Знайсці водгук у сэрцы кожнага вучня

- 9:00Педагагічная майстэрня

“Калі ты настаўнік роднай мовы і літаратуры, то павінен быць ім усюды: і на ўроку, і на перапынку, і на класнай гадзіне, і на бацькоўскім сходзе. Важна ўвесь час гаварыць па-беларуску, — лічыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры негарэльскай сярэдняй школы № 1 Дзяржынскага раёна Людміла Францаўна Шавель. — Калі выпускнікі школы пры сустрэчы пачынаюць размаўляць па-беларуску і не саромеюцца — гэта бальзам на сэрца і адчуванне радасці ад таго, што мае ўрокі не прайшлі дарэмна”.

Дзе нарадзілася, там і згадзілася

Як прыгадвае настаўніца, самымі папулярнымі прафесіямі ў вёсцы, дзе яна нарадзілася, былі доктар і настаўнік, бо гэтыя людзі былі ва ўсіх навідавоку. “Доктар з мяне не атрымаўся — не паступіла ў медінстытут, не дабрала бала, — расказвае Людміла Францаўна. — Экзамены здала добра. А вось па хіміі паставілі “чацвёрку”, бо западозрылі, што я спісвала. А ці магло дзіця з вёскі нешта спісваць? Мяне паднялі, шукалі шпаргалкі пад сталом. Нічога не знайшлі, аднак бал знізілі. Было вельмі крыўдна. Але і такое бывае ў жыцці. І я пайшла працаваць у сваю родную Татаршчынскую сярэднюю школу старшай піянерважатай. А на наступны год паступіла на філалагічны факультэт Мінскага педінстытута імя Максіма Горкага.

Л.Шавель добра памятае свой першы ўрок у 7 класе, у якім было толькі 6 дзяўчынак, а астатнія — хлопчыкі. Спачатку была нейкая боязь стаяць перад гарэзлівымі, задзірыстымі падлеткамі, было складана штосьці тлумачыць ім, пры гэтым устанаўліваць дысцыпліну і парадак, трымаць у полі зроку ўсіх дзяцей, аднак паступова ўсё наладзілася, і Людміла Францаўна зразумела, што любіць менавіта актыўных дзяцей, якія не баяцца выказваць сваё меркаванне па тым ці іншым пытанні. “Ідзі ў настаўніцы — будзеш артысткай усё жыццё і ніколі не паста­рэеш”, — гэтыя словы сваёй настаўніцы, якая сапраўды мела рацыю, Людміла Францаўна ўспамінае з усмешкай.

Больш за 40 гадоў складае педагагічны стаж Л.Ф.Шавель, 25 з якіх яна аддала негарэльскай сярэдняй школе № 1. Кіравала Людміла Францаўна метадычнай работай настаўнікаў Дзяржынскага раёна, працавала і на пасадзе намесніка дырэктара, аднак зразумела, што адміністратарская дзейнасць не для яе.

За гады работы да Людмілы Францаўны не прыйшла заспакоенасць. Яна па-ранейшаму застаецца неўтаймаваным генератарам ідэй. Таму, калі выпускаюцца са школы адны вучні і прыходзяць іншыя, педагог зноў будуе свае планы работы, пастаянна прыдумляе для кожнага класа штосьці новае і непадобнае на папярэдняе. Зацікавіць сучасных дзяцей можна ў тым выпадку, калі ты адчуваеш час і разумееш інтарэсы школьнікаў, можаш захапіць цікавым, карысным і неабходным, калі ты сам рознабаковы чалавек, захоплены, неўтаймаваны выдумшчык, здольны падтрымаць нястрымную фантазію выхаванцаў, якая дае станоўчыя вынікі, калі накіраваць яе ў правільнае рэчышча.

