Настаўніца нямецкай мовы з Роўкавіцкай сярэдняй школы Чачэрскага раёна Ірына Рудабелец сумесна з калегай з Брэста Аленай Грынчык выдалі планы-канспекты ўрокаў для 8 класа на ІІ паўгоддзе, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— У мазырскім выдавецтве “Выснова” надрукавана 10 тысяч экзэмпляраў, — расказвае Ірына Аляксандраўна. — Частку тыражу ўжо раскупілі. Калегі дзякуюць і запэўніваюць, што мы моцна палегчылі ім працу.
Кніга ў руках Ірыны Рудабелец — гэта больш за 50 падрабязных планаў-канспектаў урокаў. Мару сабраць іх разам і сістэматызаваць педагог выношвала вельмі даўно. Ідэя ўвасобілася пасля таго, як адбылося віртуальнае знаёмства з брэсцкай калегай. Дасведчаная настаўніца нямецкай мовы з сярэдняй школы № 16 Брэста Алена Грынчык на той момант ужо напісала і выдала планы-канспекты для 8 класа на І паўгоддзе.
— Трэба было выдаць такія ж на ІІ паўгоддзе, і яна мне прапанавала зрабіць гэта разам. Асабіста мы не знаёмыя. Спісаліся і мелі зносіны праз месенджары. Вось так віртуальна пісалі кнігу, карэкціравалі і рэдагавалі тэксты, — прыгадвае Ірына Аляксандраўна.
У дапаможніку ёсць усё для правядзення ўрока нямецкай мовы ў 8 класе. Матэрыялы прыведзены ў адзіную сістэму. Падрабязна і дакладна вызначаны мэта, структура, этапы ўрока. Зроблена адзінае стылявое афармленне. Дапаможнік суправаджаецца 100 дадаткамі — гэта разнастайныя матэрыялы для арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці школьнікаў на ўроку. Напрыклад, гульні, карткі-заданні, воблакі слоў, парныя заданні, тэксты з пропускамі, дыялогі. Ёсць заданні на разуменне тэксту, рэбусы, флэш-карткі. Усё для таго, каб дзецям было цікава вучыцца. Дарэчы, для педагогаў не складзе цяжкасцей раздрукаваць раздатачны матэрыял.
Акрамя таго, Ірына Рудабелец вядзе свой прафесійны блог: http://de-stunde.blogspot.com/?m=1.
І ў Instagram у яе ёсць старонка @deutsch_by_schule.
Педагог вучыць дзяцей нямецкай мове ў Роўкавіцкай сярэдняй школе Чачэрскага раёна ўжо 19 гадоў. Штодзень разам з мужам Васілём — настаўнікам беларускай мовы — яны з Гомеля ездзяць у вясковую школу на работу. На машыне дарога займае 50 мінут.
— У Мінску некаторыя больш часу на дарогу затрачваюць, — усміхаецца Ірына. — Умовы для работы ў Роўкавічах цалкам задавальняюць, таму іншых варыянтаў не шукаем. Школа ўтульная, нядаўна адрамантавана, кіраўніцтва клапатлівае, у кожнага ёсць свой клас з патрэбнай тэхнікай, усе матэрыялы і напрацоўкі пад рукой, дастойная зарплата, дружны і згуртаваны калектыў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара