Знаёмства для экапартнёрства

- 15:14Выхаванне

На мінулым тыдні Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі на два дні пагрузіўся ў эколага-даследчую атмасферу. Тут прайшоў інфармацыйна-адукацыйны семінар “Экалагічная адукацыя вучняў як аснова ўстойлівага развіцця рэгіёна”. Удзел у ім узялі выкладчыкі прыродазнаўчых навук БДУ і іх студэнты, супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама педагогі і навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі Беларусі. Сустрэча праходзіла па ініцыятыве ЮНЕСКА.

Шляхам сапсаванай таблеткі

Абгрунтоўваючы нагоду семінара, Наталля Рыбянец, член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, загадчык міжкафедральнага цэнтра — кафедры ЮНЕСКА па прыродазнаўчанавуковай адукацыі, зазначыла: “У межах праекта праграмы ўдзелу ЮНЕСКА праводзіўся праект “Роля азёр Беларусі ў паступленні парніковых газаў у рэгіянальным кліматычным кантэксце”, які меў экалагічны навуковы кірунак і таму быў карысны для групы вучоных. Але мэты ЮНЕСКА і ўвогуле ўстойлівага развіцця датычна да экалагічнага складніка — гэта адукацыя. Таму большую частку гэтага праекта мы накіравалі на правядзенне семінараў. Першы семінар быў праведзены ў Віцебскай вобласці з мясцовым насельніцтвам і прыродаахоўнымі ўстановамі. Цяпер мы сабралі разам педагогаў, навучэнцаў школ і ўстаноў дадатковай адукацыі з розных рэгіёнаў Беларусі, якія працуюць у экалагічным кірунку, у прыватнасці даследуюць уплыў парніковых газаў на глабальныя кліматычныя змены, каб нам з імі і ім паміж сабой бліжэй пазнаёміцца і наладзіць супрацоўніцтва”.

Самым вялікім было прадстаўніцтва сярэдняй школы № 3 Пінска — ажно 5 педагогаў. Як расказала дырэктар школы Алена Лабачэўская, установа адукацыі мае статус Брэсцкага абласнога рэсурснага цэнтра адукацыі для ўстойлівага развіцця, з’яўляецца сертыфікаваным удзельнікам Міжнароднага школьнага праекта па энергазберажэнні SPARE, членам асацыяцый “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” і “Аднаўляльная энергетыка”. На працягу чатырох гадоў у школе працуе рэсурсны цэнтр выхаваўчай накіраванасці “Выхаванне культуры энерга- і рэсурсазберажэння”, у межах дзейнасці якога праводзяцца вучэбныя семінары-трэнінгі для педагогаў Пінска, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, розных сацыяльных і ўзроставых груп насельніцтва па тэмах энерга- і рэсурсазберажэння. Сярэдняя школа № 3 адной з першых у Пінску ўкараніла энергаэфектыўны менеджмент у адукацыйны працэс.

Пра адзін з праектаў школьнікаў — “Шлях сапсаванай таблеткі” — расказала настаўніца Вольга Якімчук. Праект стаў пілотным у Рэспубліцы Беларусь, а Пінск — першым горадам у краіне, дзе не проста загаварылі, а рэалізавалі ідэю збору пратэрмінаваных лекаў. Экалагічную ініцыятыву школьнікаў падтрымалі таварыства “Зялёная сетка”, Цэнтр экалагічных рашэнняў. Праект быў запушчаны на інтэрнэт-платформе “Талака.by”. Акрамя збору лекаў у школе, была праведзена гарадская акцыя “Прынясі да нас таблетку — атрымай вітамінку”. Цяпер сабраныя пратэрмінаваныя лекавыя прэпараты (а іх ужо больш за 5 кг) сартуюцца, частка з іх — антыбіётыкі — будзе перададзена ў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, у даследчую лабараторыю біятэхналагічнага факультэта.

Праект працягнуўся і на занятках школьнага аб’яднання па інтарэсах “Юны аніматар”. Дзеці пад кіраўніцтвам Наталлі Паўлавай і на аснове вынікаў даследавання старшых школьнікаў стварылі мультфільм. У далейшым ён неаднаразова быў выкарыстаны як адукацыйны матэрыял для правядзення мерапрыемстваў экалагічнай накіраванасці не толькі ў школе, але і ў дзіцячых садках, на семінарах і круглых сталах.

Работа пінчукоў працягваецца: у планах — дагавор з ЖКГ Пінска на далейшую ўстаноўку кантэйнераў у горадзе і ўтылізацыю сабраных лекавых прэпаратаў.