“Галоўнае для мяне — наву­чыць дзіця гаварыць на роднай мове, не баяцца агучыць сваю думку наконт той ці іншай праблемы. Нічога страшнага няма ў тым, калі вучань выказаўся няправільна: сумеснымі намаганнямі можна дайсці да ісціны. На жаль, нашы вучні не ўмею ць гаварыць па-беларуску. А зараз, у час інфармацыйных тэхналогій, тым больш. У старшых класах аднаго ўрока літаратуры і дзвюх мовы вельмі мала, каб навучыцца гава­рыць. Вучні прыходзяць у 5 клас, і для іх беларуская мова як замежная, — адзначае Л.Ф.Шавель. — Я заклікаю дзяцей да выкарыстання роднай мовы ўсюды, імкнуся папулярыза­ваць яе. Гавару навучэнцам: павіншуйце сваю бабулю і дзядулю з днём нараджэння на беларускай мове. Па-руску — гэта не крута і не цікава. А вось калі вы зробіце гэта на роднай мове — сваякі будуць уражаны. Развіваць памяць, узбагачаць лексіку вучняў дазваляе і завучванне твораў на памяць, часам і звыш школьнай праграмы”.

Важным Людміла Францаўна лічыць навучыць дзяцей быць добрымі і чалавечнымі, жыць у гармоніі са светам і з самім сабой. Для гэтага яна не шкадуе часу на занятках, асабліва на ўроках літаратуры, бо гэта, па меркаванні настаўніцы, урокі чалавеказнаўства. “Калі навучэнцы штосьці не дачыталі на гэтых уроках, то, стаўшы дарослымі, абавязкова дачытаюць. А калі я нешта не дагавару, то ці скажа ім хто-небудзь пасля пра гэта? — заўважае мая суразмоўніца. — Душу лечыць толькі літаратура. Фізіка, матэматыка ніколі не загояць яе”. Каб прывіць вучням цікавасць да чытання, Л.Шавель расказвае пра асобу таго ці іншага пісьменніка, прэзентуе цікавыя літаратурныя творы, выкарыстоўвае прыём перарванага чытання. Сваёй задачай педагог лічыць пабудаваць урок літаратуры або мовы так, каб навучыць школьніка разважаць над прачытаным, задаваць пытанні і знаходзіць адказы, здзяйсняць адкрыцці і радавацца працэсу пошуку.

Класічны настаўнік

Перадумова паспяховага ўрока — падрыхтаваны настаўнік і актыўныя дзеці, а таксама даверлівая абстаноўка і магчымасць вучням самарэалізавацца. А на ўроку Людмілы Францаўны проста адседзецца за спінай таварышаў ні ў каго не атрымліваецца. Эфект нечаканасці прымушае ўключыцца ў работу і на працягу 45 хвілін не адцягваць увагу ні на што іншае.

Людміла Францаўна — класічны настаўнік, які аддае перавагу тэхналогіі прадукцыйнага навучання, якая прадугледжвае добра вядомыя этапы: праверку дамашняга задання, актуалізацыю ведаў вучняў, прэзентацыю новай тэмы, тлумачэнне і замацаванне новага матэрыялу, праверку засвоеных ведаў, дамашняе заданне. Настаўнік сёння перастае быць крыніцай інфармацыі, якая павінна быць перададзена вучням, а становіцца іх партнёрам, дарадцам.

У скарбонцы Людмілы Францаўны — элементы іншых тэхналогій навучання. Праблемнае навучанне накіравана на самастойны пошук дзецьмі новых ведаў і спосабаў дзеяння. Яно спрыяе фарміраванню матывацыі ў дасягненні поспеху, развівае разумовыя здольнасці.

Праблемная сітуацыя ствараецца шляхам пастаноўкі праблемнага пытання: “Чаму А.Дудараў назваў свой твор “Вечар?”, “Чаму праблема адзінокіх матуль у нас па-ранейшаму актуальная?” (Р.Барадулін “Трэба дома бываць часцей”), “Ці патрэбна мужнасць у нашым сённяшнім жыцці?” (У.Караткевіч “Лісце каштанаў”). Часам педагог задае навучэнцам такое пытанне ці прапаноўвае такое заданне па новай тэме, на якое яны самастойна не могуць даць нават прыблізнага адказу. Вельмі важна заінтрыгаваць вучняў, зацікавіць іх новым матэрыялам. Гэта і стане своеасаблівай псіхалагічнай зачэпкай для далейшага пазнання. У выніку прымянення праблемных метадаў значна актывізуецца пазнавальная дзейнасць навучэнцаў, павышаецца іх матывацыя. Дадзеная тэхналогія значна павышае цікавасць да мовы і мастацкай літаратуры, уносіць разнастайнасць у адукацыйны працэс.

Для таго каб зрабіць урокі непадобнымі адзін да аднаго і матыва­ваць вучняў на работу, Людміла Францаўна выкарыстоўвае элементы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення — метады і прыёмы, накіраваныя на фарміраванне здольнасці да самастойнага разважання ў неабходных выпадках. У структуры заняткаў па гэтай тэхналогіі вылучаюць тры стадыі: выклік, асэнсаванне, рэфлексія. На першай стадыі (выклік) навучэнцы атрымліваюць заданне, падчас выканання якога адзначаюць, што ім вядома або што думаюць яны пра пэўнае паняцце, падзею, з’яву. Настаўнік жа становіцца правадніком для навучэнцаў, прымушаючы іх разважаць. Прымаецца любое меркаванне, кожны пункт погляду. У такіх умовах адбываецца навучанне — працэс сувязі новага з ужо вядомым. На гэтай стадыі вучням прапаноўваецца скласці кластар, асацыятыўны рад да пэўнага паняцця, звязанага з тэмай урока, і г.д.

На стадыі асэнсавання навучэнцы працуюць з вучэбным матэрыялам (часцей — самастойна): падручнікам, тэкстам, іншай інфармацыяй. Школьнікам зага­дзя ставяцца пэўныя пытанні або паведамляецца аб тых заданнях, якія неабходна будзе выканаць пасля знаёмства з прапанаваным матэрыялам і яго аналізу.

Задачы фазы рэфлексіі: падагульненне матэрыялу, падвядзенне вынікаў, вызначэнне напрамкаў у далейшым вывучэнні тэмы ці матэрыялу. На гэтай стадыі часта выкарыстоўваецца прыём складання сінквейна.

Адчуць сябе творцам і філосафам

Людміла Францаўна выкарыстоўвае як метады і прыёмы, накіраваныя на запамінанне, аналіз і асэнсаванне спецыфічнай інфармацыі (“Ведаў — хачу даведацца — даведаўся”, складанне кластара, “Ключавыя словы і выразы”), так і накіраваныя на творчае прымяненне і ацэнку дадзенай інфармацыі (дыскусіі, сінквейн, напісанне водгуку на кнігу або мастацкі твор, эсэ).

“Ведаў — хачу даведацца — даведаўся” прадугледжвае кіраванне працэсам усведамлення зместу і сэнсу тэксту. Для гэтага выкарыстоўваецца табліца. Спачатку вызначаецца ўсё вядомае па тэме, ставяцца пытанні па тым, што ў ёй невядома, а затым пры чытанні аналізуецца каштоўнасць інфармацыі для таго, хто чытае, адзначаецца новае і фіксуюцца пытанні, якія ўзніклі.

Наступны прыём — складанне кластара. Кластар — гэта графічная арганізацыя вучэбнага матэрыялу, якая паказвае сэнсавае поле таго ці іншага паняцця, праблемы, вылучэнне сэнсавых адзінак тэксту і іх графічнае афармленне ў пэўным парадку ў выглядзе гронкі, якая дапамагае вучням сістэматызаваць інфармацыю. Кластар уяўляе мадэль сонечнай сістэмы: у цэнтры — зорка (асноўная тэма), вакол яе — планеты (буйныя сэнсавыя адзінкі тэмы), у кожнай планеты можа быць свой спадарожнік (не адзін). Кластар можа выкарыстоўвацца на любым этапе ўрока для стымулявання мысліцельнай дзейнасці, сістэматызацыі вучэбнага матэрыялу, падвядзення вынікаў, індывідуальнай і групавой работы ў класе і дома. Са складаннем кластара вучні лёгка спраўляюцца. Не ўзнікае праблем, калі настаўніца паказвае ход сваіх разважанняў і высноў на дошцы ў форме графічнай апорнай табліцы: спачатку ў цэнтры запісваецца галоўнае слова-паняцце, затым ад яго ў розныя бакі адыходзяць стрэлкі-прамяні з фіксацыяй іншых тэрмінаў, ад якіх стрэлкі могуць адгаліноўвацца і далей.

“Ключавыя словы і выразы” Л.Ф.Шавель выкарыстоўвае на ўроках літаратуры або мовы пры рабоце з эпіграфам. Навучэнцы агучваюць ключавыя словы, звязаныя з тэмай урока. Гэты прыём садзейнічае развіццю ўменняў слухаць і ўспры­маць ідэі іншых, фарміраванню навыкаў самастойнай работы з інфармацыяй.

Развіццю ўменняў задаваць пытанні розных тыпаў, аргумента­ваць свой пункт погляду, выказваць гіпотэзы, рабіць высновы дапамагае мазгавы штурм. Вучні фарму­лююць тое, што яны ведаюць (ці ду­маюць, што ведаюць). Такі прыём дазваляе прадэманстраваць разнастайнасць думак і ідэй. Мазгавы штурм складаецца з наступных этапаў: 1) фарміраванне груп ініцыятараў ідэй і экспертаў; 2) генерыраванне ідэй, фіксаванне кожнай гіпотэзы з забаронай крытыкі, сістэматызацыя і класіфікацыя ідэй; 3) ацэнка і выбар найбольш каштоўных ідэй; 4) ацэнка крытычных заўваг, выказаных на папярэднім этапе. Асноўная мэта метаду — развіццё свабоднага самастойнага мыслення. Мазгавы штурм выкарыстоўваецца часцей на ўроках літаратуры, калі абмяркоўваюцца, напрыклад, наступныя праблемы: бацькі і дзеці (“На Каляды к сыну”, “Вечар”, “Дзяльба кабанчыка”), патрыятызм і здрадніцтва (В.Быкаў “Жураўліны крык”) і інш. Існуе некалькі мадыфікацый выпрацоўкі ідэй. Сярод іх Людміла Францаўна выкарыстоўвае наступныя: “свабоднае плаванне” (класічны варыянт — вучні падчас абмеркавання выказваюць любую думку, што з’явілася), “думкі па крузе” (вучні выказваюць думкі па чарзе; калі хтосьці не гатовы прапана­ваць ідэю, ён прапускае ход).

На творчае прымяненне і ацэнку інфармацыі накіраваны такія метады, як дыскусія, напісанне водгуку на кнігу або мастацкі твор, эсэ. Вучні Л.Шавель з задавальненнем пішуць сінквейны. У перакладзе з французскага слова “сінквейн” азначае верш, які складаецца з пяці радкоў”. Складанне сінквейна патрабуе ад школьнікаў у кароткіх выразах рэзюмаваць вучэбны матэрыял, інфармацыю. Гэта форма свабоднай творчасці, але па вызначаных правілах. Так, на першым радку запісваецца адно слова — назоўнік (тэма сінквейна); на другім радку — два прыметнікі, якія раскрываюць тэму сінквейна; на трэцім радку — тры дзеясловы, якія апісваюць дзеянні, што адносяцца да тэмы. На чацвёртым радку размяшчаецца цэлы выраз, сказ, які складаецца з некалькіх слоў і пры дапамозе якога вучань выказвае свае адносіны да тэмы. Апошні радок — гэта слова-рэзюмэ, яно дае новую інтэрпрэтацыю тэмы, дазваляе выказаць свае адносіны да яе. Напрыклад:

Маці

Клапатлівая, ласкавая

Любіць, песціць, галубіць.

Я люблю сваю матулю.

Дабрыня.

Як адзначае Людміла Францаўна, выкарыстанне элементаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення дапамагае ўзбагаціць i пашырыць актыўны слоўнік дзіцяці, дазваляе кожнаму вучню адчуць сябе творцам i філосафам. Акрамя таго, больш за 90% школьнікаў у якасці экзамену выбіраюць беларускую мову, паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне (у выхаванцаў Л.Шавель тры стабальныя вынікі), пры­маюць удзел у алімпіядах і конкурсах. А яшчэ яны атрымліваюць “дзясяткі” за цікавую, неардынарную думку, за артыстычнае прачытанне верша, за напісаны без памылак дыктант, за знаходжанне памылкі ў падручніку і аргументаванне свайго адказу.

“Лёс у кожнага свой. Калі ж у гэтым лёсе сустрэлася многа добрых людзей і чалавек атрымаў шмат карысных жыццёвых урокаў, яны ўсё роўна знойдуць водгук у сэрцы”, — мяркуе педагог. І можна не сумнявацца: у сэрцы негарэльскіх школьнікаў урокі Людмілы Францаўны знаходзяць станоўчы водгук.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.