі на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра, 10 — выпускнікі вучылішч алімпійскага рэзерву”, — адзначыла Наталля Качанава.

Паводле яе ацэнкі, ва ўсіх вучылішчах створана добрая вучэбна-матэрыяльная база, якая дае магчымасць весці якаснае навучанне і паўнацэнную падрыхтоўку спартсменаў юнацкага і юніёрскага ўзростаў.

“Гэтыя хлопцы і дзяўчаты рэгулярна паказваюць высокія вынікі на афіцыйных стартах, заваёўваюць узнагароды на міжнародных спаборніцтвах. Аднак пры пераходзе ў дарослы спорт некаторых з іх мы чамусьці страчваем. Нехта аказваецца псіхалагічна і фізічна не гатовы да павышаных патрабаванняў, нагрузак і велізарнай адказнасці, у кагосьці не складваюцца адносіны з трэнерамі, некаторыя проста пакідаюць спорт. Наша задача — даць маладым людзям пуцёўку ў дарослае жыццё, падрыхтаваць іх да новых выпрабаванняў, захаваць для айчыннага спорту”, — падкрэсліла Наталля Качанава.

На яе думку, важную ролю ў гэтым працэсе павінна адыгрываць не толькі Міністэрства спорту і турызму, але і рэгіянальныя ўлады, федэрацыі па відах спорту.

“Вельмі важна не распыляць намаганні, кадры і сродкі, а аптымізаваць падрыхтоўку рэзерву. У кожным вучылішчы павінна быць свая спецыялізацыя, не трэба гнацца за багаццем культываваных відаў спорту. У цяперашніх умовах як ніколі неабходна беражліва, рацыянальна і эфектыўна выкарыстоўваць кожны выдзелены з бюджэту рубель”, — сказала Наталля Качанава.

На думку віцэ-прэм’ера, праблемы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву цесна звязаны з узроўнем кваліфікацыі трэнераў, якія працуюць з маладымі спартсменамі, а яшчэ раней — настаўнікаў фізкультуры ў звычайных школах.

Важна наладзіць сістэму падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі гэтых спецыялістаў, нацэльваючы іх на набыццё новых ведаў, авалоданне сучаснымі методыкамі і інавацыйнымі тэхналогіямі.