На праблеме сарціроўкі і перапрацоўкі смецця ў сваім мікрараёне Кісялевічы засяродзіліся навучэнцы Ганны Ханеўскай, настаўніцы геаграфіі сярэдняй школы № 1 Бабруйска. Тэму клопату пра чысціню роднага краю1 закранула і Наталля Шрамко, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Салігорска, якая расказала пра вопыт фарміравання экалагічнага адукацыйнага асяроддзя ў сваёй установе.

Агульная справа аб’ядноўвае

Ірына Валынец, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Слоніма, лічыць самым эфектыўным сродкам экалагічнага выхавання міжнародныя тэлекамунікацыйныя праекты, дзе навучэнцы з розных краін свету спрабуюць разам знайсці шляхі вырашэння глабальных экалагічных праблем. Адзін з такіх рэсурсаў — міжнародная адукацыйная і рэсурсная сетка iEARN. Навучэнцы і настаўнікі гімназіі з 2001 года — актыўныя ўдзельнікі гэтай суполкі, у якой 50 тысяч настаўнікаў і 2 мільёны навучэнцаў са 140 краін свету аб’яднаны ў глабальную інтэрнэт-сям’ю з дапамогай праектаў. Штогод навучэнцы гімназіі прымаюць удзел у больш як 15 праектах на міжнародным і нацыянальным узроўнях: “Пасадзі дрэва”, “Сусветны дзень даследавання вады”, “Марш жаб”, “Адзін дзень зямлі”, “Разам з птушкамі”, “Вучэбныя кругі”, “Краса жывёл” і інш. Гімназісты ініцыіруюць і свае праекты. Адзін з іх — “Лясная энцыклапедыя “Цуды лесу” — дазволіў азнаёміцца з тыпамі лясоў, якія растуць на тэрыторыях Беларусі, ЗША, Канады і Расіі, і даведацца пра разнастайнасць іх флоры і фаўны.

Адзін з самых цікавых праектаў — ENO programme (экалогія ў рэальным часе) ініцыіраваны педагогам з Фінляндыі. Гэта глабальная віртуальная школа і сетка па ўстойлівым развіцці, якая аб’яднала 10 тысяч школ са 115 краін свету (з іх 100 устаноў — беларускія, уключаючы школы, дзіцячыя садкі, экалагічныя цэнтры і УВА). У межах праекта школы Фінляндыі супрацоўнічаюць са школамі свету ў сферы ўстойлівага развіцця і глабальнай адукацыі. Ад зін з кірункаў гэтага праекта — Міжнародная алімпіяда па пасадцы дрэў, у якой 9 з 10 прызавых месцаў атрымалі школьнікі з Беларусі.

Настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 108 Мінска Ірына Багіно падзялілася сваім вопытам у арганізацыі праектна-даследчай дзейнасці ў галіне экалагічнага краязнаўства: “Неабходнасць заняцца пытаннямі экалагічнага краязнаўства абумоўлена тым, што экалагічныя веды ў школе даюцца несістэмна. Не прасочваюцца міжпрадметныя сувязі, большасць навучэнцаў не ведае асноўных крыніц пагаршэння экалагічнай сітуацыі ў сваім рэгіёне, школьнікі не ўмеюць ацэньваць стан навакольнага асяроддзя, заўважаючы толькі асобныя факты негатыўнага антрапагеннага ўздзеяння на мясцовыя экасістэмы, не могуць ахарактарызаваць свой удзел у захаванні і паляпшэнні навакольнага асяроддзя. Мясцовы матэрыял павінен пранізваць адукацыйны працэс, асабліва на ўроках біялогіі, геаграфіі, хіміі, бо эпізадычныя звароты да асобных форм экалагічнай работы, як паказвае вопыт, не дае заўважнага выніку. Таму неабходны стрыжань, які дазволіць навучэнцам уключыцца ў розныя віды дзейнасці ў сувязі з праблемамі навакольнага асяроддзя”, — зазначыла Ірына Рыгораўна.

У яе школе такім стрыжнем стаў даследчы праект па вывучэнні лакальнай біясферы “Ацэнка экалагічнага стану навакольнага асяроддзя тэрыторыі Партызанскага раёна Мінска” (аднаго з самай нядобранадзейнай экалагічнай сітуацыяй, абумоўленай высокім узроўнем забруджвання паветра і глебы). Работа ў гэтым кірунку ўключыла правядзенне маніторынгу навакольнага асяроддзя раёна, выяўленне ўмоў, змяненне якіх паспрыяла б паляпшэнню сітуацыі, вывучэнне відавой разнастайнасці ў экасістэмах ва ўмовах гарадскога асяроддзя, прыцягненне ўвагі да экалагічных праблем у Партызанскім раёне Мінска праз работу вэб-сайта “Экалагічныя навіны+”, выкарыстанне матэрыялаў даследчай дзейнасці для экалагічнага асветніцтва на вучэбных занятках, пазакласных і пазашкольных мерапрыемствах. Для больш эфектыўнай работы было наладжана супрацоўніцтва з заалагічным факультэтам БДУ, кафедрай хіміі БДПУ імя Максіма Танка, а таксама з МДЭІ імя А.Д.Сахарава БДУ — вучоныя, выкладчыкі УВА кансультавалі старшакласнікаў і прадастаўлялі ім магчымасць праводзіць аналізы на базе сваіх лабараторый.

Дзіцячыя рашэнні

Пра кліматычныя змены паразважалі і самі навучэнцы падчас круглага стала “Парніковы эфект: карысць ці шкода”.Так, Вольга Хмара, навучэнка сярэдняй школы № 18 Гродна, прасачыла ўплыў парніковага эфекту на сельскую гаспадарку Беларусі. Вікторыя Нічай, навучэнка Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму, ацаніла магчымасці другаснага забалочвання і зніжэння выкідаў парніковых газаў на мадэльным участку. Свае рэкамендацыі, як Беларусі адаптавацца да змянення клімату, дала Настасся Аляксандрава з гімназіі № 6 Мінска.

Яна Барсукова, васьмікласніца з сярэдняй школы № 11 Мінска, у сваім даследаванні высветліла, якую ваду п’юць мінчане. Яе высновай стала тое, што наяўнасць нітратаў у пітной вадзе па арганалептычных паказчыках выявіць нельга: утрыманне нітратаў ніякім чынам не адбілася ні на смакавых якасцях вады, ні на яе празрыстасці і колеры.

Самым эмацыянальным і заклапочаным тэмай быў самы малодшы ўдзельнік круглага стала Назар Снапко, навучэнец 4 класа сярэдняй школы № 152 Мінска. Яго сям’я будуе дом пад Мінскам, у пасёлку Калодзішчы. Хлопчыка і яго бацькоў найбольш прыцягвала перспектыва атрымліваць асалоду ад мясцовага лесу, але там збіраюцца будаваць сажалкі-выпаральнікі з дрэніруючым эфектам. Назар правёў вялізную работу, каб высветліць, што гэта за збудаванні і як іх будаўніцтва паўплывае на біяцэноз.

“Гэтыя збудаванні будуць сумяшчаць 2 метады ачысткі: вада будзе выпарацца і ўпітвацца ў глебу адначасова, таму ўсе шкодныя рэчывы будуць трапляць у грунтавыя воды, — абураецца хлопчык. — За 150 гадоў лес каля Калодзішчаў і так амаль знішчаны, ад яго засталіся невялікія лясочкі. А цяпер з-за гэтых збудаванняў мы зможам страціць і рэшткі, што прывядзе да гібелі многіх раслін і жывёл, паўплывае і на экалагічны стан Мінска”. Цяпер у Калодзішчах рыхтуюць пісьмо Прэзідэнту Беларусі А.Р.Лукашэнку з просьбай спыніць высяканне і захаваць лес. Да звароту далучыліся больш за 3000 жыхароў пасёлка, пакінуўшы пад ім свае подпісы.

Падагульняючы работу семінара, яго арганізатар Наталля Рыбянец, адзначыла, што зацікаўленасць навучэнцаў і іх педагогаў экалагічнымі праблемамі і маштаб іх намаганняў у вырашэнні гэтых праблем сталі для яе прыемным адкрыццём, бо, як зазначыла яна, ніякаму ўраду ні грошай, ні сіл не хопіць, каб падтрымліваць наша прыроднае багацце ў належным стане, калі ў гэтым не будуць зацікаўлены самі людзі.

“У нас насельніцтва не такое шматлікае ў параўнанні з некаторымі еўрапейскімі краінамі, а тэрыторыя, наадварот, большая, чым многія з іх. І цудоўна, што людзі захоплены прыродаахоўнай дзейнасцю пачынаючы ўжо з юнага ўзросту, як Назар Снапко, як школьнікі, якія заваёўваюць мноства ўзнагарод на экалагічных конкурсах, — зазначыла Наталля Максімаўна. — Немалаважную ролю ў гэтым адыгрывае веернасць экалагічнай адукацыі. Ні адзін настаўнік не зможа захапіць столькі дзяцей, колькі захопяць яны самі. Калі ў класе, дома, у двары яны расказваюць пра свае намаганні нешта зрабіць так, як нам, то нядзіўна, што яны знаходзяць аднадумцаў, каманду валанцёраў. А ўжо гэта стварае для ЮНЕСКА новае поле для супрацоўніцтва”.

Святлана НІКІФАРАВА.